Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эрдаган прыехаў у Грэцыю і запатрабаваў перагледзець межы


Рэджэп Таіп Эрдаган (у цэнтры) падчас візыту ў Грэцыю

Упершыню за 65 гадоў прэзыдэнт Турэччыны наведаў Грэцыю: Рэджэп Таіп Эрдаган сустрэўся з грэцкім прэзыдэнтам Пракопісам Паўлёпуляс​ам. Эрдаган прыяжджаў у Грэцыю ў 2010 годзе, але як прэм’ер-міністар. Як піша The Guardian, візыт ператварыўся ў «вусны тэатар баявых дзеяньняў».

Эрдаган на сустрэчы з Паўлёпулясам заявіў, што Лязанская дамова 1923 году, якая вызначыла межы між Турэччынай і Грэцыяй пасьля Першай усясьветнай вайны, «ужываецца несправядліва» ў дачыненьні мусульманскай меншасьці ў Фракіі і «павінна быць мадэрнізаваная». Паўлёпуляс адказаў, што дамова ня можа быць перагледжаная, бо яна «бездакорная».

На наступнай сустрэчы з прэм’ерам Грэцыі Алексісам Цыпрасам Эрдаган таксама заявіў, што Грэцыя кепска абыходзіцца са спадчынай Асманскай імпэрыі і не дае мусульманам належных месцаў для малітваў. Кіпр, падзелены на грэцкую і турэцкую часткі пасьля акупацыі поўначы вострава турэцкімі войскамі ў 1974 годзе, ня можа ўзьяднацца, бо, на думку Эрдагана, грэкі адхіляюць «справядлівую і ўстойлівую» прапанову ва ўрэгуляваньні. А мусульмане Фракіі, дадаў ён, зарабляюць толькі 2200 эўра на год, калі грэкі там зарабляюць 15 тысяч эўра.

Ён таксама заявіў, што Грэцыя мае вярнуць у Турэччыну восем турэцкіх афіцэраў, якія ўцяклі з краіны пасьля меркаванай спробы дзяржаўнага перавароту ў 2016 годзе, бо ў Турэччыне, казаў Эрдаган, не ўжываюць сьмяротнага пакараньня і катаваньняў. Суды Грэцыі раней адмовілі ў выдачы людзей у краіну, дзе ім «ня змогуць забясьпечыць справядлівы суд», і прэм’ер Грэцыі ў адказ на словы Эрдагана падкрэсьліў, што ў Грэцыі, «на радзіме дэмакратыі», выканаўчая ўлада аддзеленая ад судовай.

Стасункі Турэччыны і Грэцыі былі напружаныя і раней, ня толькі праз становішча мусульманаў у Фракіі і кіпрскую спрэчку. У 1996 годзе спрэчка наконт незаселеных астравоў у Эгейскім моры ледзьве не прывяла да вайны. Грэцыя сьцьвярджае, што толькі сёлета Турэччына парушыла ейную паветраную прастору больш за тры тысячы разоў.

Эрдагана на Захадзе цяпер асуджаюць за рэпрэсіі дэмакратычных інстытутаў — у Атэнах, піша The Guardian, спадзяваліся, што Эрдаган выкарыстае паездку, каб сказаць словы прымірэньня. Але ў камэнтары Al Jazeera экспэрт кажа, што ад візыту ня варта было чагосьці чакаць, бо ніводзін з бакоў ня быў гатовы да сур’ёзных дыскусій.

У чым прычыны параду альфа-самцоў у сусьветнай палітыцы

XS
SM
MD
LG