Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвята чырвонага маку. Як Украіна дэкамунізавала савецкі Дзень Перамогі


Украіна ад 2015 году перайшла на эўрапейскі каляндар ушанаваньня падзеяў, зьвязаных з завяршэньнем Другой усясьветнай вайны і падпісаньнем у 1945 годзе акту аб безагаворачнай капітуляцыі нацысцкай Нямеччыны. 8 траўня адзначаецца ва Ўкраіне як Дзень памяці і прымірэньня.

Аднак пакуль што, у адрозьненьне ад Дня Перамогі, які па-ранейшаму адзначаецца 9 траўня, Дзень памяці і прымірэньня застаецца працоўным, а не выходным.

Сымбалі і назвы

​Ва Ўкраіне больш як два дзесяцігодзьдзі пасьля атрыманьня незалежнасьці сымбалем ушанаваньня Другой усясьветнай вайны, якая тады, як і ва ўсіх іншых постсавецкіх краінах, па інэрцыі яшчэ называлася Вялікай Айчыннай, была георгіеўская стужка. Пасьля анэксіі Расеяй Крыму і пачатку расейскай узброенай агрэсіі на Данбасе ў 2014 годзе стужку пачалі ўспрымаць як сымбаль «русского мира», а ўжо ў 2015 годзе ад яе адмовіліся афіцыйна на карысьць кветкі маку.

Упершыню новы сымбаль, зь якім асацыявалася вайна 1939-1945 гадоў, быў прэзэнтаваны ў 2009 годзе на вялікай навуковай канфэрэнцыі ў Кіева-Магілянскай акадэміі, але канчаткова ён быў аформлены толькі ў 2015-м харкаўскім дызайнэрам Сяргеем Мішакіным. У адной выяве адначасова і кветка маку, і крывавы сьлед ад кулі — як перасьцярога ад паўтарэньня вайны.

З канчатковай назвай самой вайны як Другой усясьветнай ва Ўкраіне вызначыліся ў 2017 годзе, калі нацыянальны парлямэнт ухваліў зьмены да закону аб статусе вэтэранаў вайны і гарантыях іх сацыяльнай абароны. Да таго часу ў школьных падручніках гісторыі вайну 1939-1945 гадоў называлі Вялікай Айчыннай.

Дыскусіі на гэтую тэму вяліся вельмі доўга і зь пераменным посьпехам — у 2009 годзе яны завяршыліся на карысьць выкарыстаньня тэрміну «Другая ўсясьветная вайна». Але ўжо праз два гады, падчас прэзыдэнцтва Віктара Януковіча, у школьныя падручнікі вярнулі Вялікую Айчынную вайну, скарацілі інфармацыю пра АУН-УПА, якая змагалася супраць савецкіх войскаў, і цалкам прыбралі згадкі аб Аранжавай рэвалюцыі 2004 году.

У 2015 годзе Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла пакет законаў аб дэкамунізацыі ўкраінскага грамадзтва, у якім воіны АУН-УПА атрымалі статус змагароў за незалежнасьць краіны ў ХХ стагодзьдзі, якія ўшаноўваюцца гэтаксама, як і ўдзельнікі вайны, што змагаліся на баку Чырвонай арміі.

Першая хвіліна міру

Інсталяцыя на плошчы Незалежнасьці ў Кіеве да Дня памяці і прымірэньня. 2017 год
Інсталяцыя на плошчы Незалежнасьці ў Кіеве да Дня памяці і прымірэньня. 2017 год

​8 траўня па ўсёй Украіне адбываецца афіцыйнае мерапрыемства «Першая хвіліна міру». Яна пачынаецца за паўтары гадзіны да поўначы. У Кіеве акцыя праводзіцца пры ўдзеле кіраўніцтва дзяржавы ў Нацыянальным музэі гісторыі Ўкраіны ў Другой усясьветнай вайне.

Летась, дарэчы, на гэтай акцыі лунаў бел-чырвона-белы сьцяжок з гербам «Пагоня». Яго трымала дзяўчынка сярод моладзі, якая атачала трыбуны з запрошанымі гасьцямі. Побач луналі сьцяжкі іншых дзяржаў — Швэцыі, Турэччыны, Вялікай Брытаніі, Літвы, Канады, Польшчы.

Несьмяротны полк

Падчас акцыі «Несьмяротны полк» у Кіеве. 2017 год
Падчас акцыі «Несьмяротны полк» у Кіеве. 2017 год

У адрозьненьне ад Менску, 9 траўня ў Кіеве мае адбыцца акцыя «Несьмяротны полк», запачаткаваная ў Расеі. Арганізатары шэсьця заявілі каля трох тысяч удзельнікаў — яны зьбіраюцца выйсьці з партрэтамі сваякоў, якія ваявалі ці працавалі ў тыле падчас Другой усясьветнай вайны.

Летась аналягічная акцыя ў Кіеве завяршылася сутыкненьнямі. Тады разам зь іншымі 25 прадстаўнікамі добраахвотніцкага батальёну АУН (Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў) быў затрыманы і беларус-добраахвотнік Васіль Парфянкоў, які потым доўгі час знаходзіўся пад хатнім арыштам. Ягоная крымінальная справа дагэтуль разглядаецца ў судзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG