Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цар загадаў — халопы лоб разьбілі. Калі я пішу гэтыя радкі, ува многіх гарадах і мястэчках адбываецца працэс кантакту ўлады з народам. Адміністрацыя прэзыдэнта, выканкамы, адміністрацыі раёнаў праводзяць прыёмы «дармаедаў». Гомельскі гарвыканкам, адміністрацыі раёнаў арганізавалі «дадатковы графік прыёму грамадзян па тлумачэньні асноўных нормаў Дэкрэту № 3».

Але і гэтага мала, каб «з цэлым гародам гутарку весьці». Раптам хто працуе, і ня хоча ісьці ў гарвыканкам на прыём. «Тады мы ідзём да вас!», — запэўнілі ідэолягі, і рынуліся на прадпрыемствы і арганізацыі, праводзіць «Адзіны дзень інфармаваньня насельніцтва», які ў лютым праходзіць на тэму тлумачэньня дэкрэту аб «дармаедах».

Нават я магла б быць уключаная ў склад ІПГ, бо яшчэ ў далёкім 1983 годзе навучылася чытаць па паперцы.

Што ж будуць казаць тыя «Інфармацыйна-прапагандысцкія групы» (ІПГ) насельніцтву? Па паперцы, натуральна, а паперкі падрыхтаваныя і выкладзеныя вунь нават на іх сайтах. Нават я магла б быць уключаная ў склад ІПГ, бо яшчэ ў далёкім 1983 годзе навучылася чытаць па паперцы. Але мяне ня возьмуць. Шкада. Мазгі пудрыць я ўмею ня горш за іх.

17 лютага ІПГ завітала на адно буйное прадпрыемства Чыгуначнага раёну Гомелю, каб растлумачыць народу нормы дэкрэту № 3. З паперкай прыехалі, той, што на сайце выкладзена. Перад гэтым на прадпрыемства прыйшла паперка: забясьпечыць яўку народу. Ад такога цэху — 20 чалавек, ад другога — 15, ад трэцяга... таксама 15. Прадстаўнік адміністрацыі раёну, член ІПГ, зачытаў тую паперку пра дэкрэт, якую яму падрыхтавалі ідэолягі, а вусна заклікаў народ не хадзіць ні на якія плошчы, ня слухаць гарлапанаў, ня верыць апазыцыі, бо яна падмане, яна за амэрыканскія грошы працуе, са сваімі праблемамі ісьці да ўлады — і «ўлада працягне вам руку дапамогі».

Улада працягне руку дапамогі. Ад якой і працягнеш ногі.

«Мяне гэта моцна абурыла — пра апазыцыю, і што ўлада нібыта працягне руку дапамогі», — распавядаў мне адзін з прысутных на тым сходзе. А хто ж стварыў тую сытуацыю, калі «за маё жыта мяне ж і пабіта», калі чалавек павінен ісьці па інстанцыях, біць паклоны, зьбіраць даведкі, і даказваць, што ён не асёл? Улада працягне руку дапамогі. Ад якой і працягнеш ногі.

Гэта як бы драпежнага зьвера параніў паляўнічы, а той папоўз бы да свайго крыўдзіцеля з прабітай лапай: «Дапамажы, прашу!». Ці ісьці да рабаўніка і прасіць у яго прабачэньня, што так ён мала здолеў вынесьці з тваёй хаты: «На яшчэ і гэта, ты не заўважыў, там у вазе быў залаты пярсцёнак».

Арганізавалі «гарачыя лініі», «прамыя лініі», «выязныя лініі», прыёмы начальнікамі ўсіх рангаў. Я гляджу на графік прыёмаў — вочы разьбягаюцца. Хочаш — ідзі да галавы раёну, паплач там на жыцьцё, не падабаецца табе ён — да старшыні гарвыканкаму навастры лыжы, а хочаш рангам павышэй — 23 лютага прыедзе нехта аж з Адміністрацыі прэзыдэнта, ідзі яму «занясі свой боль».

Мэханізм той даўно іржавы, але калі моцна стукнуць кувалдай — то яшчэ можа і крутанецца.

Усе прыйшло ў рух, усе закруціліся і замітусіліся, усе пры справе: выканкамы, ідэолягі, ІПГ, якія праводзяць АДІН (Адзіныя дні інфармаваньня насельніцтва). Працаўнікі прадпрыемстваў пры справе — працы мала, цэх ужо падмялі пятнаццаць разоў, дык чаму і не паслухаць тых з адміністрацыі. Мэханізм той даўно іржавы, але калі моцна стукнуць кувалдай — то яшчэ можа і крутанецца, разоў колькі, пакуль ня трэсьне.

Ніхто не адседзіцца, ні ў каго ня будзе «мая хата з краю». Здавалася б — якая мэта мэдыцыны? Лячыць людзей, так? А як жа «рэалізацыя нормаў дэкрэту № 3»? Днямі мне трапіў у рукі цікавы дакумэнт. Міністэрства аховы здароўя разаслала паперку падпарадкаваным арганізацыям. Там гаворыцца, што 21 лістапада ў Міністэрстве па падатках і зборах прайшла нарада, «у час якой зацікаўленыя дзяржаўныя органы дамовіліся аб неабходнасьці зьняцьця сацыяльнай напружанасьці па пытаньнях рэалізацыі Дэкрэту № 3». Між іншым на нарадзе было вырашана не патрабаваць аплаціць збор на «дармаедзтва» у тых, хто не працаваў у 2015 годзе і перанёс «пэўныя захворваньні (траўмы)». Таксама гэта тычыцца жанчын, якія былі пад мэдычным наглядам па цяжарнасьці (родах, пэрыяду пасьля родаў).

Міністэрства аховы здароўя даручала сваім падначаленым структурам: 1) Пры звароце ў мэдычныя арганізацыі грамадзян, якія ня мелі працы ў 2015 годзе забясьпечыць ім выдачу выпіскі з мэдычных дакумэнтаў, якая ўтрымлівае рашэньне урачэбна-кансультацыйнай камісіі (УКК) аб наяўнасьці ў грамадзяніна прыкметаў часовай непрацаздольнасьці (пры вострых захворваньнях, абвастрэньні хранічных захворваньняў, назіраньні цяжарных жанчын).

Мэдычным установам даручана «пры паступленьні запытаў з падатковых органаў забясьпечыць прадстаўленьне інфармацыі аб наяўнасьці ў грамадзян, якія ня мелі працы ў 2015 годзе, прыкметаў часовай непрацаздольнасьці — пры наяўнасьці пісьмовай згоды грамадзян на прадстаўленьне такой інфармацыі».

Уявіце сытуацыю — да ўрачоў і так ня трапіць, а цяпер яны яшчэ будуць праводзіць адмысловыя УКК, на якіх будуць разьбіраць дыягназы канкрэтнага грамадзяніна.

Уявіце сытуацыю — да ўрачоў і так ня трапіць, а цяпер яны яшчэ будуць праводзіць адмысловыя УКК, на якіх будуць разьбіраць дыягназы канкрэтнага грамадзяніна і рабіць высновы — ці пры такім захворваньні меў грамадзянін «прыкметы часовай непрацаздольнасьці», ці ня меў. І гэтыя паперы прадстаўляць у падатковыя органы, якія павінны пісаць у паліклінікі і лякарні запыты на грамадзян — чым і як і калі яны хварэлі! Урачэбная таямніца? Не, ня чулі. «З мэтай захаваньня ўрачэбнай таямніцы дадзеная інфармацыя — толькі зь пісьмовай згоды грамадзяніна», — гаворыцца ў паперцы міністэрства.

У дадатку да паперкі зь Міністэрства аховы здароўя напісана, што наяўнасьць у грамадзяніна прыкметаў часовай непрацаздольнасьці ў дадзены пэрыяд (2015 год) можа вызначацца толькі УКК. Для прыняцьця рашэньня ў дачыненьні канкрэтнага грамадзяніна УКК аналізуе інфармацыю з яго мэдычнай карты, дыягназ, тэрміны і гэтак далей. Рашэньне УКК павінна ўтрымліваць інфармацыю аб наяўнасьці ці адсутнасьці ў грамадзяніна «прыкметаў часовай непрацаздольнасьці». Рашэньне УКК накіроўваецца ў падатковыя органы. «Для мэтаў рэалізацыі нормаў Дэкрэту ўказаньне дыягназаў не патрабуецца», — піша міністэрства. Вось толькі ва ўзоры афармленьня паперкі УКК якраз пазначаны і дыягназы, і дадатковыя захворваньні!

Так, я, грамадзянка Сідарэвіч, даю дазвол, каб паліклініка прадставіла ў падатковую інфармацыю пра тое, што ў мяне ў 2015 годзе былі глісты, вошы, гінекалягічныя захворваньні.

Так, я, грамадзянка Сідарэвіч, даю дазвол, каб паліклініка прадставіла ў падатковую інфармацыю пра тое, што ў мяне ў 2015 годзе былі глісты, вошы, гінекалягічныя захворваньні. Што мне, грамадзянцы Сідарэвіч, балела галава, сэрца, ныркі і вочы, з чым я і зьвярталася да ўрачоў. Яшчэ ў мяне, грамадзянкі Сідарэвіч, балела душа, і я зьвярталася на прыём да адмысловага спэцыяліста — псыхіятра. А УКК будзе вырашаць — усе гэтыя хваробы можна прызнаць «прыкметамі часовай непрацаздольнасьці» ці нельга, пра што і дасьць «заключэньне». Вось толькі якія ёсьць крытэры, пратаколы, нормы — якая хвароба можа пракаціць за «прыкмету часовай непрацаздольнасьці», а якая — не?

«Зьвяртаем увагу, што для мэтаў рэалізацыі Дэкрэту выдача заключэньня УКК дзейным заканадаўствам не прадугледжана», — цікавая фраза, якая зьвярнула і маю ўвагу. Я б дадала, што і дэкрэт не прадугледжаны дзейным заканадаўствам.

Мэта тут шырэйшая — дакалупацца да слупа, «з цэлым народам гутарку весьці», каб даведацца ўсё і пра ўсіх.

Здавалася — дзяржава працягнула свае агідныя шчупальцы ва ўсе сфэры нашага жыцьця. Ну хоць да цела нашага і яго частак не дацягнулася сваімі дэкрэтамі. Мы думалі, што ходзім у паліклінікі і лякарні, лечым свае косткі, вочы, ныркі, сэрцы, суставы, сасуды, адэному прастаты — і ўсё гэта «ціха-ліха». Але не. Ідзі на УКК і дакажы, што твае ўсе хваробы маюць «прыкметы часовай непрацаздольнасьці». Здаецца, што ня тая мэта ў дэкрэту, якая дэкляравана і прапісана, пра якую гаўкаюць на кожным рагу ідэолягі. Мэта тут шырэйшая — дакалупацца да слупа, «з цэлым народам гутарку весьці», каб даведацца ўсё і пра ўсіх. Можна толькі пажадаць удачы ўсім структурам улады і тым, хто ўдзельнічае ў гэтым працэсе.

«Мне знаёмая з падатковай распавядала, што ўжо і ня рада, што працуе там, мякка кажучы. Столькі нэгатыву пачула за гэтыя месяцы ад людзей, якія прыходзяць да яе абураныя і шпурляюць тыя паперы, і праклінаюць яе нават, і крычаць, і плачуць. Але ж яна не вінаватая», — распавядаў адзін знаёмы. Ніхто не вінаваты, а працэс ідзе.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG