Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напярэдадні суду беспрацоўнага Аляксандра Сямёнава вызвалілі ад «дармаедзкага» збору


Аляксандар Сямёнаў

Гомельскі гарвыканкам вызваліў ад сплаты збору на фінансаваньне дзяржаўных выдаткаў беспрацоўнага гамельчука Аляксандара Сямёнава. Сямёнаў аспрэчвае ў судзе патрабаваньне падатковай інспэкцыі Цэнтральнага раёну на выплату такога збору.

«Сёньня па абедзе мяне выклікалі ў гарвыканкам, — кажа Аляксандар Сьцяпанавіч, — дзе і ўручылі рашэньне гарвыканкаму ад 17 лютага на вызваленьне ад „дармаедзкага“ падатку. Пры гэтым было заяўлена, што ўлічана тое, што ў карыстаньні маёй сям’і ёсьць 0,3 гектара зямлі. Праўда, у выпісцы гэты факт ня згадваецца».

52-гадовы Аляксандар Сямёнаў мае дзьве вышэйшыя адукацыі і дваццаць восем гадоў працоўнага стажу. Раней ён працаваў інжынэрам-электрыкам на заводзе, займаў розныя пасады ў «Гомельхлебпраме» і «Аблгандальсаюзе». Пасьля гэтага некаторы час працаваў з братам у Расеі, пакуль іхні бізнэс не абвалілі тамтэйшыя дзялкі.

З 2013 году Сямёнаў займаўся на лецішчы гародам, бо на працу яго ня бралі — найперш дзеля ўзросту.

Паведамленьне падатковай інспэкцыі Цэнтральнага раёну на выплату «дармаедзкага» збору Аляксандар Сьцяпанавіч пісьмова аспрэчваў у гэтай жа раённай, а пасьля і абласной інспэкцыі, але безвынікова. Зварот у камісію гарвыканкаму таксама напачатку нічога ня даў.

З дапамогай гомельскіх праваабаронцаў Сямёнаў падрыхтаваў пазоў у суд на прызнаньне патрабаваньня падатковай інспэкцыі незаконным.

21 лютага мае адбыцца выніковае паседжаньне суду.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG