Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У некаторых камэнтарах у сацыяльных сетках гучыць такі тэзіс: маўляў, чаго такі ажыятаж паднялі з нагоды вулічных акцыяў, усяго толькі 2-3 тысячы выйшлі.

Так, сапраўды, няшмат. Але, тым ня менш, гэтая падзея знакавая з розных прычын.

Найперш таму, што тры гады беларусаў палохалі «крывавым Майданам». Здавалася б, цалкам пасьпяхова. Ад пачатку 2014 году падзеі ва Ўкраіне былі галоўным чыньнікам, які працаваў у беларускай палітыцы на карысьць улады. Грамадзтва заставалася ў летаргічным сьне, зь якога яго ня мог вывесьці нават востры эканамічны крызіс. Апазыцыя асьцерагалася клікаць людзей на Плошчу. І вось акцыі 17 і 19 лютага — прыкметы таго, што Беларусь пазбаўляецца «сындрому Майдану», то бок страху перад забурэньнямі і дэстабілізацыяй.

Па-другое, менавіта цяпер як ніколі раней відавочна, што людзі, якія выйшлі на вуліцу, — гэта толькі вяршыня айсбэрга. Незадаволенасьць у грамадзтве дэкрэтам № 3 — масавая. Пра гэта сьведчыць шмат прыкметаў. За адмену скандальнага дэкрэту падпісалася за месяц больш за 80 тысяч чалавек. З 470 тысяч чалавек, якім накіравана паведамленьне з патрабаваньнем выплаціць збор, зрабілі гэта толькі 10%.

Уся гісторыя «дэкрэту аб дармаедах» — гэта дакладнае адлюстраваньне ўсіх хібаў беларускай сацыяльнай мадэлі.

Ужо 20 гадоў, як у Беларусі была разбураная зваротная сувязь паміж уладай і грамадзтвам. У дэмакратычных краінах гэтую функцыю выконваюць парлямэнт, мясцовае самакіраваньне, прафсаюзы, сыстэмная апазыцыя, мэдыі. У Беларусі нічога гэтага няма, дакладней, усё гэта не працуе. У выніку ўлада ня чуе народ, не адчувае ягоных настрояў. Але дагэтуль сытуацыю ратавала вострае палітычнае чуцьцё Лукашэнкі. Ён проста адчуваў сваё электаральнае поле, яго калектыўнае бесьсьвядомае без усялякай сацыялёгіі.

Лукашэнка адарваўся ад зямлі, страціў здольнасьць сувымяраць свае дзеяньні з рэальнасьцю

Але цяпер, падобна, усё памянялася. Два дзясяткі гадоў аўтарытарнага рэжыму і неабмежаванай улады зрабілі сваю згубную справу. Ён адарваўся ад зямлі, страціў здольнасьць сувымяраць свае дзеяньні з рэальнасьцю.

Пра тое, наколькі Аляксандар Лукашэнка не адчувае народ, не разумее, што адбываецца, сьведчыць яго прэс-канфэрэнцыя 3 лютага. Адказваючы на пытаньне наконт праблемы дармаедаў, ён заявіў: «Мы правялі дасканалае дасьледаваньне, якая частка насельніцтва абурылася гэтым дакумэнтам. Як я і чакаў, гэта невялікая частка, некалькі тысяч чалавек».

Гэты дэкрэт паказаў, што яшчэ ніколі раней не было такога разрыву паміж уладай і грамадзтвам. Ён таксама стаў вельмі наглядным індыкатарам няздольнасьці існага рэжыму хутка рэагаваць на новыя выклікі.

Дэкрэт № 3 грунтаваўся на ідэі справядлівасьці. Маўляў, чаму людзі, якія працуюць, павінны плаціць за тых, хто не працуе? І напачатку, як сьведчаць дасьледаваньні НІСЭПД, саму ідэю большасьць падтрымала.

Аднак з моманту падрыхтоўкі да прыняцьця гэтага дакумэнту ў краіне зьмяніліся эканамічныя цыклі. У 2010-я гады ў Беларусі быў рэальны дэфіцыт працоўных рук. Лукашэнку нават давялося прымаць дэкрэт аб «запрыгоньваньні» работнікаў дрэваапрацоўчай галіны. А на момант прыняцьця дакумэнту (2 красавіка 2015 году) краіна ўступіла ў пэрыяд крызісу. Дэкрэт у значнай ступені быў разьлічаны на тое, каб прымусіць плаціць збор у бюджэт тых грамадзян, якія занятыя ў «ценявой эканоміцы». А ў рэальнасьці ён ударыў па людзях, якія страцілі працу ў выніку крызісу. На гэтым фоне ўлады, здавалася б, павінны былі паводзіць сябе вельмі абачліва. Але яны проста не заўважылі зьмены трэндаў. Што ня дзіва. Зваротнай жа сувязі няма.

У выніку, паводле афіцыйнай статыстыкі, у 2016 г. колькасьць звольненых перавысіла колькасьць прынятых на працу на 108 тысяч чалавек. То бок кожны месяц у краіне страчвае працу каля 9 тысяч працоўных. Гэта ня лічачы тых, хто працуе 2–3 разы на тыдзень, увесь час бярэ вымушаныя адпачынкі. Цяпер абвешчана пра маштабную «аптымізацыю» ў дзяржапараце і бюджэтных арганізацыях. Нават у міліцыі будуць скарачэньні.

І вось улада, замест таго, каб дапамагчы людзям, якія засталіся бяз працы, трапілі ў бяду — напрыклад, падвысіць дапамогу па беспрацоўі, — пачала караць іх штрафамі. Гэты зьдзек са здаровага сэнсу закрануў у першую чаргу сацыяльныя нізы правінцыі — галоўную сацыяльную апору Аляксандра Лукашэнкі.

Абсурднасьць дзеяньняў уладаў відаць нават па тых сюжэтах, якія паказалі дзяржаўныя тэлеканалы. Вось у рэпартажы зь Іўя жанчына кажа ў тэлекамэру: чым я вінаватая, што ў нашым горадзе няма працы? Цэлая група людзей, якая выжывае з апошніх сілаў з свайго гароду, прысядзібнага ўчастку, выказвае абурэньне: мы ледзь зводзім канцы з канцамі, за што нас штрафаваць?

Кампаніяй барацьбы з дармаедзтвам незадаволеныя і працоўныя людзі, бо выдатна разумеюць, што самі ў кожны момант могуць апынуцца ў статусе дармаедаў.

Гэтыя дзеяньні ўладаў выклікалі ў грамадзтве адчуваньне дзікай несправядлівасьці. Адбылася ня проста дыскрэдытацыя ўлады. Улада хутка страчвае статус маральнага аўтарытэту. Адначасова адбываецца палітызацыя грамадзтва, чаго ўлады спрабавалі пазьбегнуць нават падчас выбарчых кампаніяў.

Афіцыйныя асобы і дзяржаўныя мэдыі, адчуваючы гэты момант, спрабуюць мікшаваць праблему такім тэзісам: маўляў, дык жа ўлады гатовыя вызваліць ад гэтага падатку тых людзей, якія трапілі ў «цяжкую жыцьцёвую сытуацыю». Яны нават не разумеюць, што гэтая прыніжальная працэдура абражае людзей. Іх прымусілі стаяць у вялізных чэргах, каб падаць чалабітную. Але, зь іншага боку, гэта дакладна адпавядае беларускай сацыяльнай мадэлі, у якой насельніцтва выступае ў ролі просьбітаў. Гэта тое разуменьне «дзяржавы для народу», якое прапануе ўлада.

Гэта ж як трэба прымудрыцца, каб адным махам выклікаць масавую незадаволенасьць народу, паставіць на вушы дзяржапарат і рэанімаваць апазыцыю!

Таксама ўпершыню ўвесь дзяржапарат апошнія месяцы быў мабілізаваны на рэалізацыю аднаго дакумэнту. Структуры Міністэрства па падатках і зборах фактычна паралізаваныя, усе занятыя выкананьнем дэкрэту. Мясцовыя выканкамы ліхаманкава ствараюць камісіі, якія паўнамоцныя вызваляць ад выплаты збору тых, хто трапіў у «цяжкую жыцьцёвую сытуацыю». Калі тое бачылі — нават кіраўніцтва Адміністрацыі прэзыдэнта разьехалася па краіне тлумачыць народу сэнс дэкрэту. Дык што гэта за заканадаўчы акт, які прымушае дзяржапарат кінуць усе іншыя справы і працаваць зь перанапружаньнем? Гэта ж як трэба прымудрыцца, каб адным махам выклікаць масавую незадаволенасьць народу, паставіць на вушы дзяржапарат і рэанімаваць апазыцыю!

Якія вынікі? Дэкрэт не працуе. Як улады зьбіраюцца сабраць грошы з 90% «дармаедаў», незразумела. Палітычнае кіраўніцтва загнала сябе ў пастку, апынулася ў сытуацыі, калі любое рашэньне дрэннае.

Самым разумным выхадам з тупіковай сытуацыі была б адмена гэтага злашчаснага дэкрэту. Але тут ужо ўзьнікае праблема ня толькі палітычная, а больш нават псыхалягічная. Адмена рэзананснага дэкрэту стала б для Лукашэнкі прызнаньнем сваёй уласнай памылкі. Тут ужо ня зваліш усё на чыноўнікаў, якія, як звычайна, нешта «нахамуталі». Бо ўсе памятаюць, хто быў ініцыятарам і галоўным публічным абаронцам гэтай ідэі. Акрамя таго, адмена дэкрэту пад ціскам акцыяў пратэсту, якія арганізавала апазыцыя, стала б прызнаньнем уласнай палітычнай паразы і перамогі апанэнтаў.

У пэўным сэнсе цяпер Лукашэнка стаў перад дылемай, перад якой ён апынуўся вечарам 19 сьнежня 2010 году

А нічога не рабіць і глядзець, як людзі выходзяць на вуліцу, таксама небясьпечна. Пазбаўлены страху народ можа асьмялець — і паўторыцца гарбачоўская перабудова.

А калі пачаць рэпрэсіі, то гэта значыць паламаць той трэнд, які ўлады выбудоўвалі паўтара года. Гэта трэнд на асьцярожную ўнутрыпалітычную лібэралізацыю і нармалізацыю адносін з Захадам. У пэўным сэнсе цяпер Лукашэнка стаў перад дылемай, перад якой ён апынуўся вечарам 19 сьнежня 2010 году.

Цяпер сьвет адзначае 100-годзьдзе расейскай рэвалюцыі. Сусьветная гісторыя вучыць, што галоўная прычына любой рэвалюцыі — гэта неадэкватнасьць улады. Варта б гэта не забываць.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG