Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За 20 гадоў я ня чуў столькі жорсткіх выказваньняў на адрас улады ад звычайных людзей»


Леанід Судаленка
Леанід Судаленка

Чаму самыя масавыя выступы супраць Дэкрэту нумар 3 адбыліся менавіта ў Гомлі? У якія формы пратэсту можа выліцца незадаволенасьць людзей? Як самі чыноўнікі ставяцца да «дармаедзкага дэкрэту»? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Інтэрвію тыдня» адказвае прававы інспэктар прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасьці па Гомельскай вобласьці Леанід Судаленка. Зь ім гутарыў Віталь Цыганкоў.

— Калі людзі абмяркоўваюць, чаму найбольш актыўны пратэст супраць дармаедзкага дэкрэту адбыўся ў Гомлі, — то, сярод іншага, спасылаюцца на тое, што там вельмі актыўна з грамадзянамі працаваў прафсаюз РЭП. Як і чым вы дапамагалі тым людзям, якія падпалі пад дзеяньне гэтага дэкрэту, як зь імі працавалі?

— Наш прафсаюз на пачатку году пачаў акцыю ў падтрымку людзей, якія трапілі пад дэкрэт. Мы арганізавалі ў офісе збор подпісаў у адмену гэтага дэкрэту. А таксама я як прававы інспэктар прафсаюзу займаўся юрыдычным кансультаваньнем і складаньнем адпаведных скаргаў у падатковыя інспэкцыі.

У наш офіс за паўтара месяца прыйшло каля 5 тысяч чалавек. Акрамя таго, мы зьбіралі подпісы супраць дэкрэту на сайце зваротаў — каля 25 тысяч — і сабралі каля 200 індывідуальных скаргаў у падатковыя інспэкцыі.

— Людзі, якія да вас прыходзяць, маюць вельмі вузкую задачу — пазбавіцца ад выплаты гэтага падатку? Ці яны гатовыя ў шырэйшым сэнсе выказваць сваю незадаволенасьць сацыяльнай палітыкай?

— На агульным фоне эканамічнай сытуацыі ў краіне, калі людзі губляюць працу, зь імі не працягваюць працоўныя кантракты, упалі заробкі — дэкрэт стаў апошняй кропляй. Калі казаць пра матывацыю — дэкрэт патрабуе дастаць з кішэні грошы і аддаць. Розныя людзі прыходзілі да нас. Былі тыя, хто ўступаў у прафсаюз, іншыя проста хацелі пазьбегнуць падатку, і нічога іх больш не цікавіць. Але я скажу, што нават седзячы 20 гадоў у апазыцыйным асяродзьдзі, я ня чуў столькі жорсткіх выказваньняў на адрас улады ад звычайных людзей. Людзі кажуць, што гэта апошняя кропля.

— А чаму менавіта Гомель прагучаў сваёй масавасьцю на акцыі пратэсту? Можа, у вас нейкая асабліва цяжкая эканамічная сытуацыя?

— Я б не казаў, што ў Гомлі надта складаная сытуацыя ў адрозьненьне ад усёй краіны. Той факт, што ў нас выйшла больш людзей — я тлумачу гэта непасрэднай працай і нашага прафсаюзу, і іншых дэмакратычных арганізацыяў. Мы былі вельмі актыўныя ў сацыяльных сетках. Увогуле гэта вынік калектыўнай працы.

— А наколькі тут важны той аспэкт, што раней многія жыхары вашага рэгіёну езьдзілі на працу ў Расею? Розьніца ў заробках там і ў Беларусі была ў некалькі разоў. Цяпер, калі і ў Расеі крызіс, шмат хто павяртаўся дадому — а тут працы няма.

— Я пацьвярджаю вашы словы, доказ — паўтара месяца маёй працы зь людзьмі. У нас чэргі стаялі, і значная частка акурат былі тыя людзі, пра якіх вы кажаце. Яны раней добра зараблялі ў Расеі, дастаткова, каб утрымліваць тут сямʼю. Але цяпер там заробак 400–500 даляраў ужо лічыцца адносна добрым. І цяпер гэтыя людзі сядзяць тут, у Беларусі, перабіваюцца выпадковымі заробкамі. І яны хочуць, каб дзяржава іх не перасьледавала за тое, што яны часова не працуюць.

— Ці маюць гэтыя людзі нейкія пэўныя палітычныя ці грамадзкія перакананьні?

— Я з кожным з гэтых людзей праводзіў індывідуальную гутарку, высьвятляў асабістую гісторыю кожнага. Вядома, я не скажу, што ўсе гэтыя людзі заўтра гатовыя далучыцца да дэмакратычных арганізацыяў ці прафсаюзаў. Але багата хто зь іх выказвалі сваю згоду працаваць валянтэрамі, дапамагаць нашаму прафсаюзу.

Напрыклад, просты хлопец. 22 гады, аўтамабільны мэханік. У траўні 2015-га ён прыйшоў з войска, адслужыў тэрміновую, і яго адразу залічылі ў «дармаеды». Сёньня ён ужо мае працу, але павінен заплаціць па дэкрэту. І ён сказаў мне, што «няма грошай вам дапамагчы, але я магу даць пачак паперы для вашай друкаркі, і я вам яе ахвярую, дзякуй, што вы ёсьць». Такія словы простага чалавека вельмі дапамагаюць працаваць.

— Шмат крытыкі дасталася лідэрам апазыцыйных партыяў, што яны недаацанілі маштабы акцыі ў Менску 16 лютага і не далучыліся да яе. Як з гэтым было ў Гомлі?

Мне дзіўна глядзець, калі адны лідэры заклікаюць, вобразна кажучы, прыйсьці ў панядзелак, а іншыя — у аўторак

— У Гомлі, у адрозьненьне ад Менску, усе дэмакратычныя арганізацыі абʼяднаныя і гуляюць на адным полі. Мне дзіўна глядзець, калі адны лідэры заклікаюць, вобразна кажучы, прыйсьці ў панядзелак, а іншыя — у аўторак. Трэба ж абʼяднацца дзеля адзінай мэты — адмены дэкрэту. Але лідэраў часам больш хвалююць іхнія палітычныя амбіцыі. У Гомлі нам удалося абʼяднацца вакол барацьбы з дэкрэтам — ніхто не цягнуў на сябе коўдру.

— Зусім нядаўна ў Гомлі паводле рашэньня суду «дармаеда» Аляксандра Сямёнава вызвалілі ад выплаты падатку. Наколькі важны гэты прэцэдэнт і пра што ён сьведчыць?

— Мы хацелі, каб суд прызнаў неканстытуцыйным гэты дэкрэт прэзыдэнта. І каб прызнаў Сямёнава чалавекам, які прымаў удзел у фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў. Суд прыступіў да разгляду справы, але ўлада ачулася, і вынік мы ведаем — гэтая справа і ўсе астатнія «дармаедзкія» справы ня будуць падведамныя судам.

Улада зрабіла пэўны крок наперад, працаўладкаваўшы таго ж Сямёнава і вызваліўшы яго ад падатку. Але за нашымі сьпінамі стаяць яшчэ 420 тысяч «дармаедаў», якія вырашылі не плаціць падатак. Хіба ўлада здолее іх усіх працаўладкаваць і вызваліць ад падатку?

Сплацілі падатак толькі 50 тысяч. Як усіх астатніх прыцягваць да адміністратыўнай адказнасьці? Як з усіх спагнаць грошы? Калі дэкрэт не адменяць, то восеньню ўлада зноў будзе рассылаць «лісты шчасьця». То бок сацыяльны пратэст будзе заставацца, і ўлада пра гэта ведае.

— А што кажа ваш досьвед кантактаў з прадстаўнікамі гомельскай улады? Як яны ставяцца да дэкрэту?

— Першая ластаўка ўжо сёньня прыляцела. Толькі што патэлефанаваў участковы і запрасіў да сябе на складаньне пратаколу за ўдзел у несанкцыянаваным масавым сходзе. Там ад 20 да 50 базавых адзінак штрафу або арышт да 15 сутак. Ужо шэсьць чалавек пацьвердзілі з тых, хто быў у першых шэрагах, што іх запрасілі ў міліцыю. То бок улада пайшла ў наступ, хоць да гэтага часу маўчала.

Вядома, чыноўнікі ў прыватных размовах кажуць, што на іх зваліўся такі кавалак працы ў сувязі з дэкрэтам і гэта не вытрымлівае ніякай крытыкі. Падаткоўцы кажуць, што іх і так мала хто паважаў — а цяпер увогуле людзям сорамна ў вочы глядзець. Вышэйстаячыя чыноўнікі, можа, унутры і не падтрымліваюць Дэкрэт, але публічна кажуць, што ён патрэбны дзеля сацыяльнай справядлівасьці.

Мэр Гомля нядаўна казаў, што ёсьць магчымасьць чалавеку прыйсьці да ўладаў, пакланіцца ім у ногі, і тады яго вызваляць ад падатку ў сувязі зь «цяжкай жыцьцёвай сытуацыяй». І сказаў, што ад падатку вызваляюць кожнага другога — але я дакладна ведаю, што гэта ня так.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG