Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Магчымыя правакацыі з боку Расеі», — міністар абароны Ўкраіны пра «Захад-2017»


Міністар абароны Украіны Сьцяпан Палтарак

Міністар абароны Ўкраіны Сьцяпан Палтарак не выключае правакацый падчас расейска-беларускіх вайсковых вучэньняў «Захад-2017».

Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў Facebook

«Выклікае занепакоенасьць правядзеньне вучэньняў „Захад-2017“. Мы не выключаем магчымасьці правакацый з боку Расеі з надуманых прычынаў. Пры такіх умовах Украіна вымушана забясьпечваць сваю абароназдольнасьць», — напісаў міністар абароны Ўкраіны.

Дагэтуль Сьцяпан Палтарак заяўляў, што вайсковыя манэўры могуць выкарыстоўвацца для пачатку агрэсіі ня толькі супраць Украіны, але і супраць любой краіны Эўропы. Так, падчас нядаўняй сустрэчы з генэральным сакратаром NATO Енсам Столтэнбэргам ён адзначыў, што правядзеньне вучэньняў на мяжы з Украінай ёсьць пагрозай для Ўкраіны.

Асьцярогу наступствамі маючых адбыцца вучэньняў выказвалі прадстаўнікі ўрадаў шэрагу краінаў Эўразьвязу. Іх найперш непакоіць, што пасьля манэўраў расейскія войскі могуць застацца на тэрыторыі Беларусі, а гэта ўскладніць і без таго нэрвовую сытуацыю ў рэгіёне.

Сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» пройдуць цягам 14-20 верасьня на тэрыторыі Беларусі. Тэхнічныя падразьдзяленьні расейскай арміі ўжо пачалі прыбываць у Беларусь.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG