Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітрыеў прапанаваў Міністэрству абароны камісію назіраньня за вучэньнямі «Захад-2017». Папярэдне пагадзіліся


Андрэй Дзьмітрыеў, архіўнае фота
Андрэй Дзьмітрыеў, архіўнае фота

Лідэр грамадзкай арганізацыі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў прапанаваў у Twitter Міністэрству абароны Беларусі стварыць грамадзкую камісію для назіраньня за беларуска-расейскімі вучэньнямі «Захад-2017». З афіцыйнага акаўнту міністэрства адказала: «Арганізоўвайце і зьвяртайцеся ў прэс-службу МА РБ».

«Ну, паглядзім, як будзе, — кажа Свабодзе Дзьмітрыеў. — Але гэта афіцыйны акаўнт, ня думаю, што гэта напісалі дзеля забавы. Сама тэма вельмі сур’ёзная, яны гэта разумеюць. І я стаўлюся да гэтага вельмі сур’ёзна: я прапанаваў, як мне падаецца, нармальны падыход. Давайце, гэта будзе выгодна і Міністэрству абароны, і ўсім грамадзянам».

Дзьмітрыеў заклікае далучацца да фармаваньня камісіі прадстаўнікоў партыяў, незалежных актывістаў і «ўсіх, хто прадстаўляе грамадзтва і можа вярнуцца з пэўнай інфармацыяй і распавесьці яе», напісаўшы на пошту «Гавары праўду» ці асабіста яму.

«Як мінімум камісія можа распавесьці пра парушэньні публічна, а гэта ўжо шмат. Галоўны сэнс у тым, што цяпер вельмі шмат пытаньняў задаецца на глебе таго, што вельмі мала даступнай публічна інфармацыі. Мы павінны неяк самі дадумваць — зразумела, дадумваецца самае горшае. Мне падаецца, такая публічнасьць спрацуе на карысьць усім і зьнізіць напал, які сёньня, безумоўна, ёсьць».

У гэты ж дзень Аляксандар Лукашэнка на чарговай нарадзе з кіраўнікамі Рады бясьпекі заявіў, што заклапочанасьць NATO і суседзяў Беларусі наконт вучэньняў «Захад» — гэта «старыя пытаньні», а ён хацеў бы «пачуць нешта новае», бо ўжо «ўсім усё патлумачылі». Паводле Лукашэнкі, вучэньні адкрытыя, запрашаецца або ўжо запрошаная «агромністая колькасьць назіральнікаў».

З нагоды вучэньняў «Захад-2017» занепакоенасьць выказвалі ўсе суседзі Беларусі, акрамя Расеі. Міністар абароны Латвіі Эдгарс Рынкевічс раней казаў, «Мы маем засьцярогі, што расейскія войскі, якія ўвойдуць у Беларусь, могуць не сысьці». Але тыдзень таму ён заявіў, што «больш ня мае пытаньняў» да гэтых вучэньняў.

Днём раней Дзьмітрыеў прадставіў «плян на пяцігодку» ў артыкуле «Чаго апазыцыя можа дамагчыся за 5 год», дзе пісаў, што галоўнае — дыялёг з уладамі, а вулічныя пратэсты сябе здыскрэдытавалі. Пікет супраць вучэньняў «Захад» у Менску два дні таму забаранілі празь «немагчымасьць вызначыць дакладнае месца правядзеньня» (перад домам 26 па вул. Старавіленскай) і плянаваныя ў тым месцы «небясьпечныя рамонтныя працы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG