Генэральная пракуратура Беларусі супольна з абласнымі пракуратурамі і транспартнай пракуратурай правяла праверку рэалізацыі дзяржаўнай праграмы па разьвіцьці аўтамабільных дарогаў і знайшла парушэньні, перадае БелаПАН.
Папярэдняя праграма (PDF) па разьвіцьці і ўтрыманьня дарог Беларусі была прынятая ў 2014 годзе і разьлічвалася на 2015–2019 гады. На яе плянавалася выдаткаваць за ўвесь час 75 трлн недэнамінаваных рублёў, або 6,852 млрд даляраў на момант прыняцьця праграмы. Цяпер яна скасаваная – прынятая новая на 2,87 млрд даляраў.
У рэалізацыі папярэдняй праграмы было выяўленае выкарыстаньне машынаў і мэханізмаў, не прадугледжаных праектнай дакумэнтацыяй, што павялічыла кошт рамонту. Таксама выяўлена, што «Белдарцэнтар» зацьвярджаў акты выкананых працаў не па факце зробленай працы, а па сьметнай дакумэнтацыі. Пляны працаў часам не выконваліся празь «перакідваньне» бюджэтных сродкаў з аб’екту на аб’ект. Выяўленыя і факты парушэньняў у выкананьні гарантыйных абавязкаў па ўтрыманьні мастоў. Самымі частымі парушэньнямі Генпракуратура назвала невыкананьне тэмпэратурнага рэжыму пры ўкладаньні «заплатак» побач са старым дарожным пакрыцьцём.
Генпракуратура па факце праверкі накіравала ў Міністэрства транспарту прапановы па выпраўленьні сытуацыі карэктаваньні прынятай цяпер новай праграмы. Ці вызначаныя канкрэтныя чыноўнікі, вінаватыя ў парушэньнях, не паведамляецца.
З дарогамі ня ўсё добра
Як адзначае Савет міністраў у новай праграме (PDF), з 1997 году ў Беларусі амаль утрая павялічыўся «ўзровень аўтамабілізацыі насельніцтва, але працягласьць дарог агульнага карыстаньня павялічылася толькі ў 1,6 раза (практычна перастала расьці з пачатку 2000-х), а аб’ём фінансаваньня (без улікаў крэдытаў) – у 1,5 раза. Аб’ём дарожных работ зьменшыўся за 20 гадоў у 3,6 раза.
З амаль 87 тысяч кілямэтраў дарог агульнага карыстаньня 11,5 тысячы ня маюць цьвёрдага пакрыцьця (усе грунтовыя – мясцовыя, але не рэспубліканскія). З 16 тысяч кілямэтраў рэспубліканскіх дарог 29,7% не адпавядаюць нормам, з 71 тысячы км мясцовых 30% патрабуюць рамонту, больш за 64% маюць абмежаваньне на вагу машынаў. Барацьба са штогадовым псаваньнем дарог вядзецца несвоечасова, зь мясцовых дарог 94% эксплюатуюцца «зь перавышэньнем міжрамонтных тэрмінаў».