Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму «калгасьнікаў» частку заробку прымушаюць браць прадуктамі?


«Заробак пералічваюць наўпрост на краму: некаму 20 рублёў, некаму 25, нехта зарабіў аж 50. Што напісалі ў ведамасьці, тое і пералічваюць», — жыхары Віцебшчыны паступова забываюцца, як выглядаюць «жывыя» грошы.

Пакуль горад адчайна чапляецца за прэзыдэнцкае абяцаньне «500 даляраў — у адны працоўныя рукі», вёска канчаткова капітулявала перад рэаліямі.

Харчовы прымус: каўбаса бяз выбару

Аляксандар зь вёскі Радзюкі Шаркаўшчынскага раёну — па мясцовых мерках ледзь не «буржуй». Працуе трактарыстам ПМК сельскагаспадарчага каапэратыву «Маркава», мае на выхадзе дзесьці 150 рублёў новымі — 75 даляраў у эквіваленце. Гэта шмат, бо заробкі па гаспадарцы, калі адкінуць адміністрацыю, істотна меншыя — у жывёлаводаў, даярак, падвозчыкаў. Адзінае, наракае, мала даюць на рукі, большая частка пераводзіцца... на краму:

«Наўрад ці хто ў калгасе скажа дакладны заробак, аж да капейкі — усім работнікам грошы пералічваюць наўпрост на краму. Відаць, няма чым плаціць, дык прыдумалі, каб выбіралі прадуктамі».

Якую частку заробку пераводзіць на натуральны абмен — вызначае кіраўніцтва гаспадаркі. Недзе гэта траціна, недзе палова, а недзе — сто адсоткаў.

Апроч таго, гэта ці не адзіная магчымасьць утрымаць «сельпо» на плыву — з уласнай волі людзі ў краму даўно ня ходзяць, хіба па хлеб ды соль. А як расьпісваецца «харчовы кошык»?

Каўбасу можна ўзяць, але не любую

«Як каму, залежна ад таго, на што напрацавалі, — кажа Аляксандар. — За ўсіх не магу гаварыць, але ў любым выпадку гэта мізэр — некаму 20 рублёў, некаму 25, а нехта нарабіў аж на 50! Што напісалі ў ведамасьці, тое і пералічваюць».

Пры гэтым малады трактарыст удакладняе, што нельга прыйсьці ў краму і выбраць на ўласны густ — даюць тое, за што калгас загадзя праплаціў вытворцу. І не пазайздросьціш таму, хто зарабляе не 150 рублёў, як ён, а разоў у пяць меней:

«Каўбасу можна ўзяць, але не любую. Я так разумею, што калгас наўпрост працуе з пэўнай арганізацыяй — напрыклад, зь мясаперапрацоўчым заводам. І, каб не плаціць людзям жывыя грошы, выдаюць іхнымі каўбасамі. На пару разоў хапае затарыцца, каўбасы ж дарагія...»

Аграрны апакаліпсіс: выжыць бяз грошай

Вяскоўцы кажуць, што гатоўкі амаль ня бачаць — шмат хто так і ня меў нагоды прызвычаіцца да купюраў новага ўзору. І гэта пры тым, што на некаторых «вісяць» даўгі, крэдыты, ня кажучы пра абавязковыя плацяжы — за садок, школьнае харчаваньне, камунальныя паслугі. Добра тым, у каго ў сямʼі пэнсіянэр або нехта зь сямейнікаў працуе ў горадзе — прынамсі, ёсьць хоць якія запасы:

«У калгасе працуе знаёмы, не хачу яго называць, дык перад Новым годам яму пералічылі на картку 7 рублёў, — кажа трактарыст Аляксандар. — То бок гэта рэшта ягонага заробку, астатняе закінулі ў краму. Ну, а што зробіш? Усюды цяпер так, толькі ніхто не гаворыць...»

Іншы жыхар Мёршчыны, спадар Багуслаў, кажа, што прымусовае атаварваньне ў крамах — яшчэ паўбяды. Шмат хто з калгасьнікаў пераваліў у новы год увогуле без заробкаў:

У некаторых калгасах чакаюць заробку яшчэ за мінулагодні кастрычнік

«У некаторых калгасах чакаюць заробку яшчэ за мінулагодні кастрычнік. Напрыклад, у Падʼельцах побач зь Мёрамі за кастрычнік далі толькі 30%, і ўсё. Якія там грошы, і тое толькі траціну закрылі. І, як на мяне, дык чаканьні марныя — адкуль раптам грошы возьмуцца? Ведаю, што ў „пасьпяховых“ гаспадарках на рукі даюць мільён старымі, а яшчэ паўмільёна кідаюць на краму, там ужо вылічваюць за тавар. Але большасьць такіх, дзе стабільна 300–500 тысяч рублёў, больш не бывае».

Кінарэжысэр Аляксей Туровіч родам з Глыбоччыны, якраз днямі пабываў на радзіме. Ад убачанага ў шоку — ніколі яшчэ рэгіён не пакідаў уражаньня такой занядбанасьці і беспэрспэктыўнасьці. Кажа, гатовыя дэкарацыі, каб хоць сёньня здымаць фільм пра «аграрны апакаліпсіс»:

«Праехаў Глыбоччыну, Мёршчыну, Браслаўшчыну — паверце, гэта дно, далей ужо няма куды. У калгасах зарабляюць па 30–50 рублёў, а некаторым наагул нічога ня плацяць. І людзі маўчаць, уяўляеце? Нават тыя капейкі перакідваюць на крамы, наяўнымі не даюць. Зразумела, што клапоцяцца найперш пра крамы, каб тыя, прабачце, канчаткова ня здохлі. Дык часьцяком калгасы сродкі ня могуць нават пералічыць, бо іх няма, бюджэт дзіравы. Тады дамаўляюцца зь нейкім мясакамбінатам, каб той у кошт будучых паставак даў якой каўбасы — як правіла, не найлепшай якасьці, што называецца, з душком. І так па ўсёй вобласьці, галеча паўнейшая...»

Закладнікі выручкі: працуеш, а не зарабляеш

Месяц таму Свабода расказвала гісторыю даяркі ААТ «Сельцы» зь вёскі Восава на Глыбоччыне Жанны Рудак. Жанчына стала вядомая пасьля таго, як 19-гадовы Аляксандар Рудак выклаў у сеціва разьліковы рахунак маці — 32 рублі 26 капеек на рукі з налічаных 82 рублёў. Пры тым, што — як сьцьвярджае Нацыянальны статыстычны камітэт — намінальны заробак у канцы мінулага году ў жывёлагадоўлі перавысіў 480 рублёў.

Адначасна Аляксандар паскардзіўся ў прэзыдэнцкую адміністрацыю. Як водзіцца, скаргу пераадрасавалі мясцовай вэртыкалі. З улікам статусу ведамства, адкуль допіс быў спушчаны на далейшае рэагаваньне, адказ сямʼя даяркі атрымала досыць хутка.

У лісьце з камітэту сельскай гаспадаркі і харчаваньня Віцебскага аблвыканкаму тлумачыцца, што асноўная крыніца сродкаў для выплаты заробкаў работнікам таварыства «Сельцы» — выручка ад рэалізацыі прадукцыі, то бок малака. Аднак пагаршэньне вытворчых паказьнікаў, зьніжэньне абʼёмаў і, адпаведна, выручкі, а таксама рост крэдыторскай запазычанасьці перад Глыбоцкім малочна-кансэрвавым камбінатам (у эквіваленце 2 гады і 4 месяцы штодзённага разьліку здачы малака) спрычыніліся да зьніжэньня заробку і пратэрмінаваньня выплаты.

Фактычна гэта можа быць дзяжурным і ўнівэрсальным адказам усім, хто незадаволены сваімі прыбыткамі — сёньня ў плюс не спрацоўвае практычна ніводзін калгас Беларусі.

Гэтаксама ў лісьце прызнаецца, што ў сувязі зь недахопам грашовых сродкаў ажыцьцяўляецца частковая замена грашовай формы аплаты працы натуральнай — прадуктамі харчаваньня. На думку першага намесьніка старшыні профільнага камітэту аблвыканкаму Машэры, які пакінуў подпіс пад лістом да Жанны Рудак, гэта не парушае дзейнае заканадаўства.

Пры тым, што калектыўная форма гаспадараньня прадэманстравала сваю неэфэктыўнасьць і ад яе адмовіліся ва ўсіх постсавецкіх краінах, Беларусь працягвае трымаць людзей у дзяржаўных сельскагаспадарчых таварыствах, якія зьмянілі шыльды, але сутнасна засталіся ўсё тымі ж калгасамі.

Глядзець камэнтары (2)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG