Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксей Шчадроў: «За падатак „дармаеда“ наш прытулак можа пражыць два месяцы...»


Аляксей Шчадроў

Арганізатара прыватнага прытулку для бяздомных у вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёну Аляксея Шчадрова дзяржава залічыла ў «дармаеды». Ён атрымаў ліст з падатковай інспэкцыі, паводле якога мусіць сплаціць за 2015 год 360 рублёў за «дармаедзтва».

Летась у сьнежні споўнілася пяць гадоў з дня заснаваньня Аляксеем Шчадровым прыватнага прытулку для бяздомных. Прытулак існуе за кошт уласнай гаспадаркі і ахвяраваньняў фэрмэраў, сьвятароў і вернікаў. Ад дзяржавы ніколі і ніякай падтрымкі прытулак не атрымліваў.

— Цяпер у прытулку чатыры бяздомныя, але ў розныя часы бывала і да 30 чалавек, — распавядае Аляксей Шчадроў.— Напэўна, тыя, хто залічыў мяне ў «дармаеды», ня вельмі добра ўяўляюць, колькі працы штодня патрэбна, каб даглядаць часам нямоглых, ляжачых, усімі пакінутых людзей. І цікава, што толькі мне ў Аляксандраўцы прыйшоў падобны ліст, хоць у вёсцы ёсьць яшчэ пяцёра беспрацоўных.

Шчадроў распавядае, што пасьля таго, як яму паштальён прынёс «ліст шчасьця», ён тэлефанаваў у падатковую і тлумачыў, што не зьяўляецца «дармаедам», паколькі даглядае бяздомных людзей, працуе на ўласнай гаспадарцы — вырошчвае бульбу, гародніну, гадуе козаў і курэй.

— Але мне адказалі, што іх гэта не цікавіць, а вось «існуе ўказ прэзыдэнта, і вы павінны заплаціць 360 рублёў». Можаце, маўляў, прынесьці даведку, што ваш прытулак зарэгістраваны ці дзейнічае пры касьцёле альбо кляштары. Але ў мяне няма гэтых паперак, бо ўлады самі забралі ў нас рэгістрацыю, а касьцёл не дапамог у тым, каб легалізавацца.

Паводле Шчадрова, плаціць такія грошы ён папросту дзяржаве ня можа. Кажа, што цяпер зіма, трэба набываць паліва, патрэбны грошы на харчы.

— Магчыма, людзі і дапамаглі б мне сабраць гэтыя 360 рублёў, але для нашага прытулку гэта вельмі вялікая сума. За такія грошы мы можам набываць два месяцы харчы і за сьвятло плаціць... Я, праўда, ня ведаю, што рабіць. І спадзявацца мне няма на каго, адзінае, што будзем маліцца, каб падобныя законы ўсё ж зьмяніліся.

Шчадроў кажа, што дагэтуль ня можа зразумець дзяржаўнай палітыкі ў дачыненьні бяздомных людзей. Паводле яго, калі нехта бярэ на сябе сьмеласьць і адказнасьць дапамагаць такім людзям, то яго варта было б падтрымліваць, а ў нас, маўляў, атрымліваецца наадварот — патрабуюць яшчэ заплаціць падатак.

— Мы тут вельмі ўважліва глядзелі перадачы па тэлевізары, калі палітыкі і дэпутаты абмяркоўвалі тэму «сацыяльных утрыманцаў». Дык вось, калі вядоўца запытаўся ў дэпутатаў, што яны плянуюць рабіць з бяздомнымі і бадзягамі, то тыя адразу пераключыліся на іншае, каб толькі не абмяркоўваць гэтай тэмы. Яны нават баяцца гаварыць пра гэта, у грамадзтве няма дыскусіі і абмеркаваньня падобных тэмаў, а людзі бяздомныя, хворыя, кінутыя — яны існуюць.

Шчадроў кажа, што яны ўвесь час моляцца за тое, каб да іх у Аляксандраўку прыехаў Аляксандар Лукашэнка. Ён думае, што калі Лукашэнка пабачыць іх прытулак, то і стаўленьне ўладаў да гэтае праблемы можа зьмяніцца.

— Я ўпэўнены, што ён, пабачыўшы гэтых людзей, сказаў бы, што нам варта дапамагаць, трэба ствараць такія прытулкі і ў іншых вёсках. Навошта, каб гэтыя людзі лазілі недзе па падвалах альбо стрэхах, разносілі хваробы розныя. Іх трэба падбіраць і, хворых і нямоглых, абмыць, адзець і дапамагаць жыць, бо яны ж людзі.

Павал Севярынец
Павал Севярынец

Лідэр хрысьціянскіх дэмакратаў Павал Севярынец, адзін з нямногіх палітыкаў, які часта наведвае прытулак і дапамагае ягоным жыхарам, перакананы, што падобнае стаўленьне дзяржавы да такіх людзей, як Шчадроў — гэта абсурд, які мяжуе са злачынствам.

Аляксей Шчадроў сам насуперак мясцовым уладам і часта насуперак волі мясцовых жыхароў рабіў гэты прытулак. Усе баяліся, што будуць прыяжджаць людзі з крымінальным мінулым, ствараць праблемы. Але за ўвесь час ня здарылася ніводнага выпадку, каб узьнік нейкі канфлікт з вяскоўцамі. Дзяржава толькі перашкаджала ягонаму існаваньню, патрабавала то адно, то другое, то зачыніць... Ён усё гэта перажыў, і вось цяпер выстаўляць яму гэты абсурдны падатак — цынізм і зьдзек. Такога чалавека, як ён, у любой іншай дзяржаве за ягоную дзейнасьць насілі б проста на руках. Міхал Карневіч, Горадня

XS
SM
MD
LG