Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Несьмяротны полк»: у Менску адзначылі Дзень Перамогі з партрэтамі Сталіна. ФОТА і ВІДЭА

абноўлена

Расейская акцыя «Несьмяротны полк» у Менску
Расейская акцыя «Несьмяротны полк» у Менску

Беларусь адзначае 9 траўня Дзень Перамогі ў Другой усясьветнай вайне. Свабода вяла жывую трансьляцыю зь Менску, дзе паралельна з афіцыйнымі ўрачыстасьцямі адбылася расейская акцыя «Несьмяротны полк».

Што важна ведаць:

  • Шэсьце прайшло без затрыманьняў, каля тысячы чалавек несьлі ад Філярмоніі да турнікетаў на плошчы Перамогі партрэты сваіх родзічаў, якія ваявалі ў Другой усясьветнай, партрэты Леніна і Сталіна.
  • Лукашэнка паабяцаў арганізаваць шэсьце з партрэтамі ў наступным годзе, але заклікаў не палітызаваць яго.
  • Арганізатар акцыі, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Беларусі Валеры Драко паведаміў 7 траўня, што Менгарвыканкам забараніў акцыю «Несьмяротны полк».
  • Узначаліць калёну прапаноўвалі Аляксандру Лукашэнку, але адказу з адміністрацыі не атрымалі.
  • Днём 8 траўня ў суполцы «Бессмертный полк. Минск» зьявілася інфармацыя, што шэсьце 9 траўня ў Менску ўзгоднена зь Менгарвыканкамам. Гарадзкія ўлады гэта афіцыйна не пацьвярджалі і не абвяргалі.

Акцыя «Несьмяротны полк. Менск», ініцыяваная прарасейскімі актывістамі, спачатку была забароненая Менгарвыканкамам. За дзень да акцыі расейскія СМІ паведамілі аб сустрэчы арганізатараў са старшынём Менгарвыканкаму Андрэем Шорцам — шэсьце нібыта дазволілі, але афіцыйных пацьверджаньняў гэтаму не было.

Лукашэнка пракамэнтаваў забароны на акцыю «Несьмяротны полк» у Менску

Некалькі соцень прыхільнікаў «Несьмяротнага полку» сабраліся ля менскай Філярмоніі, трымалі ў тым ліку партрэты і плякаты з цытатамі Сталіна, ім раздавалі «георгіеўскія стужкі».

Шэсьце пад кіраўніцтвам былога дэпутата Палаты прадстаўнікоў, камуніста Валера Дракі, прайшло па ходніках да плошчы Перамогі, дзе яны мелі далучыцца да дзяржаўных сьвяткаваньняў. Праваахоўнікі не заміналі шэсьцю, але ўдзельнікаў прапускалі да афіцыйных сьвяткаваньняў толькі праз дагляд і мэталашукальнікі — выходзіць марудна, шмат не пасьпелі прапусьціць да пачатку афіцыйных сьвяткаваньняў.

«Несьмяротны полк» як траянскі конь «русского мира»

Міліцыянты вывелі з калёны прынамсі двух людзей з сымболікай расейскай прапуцінскай арганізацыі «НОД» — аднаго чалавека са сьцягам «НОД», савецкай чырвонай зоркай на майцы і ў куртцы з гербам сучаснай Нямеччыны. Іх не затрымлівалі надоўга, прапусьцілі да афіцыйных сьвяткаваньняў.

Рух «Несьмяротны полк» быў заснаваны ў Расеі ў 2012 годзе і займаецца «захаваньнем асабістай памяці аб пакаленьні Вялікай Айчыннай вайны». Удзельнікі руху штогод праходзяць шэсьцем з партрэтамі сваякоў, якія ўдзельнічалі ў Другой ўсясьветнай вайне. Пасьля расейскай акупацыі ўкраінскага Крыму ў 2014 годзе ініцыятараў акцый «Несьмяротны полк» сталі атаясамліваюць з ідэямі «русского мира».

Лукашэнка выказаўся супраць «прыватызацыі перамогі»

Дзень Перамогі як дзяржаўнае сьвята пачалі азначаць аб 12-й гадзіне на плошчы Перамогі ўскладаньнем кветак да Вечнага агню. Сьвяточныя імпрэзы працягнуцца ў парку Перамогі, ля Палаца спорту і ў Верхнім горадзе, завершацца салютам а 23-й гадзіне. На афіцыйных сьвяткаваньнях «георгіеўская» стужка не ўжываецца, савецкая сымболіка ўжываецца вельмі рэдка.

***

У сьвеце адзначаюць перамогу над нацысцкай Нямеччынай у Другой усясьветнай вайне 8 траўня, у дзень, калі ў 1945 годзе набыў сілу акт аб капітуляцыі нацыстаў.

На постсавецкай прасторы Дзень Перамогі адзначаецца 9 траўня праз розьніцу ў часавых паясах. Таксама на постсавецкай прасторы 9 траўня звычайна гавораць не пра Другую ўсясьветную вайну (яна працягвалася ад 1 верасьня 1939-га, калі нацысты, якія тады былі саюзьнікамі СССР, увайшлі ў Польшчу, да 2 верасьня 1945-га – да капітуляцыі Японіі), а пра «Вялікую Айчынную» (ад нападу нацыстаў на СССР да капітуляцыі Нямеччыны, без уліку савецка-фінскай вайны, разьдзелу Польшчы між Нямеччынай і СССР, акупацыі СССР балтыйскіх дзяржаваў і іншых падзеяў, што папярэднічалі нападу нацыстаў на СССР).

Савецкі Саюз сам-насам ня здолеў бы перамагчы фашыстаў, — расейскі гісторык Марк Салонін

У Другой усясьветнай вайне загінула больш за 70 млн чалавек, у тым ліку 2,5–3 млн беларусаў (паводле розных ацэнак, толькі ў часы сталінскага тэрору — а рэпрэсіі былі і да яго, і пасьля — ахвярамі бальшавісцкіх рэпрэсіяў сталі ад 600 тысяч да 1,4 мільёна беларусаў).

Да Дня Перамогі Symbal.by пачаў раздаваць значкі «Ніколі зноў»

Праклятыя Сталіным. Як СССР адмаўляўся дапамагаць сваім ваеннапалонным

Колькі ў Беларусі засталося вэтэранаў Вялікай Айчыннай, а колькі — «забытых герояў» Другой усясьветнай вайны

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG