Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незаўважныя сьляды вэрмахту ў сёньняшнім Менску


Каля дому № 20 па вуліцы Алібегава, дзе сёньня школа мастацтваў, а па вайне быў калгасны кароўнік, ёсьць лагчына. Парослае травой, роўнае, як більярдны стол, зялёнае прастакутнае поле. Падобнае да закінутага стадыёну.

Ніхто на яго ўвагі не зьвяртае. А між тым гэтае поле — сьлед акупацыі. Так дасканала пляцоўку выраўнялі салдаты вэрмахту. Бо тут, у Міхалове, стаяла зэнітная нямецкая часьць. Пра гэта мне распавяла міхалоўская старажылка, 80-гадовая Яўгенія Янушкевіч.

— Калі тут памешчык быў, дык тут была стайня. Падчас акупацыі тут нямецкія коні стаялі. Немцы жылі ў хатах. А ў клюбе, ён яшчэ стаіць, там уласаўцы жылі. Паліцаі жылі ў доміку двухкватэрным, за рэчкай, за мосьцікам. Там паліцаі жылі.

— Які ў вас тут быў багаты выбар. Вы бачылі ўсіх. І паліцыю, і немцаў, і ўласаўцаў. І хто паводзіў сябе па-людзку? Хто быў падобны да людзей?

— Паліцаі былі харошыя. Ніхто нічога кепскага не зрабіў. Мой брат старэйшы, ня ведаю, што здарылася, яго паліцаі вялі на расстрэл. А ўласаўцы, што ў клюбе жылі, брата выратавалі. Пагаварылі з паліцэйскім начальнікам.

Тая панская стайня, пра якую распавядае старая, стаяла яшчэ паўгода таму. Але цяпер на яе месцы роўная пляцоўка.

Зарэчную частку Міхалова ўжо зьнесьлі. Застаўся ў зарасьцях вакол Мышкі толькі дом, дзе жылі паліцэйскія.

Зрэшты, у гэтым фантастычным месцы суіснавалі ня толькі ўласаўцы і немцы.

— Унізе была хата, і ў той хаце жыла сям’я. Там заўжды танцы былі. І там заўжды партызаны сустракаліся з кім трэба. Нашы ўсе хлопцы міхалоўскія былі ў партызанах. І там заўжды сустракаліся. Партызаны за ўвесь час нічога кепскага нам не зрабілі. Яны прыходзілі і па брата майго. Але ў яго ў пахвінах былі нарывы.

Вёска Міхалова паступова становіцца мікрараёнам Міхалова. Бэтонныя гмахі ўсутыч падышлі да даваенных будынкаў і трохпавярховых катэджаў. Адказы маладзейшага пакаленьня наконт перасяленьня ў кватэры паўсюль аднолькавыя. Ніхто ня рад памяняць зямлю, вольнае паветра, гараж на бэтонны катух. Але міхаловец Аляксандар адказаў вельмі небанальна, з гістарычным экскурсам.

— У старажытным Рыме рабоў, каб не вазіць лішнія мілі да Калізэю, сялілі ў такія «шпакоўні». І мяне зараз у такую «шпакоўню»? Гэта несправядліва. Бацька будаваўся сорак гадоў таму. Ніякіх дакумэнтаў, што гэта часовая зямля. Кожны будаваўся, як мог. Дурдом.

Сам Аляксандар нарадзіўся на Кубані. Адкуль прыехаў яшчэ дзіцем. І Беларусь для яго — гэта найперш Міхалова. А не Каменная Горка, куды яго хочуць выселіць.

Зьнясуць маё Міхалова — мне на Мінск, на Беларусь будзе пляваць

— Я тут вырас. Я тут жыў. Мяне нават не спыталі, хачу я туды, не хачу. Будзьце ласкавыя, у Каменную горку. Зьнясуць маё Міхалова — мне на Мінск, на Беларусь будзе пляваць. Я нарадзіўся ў Краснадары. Я свой родны дом люблю за тое, што ён тут. А пасьля якая розьніца, дзе жыць? Там ці там. Усе міхалоўскія людзі незадаволеныя. Нікому дзяржава не пайшла насустрач.

Справа ў тым, што новыя дамы мікрараёну Міхалова будуюцца на супрацьлеглым баку рэчкі Мышкі. Але пасяліцца ў сваіх родных мясьцінах нікому зь міхалоўцаў не дадуць.

— На нас плююць. Тварам ня выйшлі. Вунь, я там бульбу садзіў. Там цяпер дамы. Нават не заікайцеся. Родныя мясьціны мяняю невядома на што.

Сярод дзікіх зарасьцяў ледзь угадваецца брудная вада рэчкі Мышкі. Яўгенія Янушкевіч памятае іншую Мышку.

— Яна заўжды была такая маленькая?

— Не. Яна была такая вялікая! У ёй нават утапіўся адзін наш мужык. Яна была вельмі вялікая. І яна цячэ аж да самай Курасоўшчыны. А калі немцы стаялі, яны зрабілі вялікую карусэлю. Высачэзны слуп, а на ім чатыры вяроўкі. І мы каталіся вакол слупа. І нашы дарослыя хлопцы зь дзеўкамі каталіся. І неяк адарвалася вяроўка, і яны ў рэчку. Не патанулі, плаваць умелі. Але рэчка вельмі была вялікая.

— Вы, дзеці, іх не баяліся?

— А ў нас не было такіх. Яны нічога кепскага нам не рабілі. Мы і не баяліся. Вядома, мы не хадзілі да іх у госьці. Але і не баяліся.

Іншая міхалоўка, Марыя Валодзіна, прыгожая статная кабета ў гадах, прагулялася са мною на паўнаводныя некалі берагі.

— Вось Мышка. Тут быў мосьцік. І гэтая рэчка здавалася такой вялікай. Нам нават забаранялі ў ёй купацца. Баяліся, што там нехта ў ёй патоне. А цяпер гэта ўсё зарасло. Мышка сапраўды стала мышкай, нейкі хвосьцік застаўся. А раней было вельмі прыгожа.

На беразе Мышкі па сёньня стаяць дзіўныя збудаваньні. Падобныя да нейкіх бункераў. Адзін з такіх бункераў апынуўся проста каля новапракладзенай вуліцы Янкі Брыля. Як патлумачыла мне пані Марыя, гэта вадапампавальныя станцыі. І зь імі зьвязаныя ўспаміны паваеннага дзяцінства.

— Па вайне зь імі было добра, бо яны ваду пампавалі. Заходзіш у гэтую шахту. Па прыступках спускаесься. І там вадзічка чысьценькая. Туды было забаронена заходзіць, і там быў вартаўнік. Каб ніхто не хадзіў і каб гэтую ваду ніхто не атруціў. А ў нас тады была карова. А трава там была высокая. Дык мы, малыя, хадзілі красьці туды траву. Нехта стаіць на шухеры. І колькі рукі сабе сярпамі рэзалі... Дык мы гэтыя станцыі добра ведаем. Каля дроту ўсё пажнем. А яны хадзілі, усё стрэльбай нам пагражалі. Вось такое было жыцьцё.

Як дзіўна перамяшана ў менскіх вёсках савецкая сучаснасьць і ацалелая старасьветчына! Старая Яўгенія з сумам глядзіць на колішні клюб пад спарахнелай дахоўкай. Падчас акупацыі яна тут вучылася ў школе.

— Школа была. І мы пры немцах туды нават хадзілі. А потым гэтага настаўніка застрэлілі. Ён з Рылаўшчыны хадзіў сюды кожны дзень. А яго застрэлілі. А хто застрэліў? А чаго гэта Лукашэнка лятае ўвесь дзень на сваім самалёце?

— Вы думаеце — гэта ён?

— Я думаю, гэта ягоны самалёт.

— А вам сэрца баліць за Міхалова, якое зносяць?

— Не. Адбалела. Чаго яму балець? Цяпер ужо за што тут трымацца?

Над Міхаловым бясконца кружыць маленькі самалёт, у якім, на думку Яўгеніі, лятае Лукашэнка. Ад былой вёскі хутка не застанецца і сьледу. А я лішні раз пераканаўся, што вайна не шкадавала многіх. Але ў найбольшай небясьпецы заўжды быў беларускі настаўнік...

Міхалова
Міхалова

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG