Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эрдаган: Асад мусіць пайсьці, а Турэччына можа правесьці «свой Brexit»


Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган
Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган

Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган даў вялікае інтэрвію агенцтву Reuters, у якім выказаўся пра сырыйскі канфлікт і асацыяцыю з Эўразьвязам.

Эрдаган настойвае, што вырашэньня сырыйскага канфлікту ня будзе, пакуль пры ўладзе ў Сырыі застаецца Башар Асад: той «атакаваў людзей танкамі, гарматамі, бочкавымі бомбамі, хімічнай зброяй, баявымі самалётамі», таму ня можа быць рухавіком рашэньня канфлікту. У лістападзе мінулага году Эрдаган ужо казаў, што мэта турэцкай апэрацыі ў Сырыі — пакласьці канец праўленьню Асада.

Паводле Эрдагана, Уладзімір Пуцін сказаў яму асабіста, што ён «не абаронца і не адвакат Асада». Расея тым часам падтрымлівае Асада як у міжнародных арганізацыях, так і на полі бою; Асад выказвае ўдзячнасьць Пуціну «за павагу да сувэрэнітэту краінаў і міжнароднага права».

Акрамя таго, Эрдаган лічыць, што Эўропа недаацэньвае ролю Турэччыны ў стрымліваньні плыні ўцекачоў з Сырыі і Іраку: маўляў, асноўны груз міграцыі кладзецца на Турэччыну, а таксама Лібан і Ярданію.

Турэччына «ня будзе чакаць пад дзьвярыма Эўропы вечна», калі ў некаторых краінах ЭЗ «расьце ісламафобія і варожасьць», заявіў Эрдаган наконт перамоваў пра асацыяцыю з Эўразьвязам. Маўляў, перамовы ідуць ужо 54 гады (у 1963 годзе была падпісаная дамова пра мэты Турэччыны далучыцца да Эўрапейскай эканамічнай супольнасьці, працэс далучэньня запушчаны Турэччынай у 1987 годзе), а цяпер «Эўропа зачыняе дзьверы для Турэччыны, а Турэччына не зачыняе дзьверы ні для кога».

Эрдаган заявіў, што Турэччына можа правесьці рэфэрэндум «на ўзор Brexit». Раней Турэччына разарвала сувязі зь Нідэрляндамі на высокім узроўні і спыніла пагадненьне з ЭЗ пра ўцекачоў, Эрдаган абвінаваціў канцлера Нямеччыны Ангелу Мэркель у тым, што яна «падтрымлівае тэрарыстаў», бо ня выдала Турэччыне падазраваных у датычнасьці да спробы дзяржаўнага перавароту летась (турэцкія СМІ «знайшлі прыхільнікаў тэрарыстаў» нават у Беларусі).

Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы вярнула Турэччыну ў сьпіс краінаў, за якімі вядзецца пільнае назіраньне, пасьля леташняй спробы дзяржаўнага перавароту і палітычныя рэпрэсіі пасьля яе, а таксама занепакоеная ростам канцэнтрацыі ўлады ў руках Эрдагана пасьля нядаўняга рэфэрэндуму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG