Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турэччына адзначыла гадавіну спробы перавароту звальненьнем 7348 дзяржслужбоўцаў, падзякавала Беларусі


Плякат у памяць аб загінулых у час спробы дзяржаўнага перавароту, Стамбул
Плякат у памяць аб загінулых у час спробы дзяржаўнага перавароту, Стамбул

Паводле апублікаванага 14 ліпеня дэкрэту, у Турччыне працы пазбавіліся 7348 дзяржаўных службоўцаў, у тым ліку 2303 паліцыянты, 546 вайскоўцаў, 302 выкладчыкі ўнівэрсытэтаў і больш як тры тысячы супрацоўнікаў розных міністэрстваў, перадае BBC.

Год таму, у ноч на 16 ліпеня 2016 году ў Турэччыне правалілася спроба дзяржаўнага перавароту. У выніку сутыкненьняў загінулі 260 чалавек. Улады называюць арганізатарам перавароту прапаведніка ў выгнаньні Фэтхулу Гюлена, частка апазыцыі падазрае прэзыдэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана ў імітацыі перавароту з мэтай захопу неабмежаванай улады.

Пасьля падзеяў ліпеня 2016 году ў Турэччыне былі арыштаваныя звыш 50 тысяч чалавек, больш за 20 чалавек асуджаныя на пажыцьцёвае зьняволеньне, звольненыя з працы праз падазрон ва ўдзеле ў паўстаньні 150 тысяч чалавек, у ліку якіх вайскоўцы, паліцыянты, судзьдзі, настаўнікі і выкладчыкі. Па выніках красавіцкага рэфэрэндуму Эрдаган значна пашырыў паўнамоцтвы.

Турэччына пасьля рэфэрэндуму: султанізм ці банапартызм?

Амбасадарка Турэччыны ў Беларусі Кезбан Нілвана Сакрамэнту тым часам заявіла пра ўдзячнасьць Беларусі:

«Некаторыя з нашых беларускіх сяброў, якія цяпер тут з намі, знаходзіліся тады ў Турэччыне і памятаюць, што гэта быў за дзень, — перадае БЕЛТА словы амбасадаркі з урачыстага мерапрыемства 15 ліпеня ў менскай рэзыдэнцыі амбасады. — Раніцай 16 ліпеня 2016 году Беларусь была сярод першых дзяржаваў, якія выказалі сваю падтрымку і асудзілі спробу перавароту. Турэччына ўдзячная Беларусі за вернае сяброўства з самага пачатку двухбаковых стасункаў. Мы таксама ўдзячныя беларускім сябрам за падтрымку ў барацьбе з тэрарызмам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG