Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іншая вайна: гастарбайтары, палонныя немцы, беларускія школы


Па завядзёнцы на ўрачыстасьцях, прымеркаваных да гадавіны Перамогі, не прынята казаць пра пакуты ад вайны мірнага насельніцтва. Патас непераможнасьці, стойкасьці духу ды важнасьці мірнага неба над галавой мусіць абавязкова панаваць над тым, што перажылі простыя людзі. Свае ўспаміны пра вайну і даваенныя гады апавялі Свабодзе трое жанчын. Ваеннае ліхалецьце іх засьпела дзецьмі.

Пры Сталіну гастарбайтараў ня бралі ў войска, а ў школе вучылі толькі 4 клясы

Жыхарка Магілёва Вольга Міхайлаўна нарадзілася на Палесьсі ў сям’і баптыстаў. Калі Беларусь акупавалі фашысты, яе шасьцігадовую разам з бацькамі, сястрой, братам ды аднавяскоўцамі адправілі ў Нямеччыну.

«Тады гаварылі, што партызаны ішлі зь пінскіх балот у смаленскія лясы і пабілі дужа шмат немцаў. І вось яны вырашылі, што партызаны ў нашых вёсках сілкуюцца», — згадвае Вольга Міхайлаўна.

«Нашу вёску акружылі і пачалі агітаваць, каб мы зьбіраліся на працу ў Нямеччыну, але ніхто не зьбіраўся. Тады яны запалілі крайнія хаты і пачалі пагражаць, што спаляць нас разам зь вёскаю. Людзі пачалі хапаць, што хто мог, але ў асноўным ежу. Як толькі апошняя падвода выехала зь вёскі, яны яе запалілі».

У Нямеччыне, апавядае Вольга Міхайлаўна, сям’і пашанцавала — яе не падзялілі, як іншых. Працаваць мусілі шмат і цяжка. Там захварэла на сухоты сястра. Вызвалілі іх амэрыканцы. Як вызвалілі, то расьсялілі на аэрадроме — у вялізных ангарах.

«Нам ніхто нічога не забараняў. Мы хадзілі, дзе хацелі. Бегалі паўсюль, — апавядае кабета. — А вось калі нас перадалі расейцам, то яны пасадзілі нас на свае палутаркі — і ў канцлягер, за калючы дрот. З-за калючага дроту не выпускалі нікуды, як быццам мы таксама ворагі. Нават у лазьню вадзілі пад канвоем. А калі прыехалі на радзіму, то тыя, хто ў вёсках застаўся, нас не любілі, лічылі за немцаў».

Сястра Вольгі Міхайлаўны памерла ўжо вызваленай. Амэрыканскі лекар рабіў усё, каб яе ўратаваць, аднак не ўдалося.

«У Нямеччыне праз марскі клімат дужа хварэлі і мама, і тата. Сястра прастудзілася. Ніхто яе не лячыў, а потым захварэла на сухоты. Расейскія ўпаўнаважаныя раней па нас прыяжджалі, але амэрыканскі лекар сказаў: „Ёй жыць засталося тыдні два. Яна ў дарозе памрэ“. Дык нас пакінулі ў спакоі. Сястру мы там і пахавалі. Хавалі па ўсіх правілах — труна была добрая, кветак шмат. Мы яе пахавалі, і на наступны дзень па нас прыехалі расейскія ўпаўнаважаныя. Нас забралі, і больш на магілцы сястры мы ніколі не былі».

Да сьмерці Сталіна, кажа Вольга Міхайлаўна, жыць тым, хто вярнуўся зь Нямеччыны, спакойна не давалі. Было шмат абмежаваньняў.

Першы час нашых хлопцаў ня бралі ў армію. Толькі можна было ехаць працаваць на шахты. Нам дазвалялі вучыцца толькі чатыры клясы

«Першы час нашых хлопцаў ня бралі ў армію. Толькі можна было ехаць працаваць на шахты. Нам дазвалялі вучыцца толькі чатыры клясы. Калі ж Сталін памёр, то стала крыху свабадней. А так бясконца прыяжджалі, перапісвалі. Выклікалі ўсюды. А за што з намі так? Ня ведаю. Ніводная ж сям’я зь Нямеччыны не прыехала ў поўным складзе».

Вольга Міхайлаўна не наракае на лёс. Кажа, што ад бяды яе ратаваў Бог. Як быццам між іншым яна прыгадала, што партызаны зьбіраліся забіць усю яе сям’ю, бо бацька быў прэзьбітэрам у адчыненым немцамі малітоўным доме. Падрабязнасьці тае гісторыі расказваць не захацела, адзначыла толькі, што гэты быў першы выпадак, калі яна цудам уратавалася.

«Палонных немцаў дужа шкадавалі»

Карэнная магілёўка Галіна Мікалаеўна вайну перабыла разам зь сям’ёй у эвакуацыі. Кажа, што пашанцавала выехаць, бо бацька працаваў на чыгунцы. Вярнуліся ў родны горад аднымі зь першых.

«Праз тыдзень, як вызвалілі Магілёў, мы прыехалі. Толькі на ўскрайках гораду драўляныя дамы засталіся. І наш дамок ацалеў. А ў цэнтры ўсё было ў руінах. Увечары баяліся выходзіць з дамоў, бо людзей не было. Вусьцішна», — згадвае Галіна Мікалаеўна.

«Я бачыла, як палонныя немцы адбудоўвалі наш Дом саветаў. Мы іх дужа шкадавалі. Яны былі дужа худыя. Такімі галоднымі выглядалі, — працягвае свой аповед кабета. — Мама мне казала: „Вось бачыш, сталага веку немец, ідзі дай яму хлеба“. Дык немцы за гэта ўсё казалі „данке“. Але яны не былі прыгнечанымі і дэмаралізаванымі. У іх выпраўка была такая вайсковая. Чалавек сто іх было. Іх шкадавалі. А што ж — яны цяжка працавалі, былі ў палоне».

Самі ж, заўважае Галіна Мікалаеўна, выжывалі з сваёй гаспадаркі. Балазе агароды былі ля хат.

«Ля кожнай быў свой гародчык. А гэта ж самае галоўнае. Дык і мы яшчэ кабанчыка гадавалі. Мама купіла. Увесну куплялі, а вясной забівалі. І ўзімку нам някепска было».

Пра даваенны Магілёў кабета кажа, што ён быў невялікі. Было шмат беларускамоўных школ.

Тату ледзьве не забралі, калі Берыя быў. Памятаю, тата з мамай па вечарах дужа шапталіся. Валізка сабраная была. Дужа баяліся

«Хто на беларускай мове тут гаварыў, а хто на расейскай. Я ня ведаю, чаму наш тата гаварыў на расейскай, але ён быў зь вёскі. Мы хадзілі ў расейскую школу. Былі і беларускія школы. Мама з татам запыталі ў нас, у якую школу мы хочам. Мы тады адказалі, што ў расейскую. Але калі да нас зьвярталіся на беларускай мове, мы мусілі адказваць гэтаксама — на беларускай. Так было заведзена».

Прыгадала Галіна Мікалаеўна і пра тое, што наўрад ці згадаюць у гэтыя сьвяточныя дні — пра сталінскія рэпрэсіі. Сям’ю суразмоўніцы яны абмінулі, але да іх рыхтаваліся:

«Тату ледзьве не забралі, калі Берыя быў. Памятаю, тата з мамай па вечарах дужа шапталіся. Валізка сабраная была. Дужа баяліся. Мой дзед быў папом. Калі ён пабачыў, што ўлада да царквы ня дужа хінецца, то пайшоў настаўнічаць».

Ніхто не хацеў ваяваць, бо была мірная дамова

Тэму даваеннага перасьледу ўладай вернікаў працягнула ў сваім аповедзе яшчэ адна жыхарка Магілёва. Назвалася бабай Верай. Усе свае амаль дзевяноста гадоў гэтая кабета пражыла ў тутэйшым раёне Лупалава. Згадвае, як у іхную хату зь вёсак вазілі на хрэсьбіны дзетак, а мама потым казала бацюшку, каб той прыйшоў ды правёў абрад.

«Траіх ці пяцярых прывязуць. Бацюшка жыў недалёка ў драўляным доме. Яго запрашалі. Ён прыходзіў і хрысьціў гэтых дзетак. Тады людзі больш верылі ў Бога, чым цяпер. Тады так і выстаялі. Тады паспрабуй прайдзі па вуліцы і не прывітай суседку. Матцы скажуць, дык вяроўкай навучыць вітацца. Гэтак і ў вёсках было. Дзеткі бягуць — „Добры дзень“. А дзе гэта ўсё падзелася цяпер — я і ня ведаю», — выказваецца баба Вера.

Усю нацысцкую акупацыю суразмоўніца пражыла на Лупалаве непадалёк ад канцлягеру. Кажа, што яе мама і суседкі спрабавалі ратаваць савецкіх ваеннапалонных.

«Іх дзе прыстрэльвалі, дзе недабітых зямлёй прысыпалі. Зямля калыхалася. Тут во лягер быў абнесены дротам. Мы непадалёк дзецьмі каровы пасьвілі пры немцах».

Цяпер на месцы лягеру мэмарыял.

Гаворачы пра вайну і пакуты празь яе, баба Вера, тым ня менш, дужа кепска ня кажа пра немцаў. Некаторыя, зазначае яна, слова кепскага не казалі. Былі набожныя. Ваяваць не хацелі. На яе думку, Гітлера нехта падкупіў, каб ён распачаў вайну. Хто мог гэта зрабіць, не сказала:

«Калі мама памые ім насоўкі, дык яны кавалак хлеба давалі. Ніхто не хацеў ваяваць, бо дамова мірная была заключаная. Але вайна ўсё адно пачалася».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG