Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія наступствы будуць мець вынікі канстытуцыйнага рэфэрэндуму ў Турэччыне?

Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў

Дракахруст: Учора ў Турэччыне адбыўся рэфэрэндум аб зьменах у Канстытуцыі, якія ператвараюць краіну з парлямэнцкай у прэзыдэнцкую рэспубліку. У галасаваньні ўзялі ўдзел 86% туркаў, што маюць права голасу, і, паводле афіцыйных зьвестак, за зьмены ў Канстытуцыі прагаласаваў 51%, супраць — 49%. Прэзыдэнт Рэджэп Эрдаган, які арганізаваў рэфэрэндум, цяпер атрымлівае права прызначаць віцэ-прэм’ераў, судзьдзяў Канстытуцыйнага Суду, звычайных судзьдзяў і пракурораў, распускаць парлямэнт. Таксама кіраўнік дзяржавы атрымлівае права выдаваць указы, якія набываюць моц законаў. Акрамя таго, Эрдаган можа заставацца ва ўладзе да 2029 году. Пасьля перамогі на рэфэрэндуме Эрдаган заявіў пра намер вярнуць праз новы рэфэрэндум сьмяротнае пакараньне.

Словам, амаль як у Беларусі ў 1996-м годзе. Канстытуцыйны рэфэрэндум, які кардынальна мяняе палітычны лад краіны, канцэнтруе ўсю ўладу ў руках кіраўніка дзяржавы. Нават сьмяротнае пакараньне не забытае. Ну, у Беларусі, як мы памятаем, яно рэфэрэндумам было захаванае, у Турэччыне яго толькі імкнуцца аднавіць, але ў гэтым пытаньні лёгіка падобная.

Напэўна, нездарма Лукашэнка адным з першых павіншаваў Эрдагана з перамогай на рэфэрэндуме.

Але разам з падабенствам ёсьць і істотнае адрозьненьне. Летась у Турэччыне адбылася спроба ваеннага перавароту, падаўленая Эрдаганам. Турэцкая «справа «Белага легіёну» зусім не была фэйкам. Спроба захапіць уладу там насамрэч была. Ну і адказ улады ўражваў маштабамі: дзясяткі тысяч арыштаваных, дзясяткі тысяч кінутых за краты. Дзясяткі тысяч звольненых дзяржаўных службоўцаў, настаўнікаў, выкладчыкаў, навукоўцаў. Маштабы значна большыя, чым у Беларусі, калі б то ні было.

51% «за» па беларускіх мерках — гэта ўвогуле ледзь не параза.

На хвалі гэтага і адбываўся рэфэрэндум. У тым ліку на хвалі страху ад гэтых рэпрэсіяў, як і на фоне шалёнай прапаганды. Але лік на рэфэрэндуме — зусім не беларускі. 51% «за» па беларускіх мерках — гэта ўвогуле ледзь не параза. Паўкраіны сказала ўладзе «не».

Зразумела, юрыдычна перавага хоць адным голасам роўная 100% перавагі, але палітычна адрозьненьні ёсьць. І мяркую, што яны будуць і ў будучыні.

Тое, што Эрдаган робіцца больш самаўладным — гэта відавочна. Але ці робіцца ён у выніку самадзержцам, султанам, як называе яго ў Турэччыне апазыцыя, як называюць заходнія мэдыі, для мяне, напрыклад, невідавочна. У свой час такія кіраўнікі, як, скажам, францускі імпэратар Напалеон ІІІ ці польскі «начальнік дзяржавы» Пілсудзкі вельмі істотна канцэнтравалі ўладу ў сваіх руках, як юрыдычнымі, так і неюрыдычнымі мэтадамі. Яны і ім падобныя ўсталёўвалі банапартысцкія рэжымы. Але пры гэтых рэжымах пэўная палітычная свабода існавала, парлямэнты не былі ператвораныя ў бессэнсоўную пустую ляльку. І таму ёсьць шанец, што Эрдаган, фігуральна кажучы, будзе хутчэй Пілсудзкім, чым Лукашэнкам.

Турэччына — ключавы гулец, які абараняе Эўропу ад міграцыйнай хвалі.

Яшчэ некалькі словаў пра міжнародную рэакцыю. На словах Захад безумоўна асудзіць турэцкія канстытуцыйныя навацыі. Але ў практычным пляне наўрад ці зробіць хоць крок. Бо Турэччына — ключавы гулец, які абараняе Эўропу ад міграцыйнай хвалі, і гледзячы па ўсім, адпаведнае пагадненьне ўсё ж такі працуе, колькасьць мігрантаў у краіны Эўразьвязу істотна зьменшылася за мінулы год.

Таксама Анкара — ключавы партнэр Захаду, прынамсі ЗША, у спробах вырашыць сырыйскую праблему. Турэччына патрэбная Захаду, нават з султанам на чале. Хоць хацелася б, каб султан быў прынамсі літасьцівым.

Карбалевіч: Варта зьвярнуць увагу, што сапраўды рэфэрэндум праходзіў у ня вельмі дэмакратычных умовах. Дзясяткі тысяч палітычных апанэнтаў Эрдагана ці звольненыя з працы ці сядзяць у турме. Вось сёньня з раніцы мне тэлефанавалі журналісты і задавалі пытаньні, параўноўваючы сытуацыі ў Беларусі і ў Турэччыне, маючы на ўвазе, што ў Беларусі таксама быў падобны рэфэрэндум. На што я казаў, што фармаваньне пэрсаналісцкага аўтарытарнага рэжыму адбываецца ў прынцыпе па адной і той жа схеме і правілах. Вельмі дапамог Эрдагану той няўдалы дзяржаўны пераварот. Ён яго выкарыстаў нават не на 100, а на 200, на 300 працэнтаў.

Тэма ўступленьня ў Эўразьвяз нават у фармальным сэнсе будзе закрытая.

Якія наступствы гэтага рэфэрэндуму? На мой погляд, іх некалькі. Тое, што рэжым Эрдагана будзе больш аўтарытарны, менш дэмакратычны — відавочна. Другі момант — працягваецца дыстанцыяваньне ад спадчыны Атацюрка, ад чыста сьвецкага характару рэжыму, рэлігійны складнік рэжыму Эрдагана будзе ўзмацняцца. Затым працягнецца адыход ад эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Плянаванае ўвядзеньне сьмяротнага пакараньня — вельмі знакавая зьява. Тэма ўступленьня ў Эўразьвяз нават у фармальным сэнсе будзе закрытая.

І пэўную канфліктнасьць у адносінах з Эўразьвязам, з ЗША, з NATO гэты рэфэрэндум узмоцніць.

Ну і яшчэ адно наступства — узмоцніцца статус Турэччыны як рэгіянальнай дзяржавы. Геапалітычныя амбіцыі яе ўзрастуць, з усімі магчымымі наступствамі і канфліктамі зь іншымі гульцамі ў гэтым рэгіёне.

Цыганкоў: Я б дадаў, наколькі хутка памянялася турэцкае грамадзтва за апошнія 5-7 гадоў, калі Эрдаган стаў больш актыўна і радыкальна праводзіць аўтарытарную палітыку і весьці Турэччыну далёка ад эўрапейскіх каштоўнасьцяў ў бок сваёй асабістай улады.

Яшчэ 7-10 гадоў таму большасьць туркаў была за ўступленьне ў Эўразьвяз.

Паводле сацыялягічных дасьледаваньняў яшчэ 7-10 гадоў таму большасьць туркаў была за ўступленьне ў Эўразьвяз. Гэтая большасьць дасягала ў пэўны момант 75%. Турэччына, як вядома, падала заяўку на ўступленьне ў Эўразьвяз, але Эўропа патрабавала, каб яна правяла адпаведныя рэформы ў галіне правоў чалавека, вырашыла курдзкае пытаньне і г. д. Даволі шмат гэтай краіне даводзілася зрабіць.

Тады многія сур’ёзна абмяркоўвалі, калі рэальна будзе для Турэччыны ўступіць у эўрапейскую супольнасьць. У апошнія 2-3 гады настрой грамадзтва радыкальна зьмяніўся — зараз толькі каля 25% туркаў за ўступленьне ў Эўразьвяз. Мы бачым, як зьмянілася не толькі рыторыка Эрдагана і кіроўнай партыі, але і настрой большасьці грамадзкасьці.

Зараз Турэччына ўсё больш сумняваецца, што можа стаць часткай эўрапейскай супольнасьці, адыход ад дэмакратычных каштоўнасьцяў у бок аўтарытарызму адбываецца даволі хутка, прычым на працягу апошніх пары гадоў. А ўверх узьбірацца цяжка, на гэта патрабуюцца дзесяцігодзьдзі. Да большай сьвецкасьці і эўрапейскасьці Турэччына ішла паступова, але няўхільна. Але вось цяпер, на думку многіх, Турэччына яшчэ далей ад дэмакратыі, чым была 20 гадоў таму.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG