Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я ж не адмаўляюся працаваць». На Гомельшчыне аспрэчваюць падатак на «дармаедзтва»


Маладая маці з Рагачова Валянціна, якая атрымала так званы «ліст шчасьця», першай падрыхтавала скаргу ў суд на падатковую інспэкцыю.

У скарзе, якую дапамог скласьці гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка, жанчына ўказала, што не працавала ў 2015 годзе, бо рыхтавалася нарадзіць дзіця.

«Цяжарнасьць праходзіла складана, давялося некалькі разоў ляжаць у шпіталі. Дзякаваць Богу, усё абышлося. Дзіцяці хутка будзе год. І вось цяпер мяне абавязваюць заплаціць за 2015 год, калі я не працавала, 200 рублёў. Інакш аштрафуюць. Гэта нейкія бесчалавечныя парадкі», — кажа жанчына.

Папярэдне маладая маці зьвярталася ў Рагачоўскую раённую інспэкцыю па падатках і зборах. Але адтуль прыйшоў адказ: інспэкцыя ня бачыць падставаў для вызваленьня яе ад сплаты збору на фінансаваньне дзяржаўных выдаткаў.

«Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, артыкулам 41, — кажа праваабаронца, юрыст Леанід Судаленка, — усталявана забарона на прымусовую працу, апроч працы ці службы, якія вызначаныя судовым выракам або ў адпаведнасьці з законам аб надзвычайным і ваенным становішчы. Дэкрэт № 3 супярэчыць гэтай норме і на практыцы парушае права грамадзянаў не падлягаць прымусовай працы. Супярэчыць ён і артыкулу 8 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама артыкулу 2 Канвэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы № 29 аб прымусовай працы. Таму я й параіў маладой маці напісаць у скарзе, каб суд прызнаў неправамерным патрабаваньне падатковай інспэкцыі і абавязаў выкрасьліць яе з базы зьвестак асобаў, якія павінны ўдзельнічаць у фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў».

Перавучваўся — зрабілі «дармаедам»

Гэта ня першая ў рэгіёне нязгода «дармаедаў» плаціць падатак за сваё беспрацоўе. 11 студзеня ў гомельскае прадстаўніцтва праваабарончага цэнтру «Вясна» зьвярнуўся гамяльчук Алег Левянец. Ён папрасіў дапамагчы падрыхтаваць заяву ў Гомельскую абласную інспэкцыю па падатках і зборах.

Рэч у тым, што падатковая Савецкага раёну залічыла яго ў «дармаеды», калі ён быў беспрацоўным і праз накіраваньне цэнтру занятасьці вучыўся на кіроўцу пагрузчыка. Левянца таксама папярэдзілі пра адміністрацыйны штраф ад двух да чатырох базавых велічынь або арышт на 15 сутак за няплату збору.

Не пагадзілася сплачваць падатак на «дармаедзтва» і былая бухгальтарка спажывецкай каапэрацыі, экс-кандыдатка ў дэпутаты ад Абʼяднанай грамадзянскай партыі з райцэнтру Акцябрскі Алена Луцковіч. Яна накіравала ў інспэкцыю заяву, каб урэгуляваць сытуацыю ў дасудовым парадку.

Алена Луцковіч
Алена Луцковіч

«Я патрабую ад падатковай інспэкцыі, — кажа Алена, — прымяніць да мяне канстытуцыйную норму прамога дзеяньня на забарону ў краіне прымусовай працы. Пасьля таго як тры гады таму бяз згоды ўладаў я вылучылася ад апазыцыйнай партыі кандыдатам у дэпутаты райсавету, то й страціла працу. Я ж не адмаўляюся працаваць. У мяне вышэйшая адукацыя, але ў нашым далёка не перадавым райцэнтры працы мне не знаходзіцца. Уладам трэба змагацца зь беспрацоўем, а не зь беспрацоўнымі».

Адмовіўся плаціць падатак на дармаедзтва грамадзкі актывіст, настаўнік беларускай мовы й літаратуры з Калінкавічаў Дзяніс Рабянок. Ён перакананы, што дэкрэт № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» супярэчыць Канстытуцыі.

Дзяніс Рабянок
Дзяніс Рабянок

На пачатку году Рабянок спрабаваў высьветліць у мясцовай падатковай інспэкцыі: якія выдаткі мела на яго дзяржава ў 2015 годзе? Бо ён не атрымліваў ніякай матэрыяльнай дапамогі, не зьвяртаўся да лекараў, а цэнтар занятасьці не шукаў для яго і не прапаноўваў яму працу:

«Я быў на асабістым прыёме ў начальніцы інспэкцыі Іны Туроўчык, — кажа Дзяніс. — Але яна мне так і не адказала на пастаўленае пытаньне. Параіла толькі дзеля адчэпнага зьвяртацца ў іншыя дзяржаўныя органы. Таму я пакінуў скаргу з просьбай адклікаць патрабаваньне сплаціць збор у памеры 20 базавых велічынь і выключыць мяне зь іхнага сьпісу „дармаедаў“. Калі падатковая інспэкцыя не задаволіць маю скаргу, зьвярнуся ў суд, а спатрэбіцца, то і ў міжнародныя праваабарончыя структуры».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG