Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брусэль дае Беларусі 20 мільёнаў эўра на транспамежную інфраструктуру


Сёньня Палата прадстаўнікоў ратыфікавала два міжнародныя пагадненьні Беларусі ў супрацы з Эўрапейскім зьвязам. Фінансаваньне шэрагу транспамежных інфраструктурных праектаў у Беларусі абыдзецца Брусэлю ў 20 мільёнаў даляраў.

На рэалізацыю «Праграмы транспамежнай супрацы Латвія — Літва — Беларусь», як паведаміў намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шастакоў, Эўразьвяз пераводзіць на рахунак Беларусі 7,4 мільёна эўра. На што пойдуць гэтыя грошы? Першае — разьвіцьцё тэлекамунікацыйнай інфраструктуры на беларуска-літоўскай мяжы. Другое — мадэрнізацыя міжнароднага пункту пропуску «Урбаны — Сілене» на мяжы Беларусі і Латвіі, і трэцяе — паляпшэньне інфраструктуры міжнароднага пункту пропуску «Грыгароўшчына — Патэрніекі» на гэтай жа мяжы.

На праект па лініі «Польшча — Беларусь — Украіна» Брусэль выдае 12,7 мільёна эўра. Гэтыя грошы пойдуць на тры справы:

  • будаўніцтва дадатковага аўтамабільнага моста праз раку Сьвіслач у міжнародным пункце пропуску «Бераставіца — Баброўнікі» на мяжы Беларусі і Польшчы;
  • умацаваньне патэнцыялу пажарных і ратавальных службаў на беларуска-польскіх прымежных тэрыторыях,
  • мадэрнізацыя і будаваньне аўтамабільнай дарогі Р-16 для паляпшэньня транспартнага руху ў беларуска-польскім памежжы.

Раней атрымалі 55 млн эўра

Адказваючы на пытаньні дэпутатаў, намесьнік міністра замежных спраў Беларусі сказаў, што, пачынаючы з ажыцьцяўленьня першых праграм з Эўразьвязам, Беларусь атрымала з Брусэлю ўжо 55 мільёнаў эўра. Ён удакладніў, што гэтыя грошы пайшлі на розныя мэты, ня толькі для паляпшэньня працы памежных і мытных службаў. У прыватнасьці, на іх закупілі новае абсталяваньне для мэдарганізацый Беларусі, органы Міністэрства надзвычайных сытуацый купіла сабе дадатковую тэхніку. Паводле Яўгена Шастакова, супрацоўніцтва з Брусэлем дае пэўны плён, і адмаўляцца ад яго было б немэтазгодным.

Дэпутаты ратыфікавалі абодва пагадненьні.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG