Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новую «дарожную» праграму Беларусі ацанілі ў 2,87 млрд даляраў. На што пойдуць грошы


Савет Міністраў Беларусі зацьвердзіў Дзяржаўную праграму разьвіцьця і ўтрыманьня аўтамабільных дарог на 2017–2020 гады (PDF).

Кошт праграмы ацэнены ў 5,604 млрд беларускіх рублёў у цэнах на студзень 2017 году (каля 2,875 млрд даляраў паводле студзеньскага курсу Нацбанку).

Больш за палову плянуецца атрымаць з рэспубліканскага бюджэту (там ёсьць дарожны фонд), яшчэ каля траціны — узяць у крэдыт у камэрцыйных банках, астатняе дабраць зь мясцовых бюджэтаў небюджэтнага інвэстыцыйнага фонду Міністэрства транспарту і рэспубліканскіх дарожных гаспадарак.

З дарогамі ня ўсё добра

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

​Як адзначае Саўмін, з 1997 году ў Беларусі амаль утрая павялічыўся «ўзровень аўтамабілізацыі насельніцтва, але працягласьць дарог агульнага карыстаньня павялічылася толькі ў 1,6 раза (практычна перастала расьці з пачатку 2000-х), а аб’ём фінансаваньня (без улікаў крэдытаў) — у 1,5 раза. Аб’ём дарожных работ зьменшыўся за 20 гадоў у 3,6 раза.

З амаль 87 тысяч кілямэтраў дарог агульнага карыстаньня 11,5 тысячы ня маюць цьвёрдага пакрыцьця (усе грунтовыя — мясцовыя, але не рэспубліканскія). З 16 тысяч кілямэтраў рэспубліканскіх дарог 29,7% не адпавядаюць нормам, з 71 тысячы км мясцовых 30% патрабуюць рамонту, больш за 64% маюць абмежаваньне на вагу машынаў. Барацьба са штогадовым псаваньнем дарог вядзецца несвоечасова, зь мясцовых дарог 94% эксплюатуюцца «зь перавышэньнем міжрамонтных тэрмінаў».

Куды пойдуць грошы

Асноўная частка грошай — 4,173 млрд рублёў — пойдзе на «разьвіцьцё і ўтрыманьне» рэспубліканскіх дарог, яшчэ 1,432 млрд хочуць накіраваць на «рамонт і ўтрыманьне» мясцовых.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На рэспубліканскіх дарогах плянуюць стварыць інтэлектуальную транспартную сыстэму зь відэаназіраньнем і мэтэаманіторынгам, адсочваньнем транспартных плыняў у рэальным часе, кіраваньнем рухам праз «знакі зьменнай інфармацыі», электроннай сыстэмай платы за праезд і іншым. Укараніць сыстэму зьбіраюцца перадусім на трасе М-1, што ідзе зь Берасьця ў бок Смаленску.

Да 2020 году зьбіраюцца правесьці, паводле адной падпраграмы, бягучы рамонт і рэканструкцыю 7000 мясцовых дарог (687,7 км — капітальны рамонт) і 1317 пагонных мэтраў мастоў, паводле іншай праграмы заплянаваны бягучы рамонт 4000 км рэспубліканскіх дарог і 7200 пагонных мэтраў мастоў, а таксама капітальны 200 км дарог і 4500 пагонных мэтраў мастоў. Рэканструяваць за кошт крэдытаў зьбіраюцца ўчасткі трасаў М-6, М-7, Р-16, Р-23, Р-58 і Р-80.

Была і больш грандыёзная праграма, ды ня ўсё атрымалася

У 2014 годзе была прынятая праграма разьвіцьця і ўтрыманьня дарог Беларусі на 2015–2019 гады (PDF). На яе плянавалася выдаткаваць за ўвесь час 75 трлн недэнамінаваных рублёў, або 6,852 млрд даляраў на момант прыняцьця праграмы. Цяпер яна скасаваная.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У той праграме прызнавалася, што патрабаваная эфэктыўнасьць мінулай праграмы на 2006–2015 гады не была дасягнутая, заставалася 3,4 тысячы км дарогаў у нездавальняючым стане. Але і тая праграма была «недавыкананая»: зь 7 плянавых паказьнікаў выканалі 5, правалілі паказьнікі бягучага і капітальнага рамонту. Але міжведамасная камісія дала здавальняючую ацэнку эфэктыўнасьці праграмы ў 2016 годзе.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG