Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Гомлі спыніў разгляд пазову «дармаеда» Аляксандра Сямёнава


21 лютага суд Цэнтральнага раёну Гомеля спыніў разгляд пазову «дармаеда» Аляксандра Сямёнава да падатковай інспэкцыі. Падстава — у сувязі зь непадведамнасьцю. Аляксандар Сямёнаў патрабаваў прызнаць неправамерным патрабаваньне дзяржавы аб сплаце «падатку на дармаедзтва».

Пазоў да раённай падатковай інспэкцыі беспрацоўны гамяльчук Аляксандар Сямёнаў выставіў у адказ на атрыманы ім так званы «ліст шчасьця» — паведамленьне, што на падставе дэкрэту № 3 ён мусіць сплаціць збор на фінансаваньне дзяржвыдаткаў у суме 360 рублёў.

Паседжаньне суду праходзіла пад пэрыядычнае скандаваньне дзясяткаў гараджанаў, якія не ўмясьціліся ў невялікую залю і засталіся на вуліцы. Яны крычалі: «Не — дэкрэту № 3, Лукашэнка — сыходзь!».

Аляксандар Сямёнаў папрасіў дадаць да матэрыялаў справы рашэньне Гомельскага гарвыканкаму аб вызваленьні яго ад сплаты «дармаедзкага» падатку. Такое рашэньне ўлады прынялі напярэдадні, прызнаўшы нарэшце, што ў яго цяжкая жыцьцёвая сытуацыя.

Журналістам Сямёнаў сказаў, што ў цэнтры занятасьці яму таксама прапанавалі працу вартаўніком у будаўнічай арганізацыі.

Загадчыца юрыдычнага сэктару падатковай інспэкцыі Цэнтральнага раёну Натальля Яркова настойвала ў судзе, што паведамленьне пра сплату збору было абгрунтаванае:

«Няхай пазоўца і яго прадстаўнік назавуць, — сказала Яркова, — якія артыкулы законаў падатковая інспэкцыя парушыла, дасылаючы Сямёнаву паведамленьне аб неабходнасьці выплаты збору на фінансаваньне дзяржаўных расходаў».

Прадстаўнік Сямёнава ў судзе Леанід Судаленка патлумачыў, паводле якіх крытэрыяў дэкрэт № 3 супярэчыць Канстытуцыі: тут і прымусовая праца, і выбарачнае вызначэньне віду падаткаў, і супярэчнасьці ў самім дэкрэце.

Паколькі канфлікт Аляксандра Сямёнава з падатковай інспэкцыяй вычарпаны рашэньнем Гомельскага гарвыканкаму, які вызваліў яго ад «дармаедзкага» збору, судзьдзя й спыніў справу.

«Сэнсацыі не адбылося, — сказаў па завяршэньні судовага паседжаньня юрыст Судаленка. — Рашэньне было чаканае. Лічу, што прымалася яно на больш высокім узроўні. Але яно не вырашае пытаньняў чатырохсот зь лішнім тысяч чалавек, якія атрымалі такія ж паведамленьні, як і Сямёнаў. Дый Аляксандра Сямёнава вызвалілі ад падатку на „дармаедзтва“ толькі за 2015 год. Трэба ўсім разам дамагацца адмены гэтага антыканстытуцыйнага дэкрэту».

XS
SM
MD
LG