Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэр «Гавары праўду»: Начальнік Генштабу выслухаў нашы прапановы наконт барацьбы зь дзедаўшчынай


Алег Белаконеў, архіўнае фота

Прадстаўнікі руху «Гавары праўду» на чале з Андрэем Дзьмітрыевым 1 лістапада сустрэліся з начальнікам Генштабу Ўзброеных сілаў Беларусі, першым намесьнікам міністра абароны Алегам Белаконевым.

На сустрэчы, як расказаў Свабодзе Андрэй Дзьмітрыеў, прадставілі 13 прапановаў руху ў зьменах парадку тэрміновай службы ў войску, скіраваных на гарантаваньне бясьпекі прызыўнікоў.

«Каля паўгадзіны пагутарылі, быў ня толькі спадар Белаконеў, быў „зорны склад“ Мінабароны, у тым ліку памочнік па ідэалёгіі Аляксандар Гура, — кажа Дзьмітрыеў. — Мы падалі дакумэнт Грамадзкай вайсковай камісіі, якую стварылі для назіраньня за вучэньнямі і якая пасьля прадоўжыла працу. У гэтай камісіі мы папрацавалі і з маці салдатаў, і з замежным досьведам — мы прадстаўлялі прапановы з разуменьнем таго, што яны маюць падтрымку грамадзкасьці і экспэртаў.

Андрэй Дзьмітрыеў, архіўнае фота
Андрэй Дзьмітрыеў, архіўнае фота

Галоўнае, пра што мы казалі, — армія сёньня як частка грамадзтва павінна быць у пастаянным дыялёгу з грамадзтвам, ствараць мэханізмы, празь якія можна адсочваць, што адбываецца ў войску, і пераканацца, што дзеці, якіх мы аддаём туды, будуць у бясьпецы. Мы хочам, каб дзеці служылі ў войску, а не займаліся нечым іншым».

Белаконеў паабяцаў азнаёміцца з прапановамі і дапусьціў магчымасьць наступнай сустрэчы і дэталёвага абмеркаваньня прапановаў, а таксама заявіў, што разумее важнасьць дыялёгу. Таксама Дзьмітрыеў закрануў тэму інфармацыйнай працы Мінабароны падчас і пасьля вучэньняў «Захад», бо «інфармацыйную вайну мы ня выйгралі».

12 прапановаў «Гавары праўду»

Дзьмітрыеў перадаў Свабодзе копію прапановаў, перададзеных Белаконеву. Яны наступныя:

  • увесьці інстытут упаўнаважанага па правах вайскоўцаў (амбудсмэна);
  • стварыць грамадзка-кансультацыйную раду пры Мінабароны;
  • разам з праваабаронцамі зрабіць незалежную «гарачую лінію» для вайскоўцаў;
  • даць вайскоўцам тэрміновай службы больш свабоды ў сустрэчах з роднымі па выходных і сьвятах, спрасьціць атрыманьне звальненьняў на выходныя і сьвяты;
  • разгрузіць вайсковых псыхолягаў ад бюракратычнай працы і павялічыць час іхнай працы зь людзьмі;
  • стварыць пры кожнай частцы апякунскія рады з удзелам вэтэранаў і прадстаўнікоў бацькоў вайскоўцаў;
  • стварыць Дэпартамэнт грамадзка-вайсковай супрацы ў складзе Мінабароны;
  • фармаваць сяржанцкі склад выключна з кантрактнікаў, арганізаваць для іх і прапаршчыкаў сярэднюю спэцыяльную вайсковую адукацыю;
  • даць вайскоўцам аднаго пэрыяду службы магчымасьць выбіраць свайго прадстаўніка пры камандаваньні часткі для вырашэньня бытавых, прававых і псыхалягічных пытаньняў;
  • камплектаваць падразьдзяленьні ўключна да батальёну з вайскоўцаў аднаго пэрыяду;
  • замацаваць законам зьняцьце крымінальнай адказнасьці з вайскоўца, які самавольна пакінуў вайсковую частку празь дзедаўшчыну;
  • скараціць тэрміновую службу да 9 месяцаў.

Ці адбудуцца рэальныя крокі?

«Гавары праўду» аднойчы ўжо атрымала станоўчы адказ ад Міністэрства абароны, за якім пасьледавала адмова: калі Дзьмітрыеў прапанаваў Мінабароны камісію назіраньня за вучэньнямі «Захад-2017», у Twitter яму адказалі «арганізоўвацца і зьвяртацца», але калі камісію арганізавалі, Белаконеў намякнуў, што ня хоча бачыць на вучэньнях групу незалежных назіральнікаў.

Ці не паўторыцца гісторыя з папярэдняй згодай і наступнай адмовай? Дзьмітрыеў так ня думае:

Была даволі шчырая размова і наконт дзедаўшчыны, і наконт таго, каб зьвесьці яе практычна да нуля
Андрэй Дзьмітрыеў

«Тут ужо іншая сытуацыя: мы асабіста сустрэліся, гэта ўжо новы ўзровень дыялёгу. Была даволі шчырая размова і наконт дзедаўшчыны, і наконт таго, каб зьвесьці яе практычна да нуля. Мы разьлічваем, што пасьля гэтага першага кроку ня будзе два назад, а будзе яшчэ адзін наперад».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG