Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЗ і ЗША распрацоўваюць «праграму дабрабыту» на 800 мільярдаў даляраў для пасьляваеннай Украіны

Сьцягі Эўразьвязу і Ўкраіны ў Кіеве. Архіўнае фота
Сьцягі Эўразьвязу і Ўкраіны ў Кіеве. Архіўнае фота

Эўрапейскі Зьвяз і Злучаныя Штаты падрыхтавалі праект «праграмы дабрабыту» для Ўкраіны, мэта якой — даць Кіеву фінансавыя гарантыі разам з гарантыямі бясьпекі для стабілізацыі Ўкраіны пасьля заканчэньня вайны з Расеяй.

У 18-старонкавым дакумэнце, зь якім азнаёмілася Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, гаворыцца, што, хоць да 2040 году для Ўкраіны можа быць змабілізавана 800 мільярдаў даляраў, найбліжэйшая мэта — задаволіць патрэбы краіны ў рэканструкцыі прыкладна на 500 мільярдаў даляраў у наступным дзесяцігодзьдзі, піша эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.

Эўразьвяз, Злучаныя Штаты і міжнародныя фінансавыя інстытуты, у тым ліку Міжнародны валютны фонд і Ўсясьветны банк, будуць удзельнічаць у пачатковай фазе, вылучыўшы 317 мільярдаў даляраў на рэканструкцыю, 57 мільярдаў — на жыльлё і каля 126 мільярдаў — на пабудову як дзяржаўных, так і прыватных будынкаў.

Кампэнсацыя ахвярам будзе разглядацца асобна праз мэханізм, скіраваны на замарожаныя актывы Расеі на Захадзе.

Выступаючы на мінулым тыдні, калі рамачная праграма абмяркоўвалася на нефармальнай сустрэчы чальцоў Эўрапейскай рады, прэзыдэнтка Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен заявіла: «Выглядае, мы можам павысіць дабрабыт Украіны ў момант, калі дасягнем мірнага спыненьня агню».

«Гаворка ідзе пра адзіны дакумэнт, які прадстаўляе калектыўнае бачаньне ўкраінцаў, амэрыканцаў і Эўропы на пасьляваенную будучыню Ўкраіны», — сказала яна.

Лічба ў 800 мільярдаў даляраў вынікае з амбіцыяў разбуранай вайной краіны «вызначыць далейшыя інвэстыцыйныя магчымасьці, якія дазволяць яе эканоміцы расьці і квітнець, падвоіць ВУП, павысіць прадукцыйнасьць і значна палепшыць якасьць жыцьця ўкраінцаў», гаворыцца ў дакумэнце.

Тэрміны і ўмовы для Ўкраіны

Значная частка пляну залежыць ад хуткага заканчэньня вайны. Але ёсьць і іншыя ўмовы.

Падкрэсьліваецца, што хуткі прагрэс у кірунку ўступленьня ў ЭЗ — абавязковы. Адзначаецца, што ВУП краін Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, якія далучыліся да ЭЗ у 2004 і 2007 гадах, з таго часу вырас амаль утрая, і гэты трук можа быць паўтораны і з Кіевам.

Хоць Украіна спадзяецца далучыцца да ЭЗ да канца дзесяцігодзьдзя, Вугоршчына амаль два гады блякуе пачатак перамоваў аб уступленьні на падставе таго, што Будапэшт лічыць дыскрымінацыяй вугорскай меншасьці ва Ўкраіне — сварка, якая падштурхнула Віктара Орбана нядаўна заявіць, што ніводзін вугорскі парлямэнт «цягам 100 гадоў» ня будзе гатовы даць зялёнае сьвятло сяброўству Ўкраіны ў ЭЗ.

Але гэта не адзіная перадумова, зафіксаваная ў тэксьце. «Найважнейшы прарыў — аднаўленьне доступу Ўкраіны да рынкаў дзяржаўнага доўгу», — гаворыцца ў дакумэнце. Дадаткова запісана, што гэта мае ўключаць «дазвол банкам пераарыентавацца на крэдытаваньне малых і сярэдніх прадпрыемстваў і тым самым стымуляваць стварэньне працоўных месцаў і эканоміку ў цэлым».

У праекце таксама згадваецца патрэба для Ўкраіны «аднавіць свае пазыцыі ў сусьветнай інвэстыцыйнай супольнасьці», што ўключае пашырэньне лічбавай інфраструктуры, умацаваньне незалежнасьці судовай улады і правоў уласнасьці ў краіне.

Але адкуль возьмуцца 800 мільярдаў?

Ёсьць пэўныя канкрэтныя абяцаньні грошай. Эўрапейская камісія прапанавала вылучыць 116 мільярдаў даляраў для Ўкраіны ў наступным шматгадовым бюджэце ЭЗ, які мае пачацца ў 2028-м і працягвацца да 2034 году. Але ўсе дзяржавы — чальцы ЭЗ мусяць дамовіцца пра гэта ў працяглых перамовах на працягу наступных 18 месяцаў, і незразумела, ці захаваецца гэтая лічба, з увагі на тое, што многія чальцы імкнуцца скараціць бюджэтныя выдаткі ЭЗ у цэлым.

Пакуль няма лічбаў чаканага ўкладу Вашынгтону. У дакумэнце проста адзначаецца, што «Злучаныя Штаты будуць імкнуцца прыцягнуць значны дадатковы капітал (дзяржаўны і прыватны, гранты, акцыянэрны капітал і пазыкі) для празрыстага і эфэктыўнага інвэставаньня ва Ўкраіне».

Аўтары таксама сьцьвярджаюць, што вяртаньне 2,1 мільёна мігрантаў ва Ўкраіну ў першыя два гады пасьля заканчэньня вайны прывядзе да скачка прадукцыйнасьці працы на 5 працэнтаў і патэнцыйнага росту ВУП на душу насельніцтва.

У дакумэнце таксама адзначаецца, што дадатковы дзяржаўны капітал, як чакаецца, паступіць за кошт «ільготных крэдытаў ад міжнародных фінансавых установаў, іншых грантаў і дабрачыннасьці» і што Ўкраіна «можа разгледзець продаж правоў на карысныя выкапні як яшчэ адзін спосаб прыцягненьня прыватнага капіталу ва Ўкраіну, як гэта прадугледжана Інвэстыцыйным фондам рэканструкцыі ЗША–Украіна».

Інвэстыцыі ў будучыню Ўкраіны

Аднак у цяперашнім выглядзе праграма не дае канкрэтных лічбаў. У дадатку да яе папярэджваюць, што хоць «мінэральны сэктар Украіны прапануе значныя інвэстыцыйныя магчымасьці», але пры гэтым «праблемы захоўваюцца, у тым ліку даўжэйшыя тэрміны рэалізацыі праектаў, зьвязаных зь ліціем, неабходнасьць прывядзеньня да ўсясьветных стандартаў і патрэба ў абноўленых тэхналягічных і геалягічных зьвестках для падтрымкі зусім новых ініцыятываў».

Акрамя мінэральнага сэктару краіны, Брусэль і Вашынгтон разглядаюць шэраг дадатковых сфэраў інвэставаньня. Адна зь іх — больш за 3000 дзяржаўных прадпрыемстваў, якія можна прыватызаваць; у дакумэнце адзначаецца, што такі крок «патрэбны, каб адкрыць ключавыя сэктары эканомікі для прыватнага інвэставаньня, зьліквідаваць неэфэктыўнасьць і стварыць магчымасьці для інавацыяў і інвэстыцыяў».

Таксама згадваецца рэканструкцыя больш як 25 000 кілямэтраў дарог, а таксама мадэрнізацыя порту Чарнаморск на паўднёвы захад ад Адэсы.

У энэргетычным сэктары могуць быць пабудаваныя шэсьць новых ядзерных рэактараў у Хмяльніцкім і Роўне. У тэксьце таксама згадваецца, што «Злучаныя Штаты і, магчыма, амэрыканскія кампаніі будуць імкнуцца да партнэрства з Украінай праз сумесныя інвэстыцыі для аднаўленьня, разьвіцьця, мадэрнізацыі і эксплюатацыі газавай інфраструктуры Ўкраіны, якая ўключае яе трубаправоды і сховішчы».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

  • 16x9 Image

    Рыкард Юзьвяк

    Рыкард Юзьвяк — эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў Празе. Спэцыялізуецца на асьвятленьні дзейнасьці Эўрапейскага Зьвязу і NATO. Раней ён працаваў карэспандэнтам РСЭ/РС у Брусэлі, дзе асьвятляў мноства міжнародных самітаў, выбараў у Эўропе і рашэньняў міжнародных судоў. Ён рабіў рэпартажы з большасьці эўрапейскіх сталіц, а таксама з Цэнтральнай Азіі.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG