Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даярка Жана і яе анёл Саша


Адзін працоўны дзень жанчыны, якая зарабляе 16 даляраў у месяц.

19-гадовы Саша Рудак на ўсю краіну праславіў сваю маці — даярку ААТ «Сельцы» Жану. Саша выклаў у інтэрнэт яе разьліковы рахунак. Белстат паведаміў, што намінальны заробак за кастрычнік 2016 году ў жывёлагадоўлі склаў 483,9 рублёў. Жана Рудак з налічаных ёй 82 рублёў на рукі атрымала 32 рублі 26 капеек.

Пасьля розныя выданьні пісалі, як хлапец прыяжджаў скардзіцца ў Адміністрацыю прэзыдэнта, а чыноўнікі казалі, што такія малыя заробкі толькі ў тых, хто «не выконвае сваіх абавязкаў».

Мы правялі з Жанай адзін працоўны дзень — каб зразумець, як трэба працаваць, каб зарабіць 16 даляраў у месяц.

Як выглядае праца за 16 даляраў на месяц
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:05 0:00

Рудакі жывуць у вёсцы Восава на Глыбоччыне. Ад Менску 150 кілямэтраў. У тым, што Саша — анёл, мы самі пераканаліся. Ён патэлефанаваў нам празь пяць хвілін пасьля таго, як уначы і ў мінус 12 мы ўпэўнена павярнулі ў другі бок ад іхняй вёскі.

Калі пісалі, што Саша «прыехаў у Менск» у Адміністрацыю, дык гэта толькі часткова праўда. З Восава да Глыбокага Саша ўначы ішоў пешкі. Тры гадзіны: «А другой выйшаў, а пятай ужо там, — казаў ён нам. — Затое 30 кілямэтраў прайшоў за той дзень».

У Адміністрацыю прэзыдэнта яго не пусьцілі. «Ня ведаю, чаму. Можа, куртка не спадабалася? — сьмяецца хлапец. — Але сказалі, што няма ў іх такога спэцыяліста, каб нам дапамагчы».

Не ўзялі Сашу і ў войска, а адправілі ў інфэкцыйную больніцу, дзе яго наведаў намесьнік старшыні Глыбоцкага райвыканкаму па эканоміцы Ёсіф Пачкоўскі. Пытаўся, чаму не прыехаў да раённых уладаў і чаму не зьбіралі дакумэнты на адрасную дапамогу. «Колькі разоў зьбіралі — а толку?!» — кажа Жана.

У вёсцы ўпэўненыя, што Сашу ў войска не ўзялі ня проста так. На ўсялякі выпадак таблеткі, якія яму там давалі, Саша ня піў. А Жана распавядае, як пабегла пазычаць у знаёмай грошы, а тая паўжартам-паўсур’ёзна адказала: «Цябе пасадзяць, дык хто мне аддаваць будзе?»

І Жана, і яе муж Юра працуюць у «калгасе». Жывуць у «прэзыдэнцкім» доміку. Камунальныя за яго вылічваюць з заробку Жаны, і цяпер гэта 7,2 рубля. У іх пяцёра дзяцей. Адзін сын, старэйшы, жыве з жонкай асобна, другі — на заработках у Мурманску.

Саша, які сёлета скончыў каледж у Гарадку і робіць тэхнікам-мэханікам, жыве з бацькамі. Меншая вучыцца ў тым жа каледжы на «повара-овощевода». А малодшая Жэнечка, якую ўсе называюць «прынцэска» — у чацьвёртай клясе.

Жана даглядае старую маці, чыя пэнсія — ці не асноўны сродак выжываньня сям’і.

У наступным годзе ў Жаны і Юры юбілей сумеснага жыцьця — 30 гадоў. Усе дарослыя Рудакі атрымалі сельскагаспадарчыя спэцыяльнасьці, а калі пытаесься ў Жэнечкі, кім яна хоча стаць, яна адказвае: «Поварам».

Жана працуе даяркай з 1993 году. А Сашу называюць хлопчыкам, які «вырас на фэрме». «Ну ўявіце, 1997 год, — кажа Жана. — Я цяжарная, да апошняга на фэрме, бо не было проста каму даіць — хто на пэнсіі, хто на групе. Мы засталіся ўдваіх на ўсю фэрму».

Калі сыходзіла ў раддом, навучыла даіць Юру. А калі другая даярка трапіла ў больніцу, ён застаўся адзін на ўсю фэрму.

«На пятыя суткі мяне з раддому выпісалі, на шостыя загадчыца фэрмы прыяжджае да мяне і кажа: „Юрка твой адзін на ўсю фэрму, што рабіць? Зьбірай малога, паедзем“, — сьмеючыся, згадвае жанчына. — Зьнялі вазок, засунулі ў багажнік, малога цяплей ухутала, паехалі. Загадчык фэрмы пільнаваў дзіця, а я даіла».

Часам брала на фэрму старэйшых сыноў, якія рабілі з Сашам. У «дэкрэце» зь ім «сядзеў» Юра, бо на тыя часы заробак у Жаны быў большы, чым ягоны. «З заробку можна было карову купіць, — кажа Жана пра тыя часы. — Дык Саша фактычна на фэрме і вырас».

Прачынаецца Жана без будзільніка а 4 ранку. На ранішнюю дойку ёй а шостай. Да гэтага трэба пакарміць сваю карову і парасят і пакінуць есьці сям’і. Па Жэню а сёмай заедзе школьны аўтобус. Зьбіраць яе будзе Юра. «Я яе амаль і ня бачу, — кажа Жана. — Я сыходжу — яна сьпіць, я прыходжу — яна ўжо можа спаць».

Паўтара кілямэтра да фэрмы Жана едзе роварам. Кажа, што пры канцы Савецкага Саюзу калгас тут быў добры, «ледзьве не мільянэр». У 90-я было па-рознаму: заробкаў не давалі па некалькі месяцаў, а калі атрымлівалі — іх ужо зьядала інфляцыя. Але па-сапраўднаму гібець гаспадарка стала ў апошнія гады.

«Пазатой год у мяне выдатны быў заробак, — кажа Жана. — Два з паловай, тры, тры дзьвесьце (мільёнаў. — РС) я выцягвала».

Бяда з заробкамі пачынаецца звычайна пад зіму, калі надоі малака падаюць, а жыве гаспадарка зь іх.

«Вы маю кароўку ў любое месца перастаўце, я яе пазнаю», — сьмяецца Жана. На восаўскай фэрме цяпер тры даяркі — Жаніна сяброўка Сьвета і Валя з Украіны. Яна ўжо трэці год езьдзіць сюды на працу за паўтары тысячы кілямэтраў. Дома ў яе гадуецца дачка. Але бліжэй працы няма, кажа яна.

Жанчыны разьбіраюць мяхі з кармамі — кожны па 30–40 кіляграм. На кожную — 50–60 кароваў. Даярчына праца — карміць, мыць, даіць, цягаць вёдры з малаком. Каровы жуюць сена, лётаюць галубы, праз уваход відаць марозны ружовы сьвітанак — атмасфэра на фэрме амаль біблейская, каб ня рэзкі пах гною і не ператомленыя твары і паставы даярак.

«Я дваццаць чацьвёрты год даяркай, у адпачынку цалкам была тры разы», — кажа Жана. На пытаньне, чаму працуюць без выходных, адказ просты — замяніць іх няма кім. Праца цяжкая, брудная, заробак нізкі — ісьці сюды ня хоча ніхто. А што за праца?

«Ну вось ставяць мяне на „раздой“, — расказвае Жана. — Гэта калі маладыя цёлкі, як першы раз ацяліліся, то іх трэба даіць. А яны ж ня ведаюць, б’юцца. Я два гады запар была з паламанымі нагамі. Першы раз паламала, дык яшчэ двое сутак аддаіла. На трэція суткі ў мяне нага так распухла, што не магу на яе стаць. Званю заатэхніку, кажу, мне трэба ў паліклініку, ня буду даіць. А мне заатэхнік кажа: „Ты, можа, як-небудзь ранак аддоіш, а пасьля мы цябе на машыне завязем“. Я аддаіла, але адвезьлі мяне, праўда, на машыне, нічога не скажу».

Трактарыст на фэрме паказвае свой разьліковы рахунак — за той жа месяц атрымаў 90 рублёў. «Я па 11–12 гадзін без выходных на трактары, — абураецца ён. — Каб ня жонка, пайшоў бы з торбай па нішчымніцы. Што за 90 рублёў можна купіць, ну?»

«Увесь час кажуць, што кепска працуюць, што ніхто нічога ў калгасе ня робіць», — падтрымлівае яго даярка Сьвета.

А як ставяцца да вас? — пытаюся я ў яе.

— А ніяк, — кажа яна. — Адна даярка з гаспадаркі паехала скардзіцца начальству, што ня можа пракарміць дзяцей. А ў раёне ёй сказалі: «Ня можаце пракарміць — здавайце ў прытулак».

У Сьветы таксама пяцёра дзяцей і дзесяцігодзьдзі працоўнага стажу. Яна ўжо пару гадоў магла б быць на пэнсіі, але нейкая бюракратычная валакіта трымае яе на працы. «Лічаць-лічаць, і ўсё не хапае мне да пэнсіі. Апошні раз во лічылі, ізноў сказалі, што яшчэ працаваць трэба», — кажа яна.

І як жа вы працуеце без выходных столькі гадоў?

— Ды, напэўна, звычка ўжо.

Ніякіх кампэнсацыяў за працу ў выходныя, налічэньняў за стаж жанчыны таксама не атрымліваюць.

Недзе пад дзявятую ранку Жана выпраўляецца дахаты. Па дарозе ёй трэба пакарміць яшчэ адно сваё цяля. Вярнуўшыся, яна робіць хатнюю працу і гатуе абед.

«Каб ня годная бабуліна пэнсія, я ня ведаю, як бы мы выжывалі, — кажа яна. — Палова сыходзіць на лекі, але недзе паўтара мільёна мне застаецца, і тое добра».

У гэты час Саша завозіць нас у майстэрні, дзе працуе бацька. Там зьбіраюцца два дзясяткі мужчын. «Вось паглядзіце! — кіроўца МАЗа працягвае нам свой разьліковы рахунак. — 28 працоўных дзён! 32 рублі мне налічылі! Сумленьне б нейкае мелі». Адзін за адным яны пералічаюць свае крыўды.

«Калісьці наша гаспадарка за свае сродкі рабіла рэканструкцыю дзьвюх фэрмаў, — кажа адзін зь іх. — На трэцюю фэрму раённае кіраўніцтва настаяла, каб узялі крэдыт. І з гэтага пачалося ўсё горш».

Работнікі наракаюць на раённае начальства, якое прымушае сеяць рапс. «Рапс патрабуе дакладнага выкананьня тэхналёгіяў, шмат угнаеньняў, шмат расходаў. У нас на гэта сродкаў няма. А раённае кіраўніцтва маўчыць, а нас не пытаецца», — скардзяцца людзі.

Па словах людзей, гаспадарку ўжо некалькі разоў спрабавалі рэфармаваць, абяцалі «сьветлую будучыню». У выніку зь вясны да позьняй восені людзі робяць без выходных і маюць хоць нейкія заробкі, а ўзімку — тыя, што на разьліковых.

— Калі з калгасу звольнісься, нікуды цябе на працу ня возьмуць. Гэта раённае ўказаньне, — кажуць яны.

Дык гэта рабства?

— Падобна да таго.

Гаспадарку работнікі жартам называюць «вытворчасьцю дырэктараў», бо сёлета тут мяняецца ўжо трэці кіраўнік. Юры Бадун цяпер выконвае ў «Сельцах» абавязкі старшыні, але ўжо напісаў заяву на звальненьне. Камэнтаваць штосьці для журналістаў ён адмаўляецца. Людзі яго ў нізкіх заробках не вінавацяць. Упэўненыя, што прычына — у раённым кіраўніцтве.

Гаспадарка жыве з жывёлагадоўлі, здае мяса і малако, засявае палі кармавымі культурамі. Калі налічваюць заробак, кіруюцца пастановай Савету міністраў № 1506 ад 30 кастрычніка 2002 году. Яна абавязвае сельскагаспадарчыя арганізацыі, у якіх ёсьць запазычанасьць па выплаце заработнай платы, вылучаць на яе ня больш за 25 працэнтаў ад аб’ёму рэалізаванай прадукцыі.

— Ну што, цяпер нас ужо дакладна пасодзяць? — пытаюцца рабочыя пасьля размовы з журналістамі.

З чаго вы гэта ўзялі?

— Ну а як інакш? Тут усё можа быць.

Сусед Жаны зайшоў у абед папіць кавы. Распавядае, як паехаў у Менск на закупы, бо дачка чакае другое дзіця. «Ведаеш, халат каштуе 70 рублёў. Дык што, Жана, колькі халатаў купіш на свой заробак?» — пытаецца ён. Жана толькі ўсьміхаецца.

У вольную хвіліну Жана вяжа дыванкі з парэзанай на стужкі цыраты, у якую на палях загортваюць сена.

Саша атрымлівае ў пошту паведамленьне з Адміністрацыі. Пішуць, што ягоны запыт наконт заробку маці перададзены ў адпаведную інстанцыю.

«Сытуацыя цяжкая, але гаспадарка не загубленая», — кажа нам Ёсіф Пачкоўскі, намесьнік старшыні Глыбоцкага райвыканкаму па эканоміцы. — Галоўнае, што кіраўніка там няма. Шукаем чалавека. Спадзяёмся, што ў студзені там пытаньне вырашыцца«.

Ёсіф Іванавіч кажа, што надоі ў «Сельцах» — найменшыя па раёне, а даўгі ў іх на 1 лістапада за малако — 11 з паловай мільярдаў старых рублёў. Адказу на тое, як «Сельцы» апынуліся ў такім стане, у чыноўнікаў няма.

А пятай Жана зноў едзе на фэрму роварам. Вяртаецца дахаты пасьля сёмай. «Цяпер каровы ў „запуску“ (перад ацёлам кароў перастаюць даіць. — РС), дык я хутчэй, — тлумачыць яна. — А калі ўсе каровы дояцца, то тады мы доўга на фэрме. Улетку зьбіраліся на фэрме а пятай, палову шостай ад’яжджалі на поле, там даілі. Пасьля а дзясятай вечара вяртаесься адтуль на фэрму, мыеш бачкі, цялят яшчэ напаіць. Дык я дахаты зьяўлялася гадзіне аб 11 вечара, і тое добра».

Калі маці прыходзіць з фэрмы, Жэня ўжо дома. Яна вучыцца ў музычнай школе і марыць пра фартэпіяна. Цяпер сям’я думае, як бы яго здабыць.

«Я калі-небудзь кіну гэтую працу, — кажа яна. — Як будзе ў мяне дзьве-тры каровы сваіх, то кіну».

Саша, як ты думаеш, штосьці памяняецца? — гэта пытаньне, якое мы задаём Сашу на разьвітаньне.

— Нічога тут не памяняецца.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG