Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Змагацца трэба зь беспрацоўем, а ня зь беспрацоўнымі», — Лябедзька пра зварот Канапацкай да Лукашэнкі


Анатоль Лябедзька, архіўнае фота
Анатоль Лябедзька, архіўнае фота

Старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька сказаў, што зварот дэпутаткі Ганны Канапацкай да Аляксандра Лукашэнкі пра адмену дэкрэта аб дармаедзтве — «у рэчышчы тых плянаў, якія і партыя, і Ганна агучвалі на 2017 год».

— У нас ёсьць зразумелае стаўленьне да гэтага падзаконнага акту, да дэкрэту. Мы лічым, што прайшоў час і трэба ўжо зрабіць пэўныя высновы. Яны сьведчаць пра тое, што рашэньне было неабгрунтаваным, непрапрацаваным. Эфэктыўнасьці ад яго няма практычна ніякай, а вось праблем гэты дакумэнт стварыў многа. Мы нават заплянавалі кампанію на 2017 год, сутнасьць якой палягае ў тым, што змагацца трэба зь беспрацоўем, а ня зь беспрацоўнымі. Гэта адна з найважнейшых кампаній на 2017 год. Мы лічым, што дэкрэт пра дармаедаў — гэта наагул тупік, гэта не вырашэньне пытаньняў. Гэта прапрацаваны зварот, для ўлады ён абсалютна канструктыўны. Трэба, каб на ўзроўні таго, каго называюць дэпутатам, таксама гучалі канструктыўныя прапановы. Уладзе трэба прызнаць, бо моцная ўлада павінна прымаць моцныя рашэньні: прызнаваць зробленыя памылкі.

— Чаму пад зваротам да Лукашэнкі падпісалася толькі Канапацкая? Няўжо сярод дэпутатаў не знайшлося такіх жа праціўнікаў дэкрэту пра дармаедзтва? Або гэта чыста партыйнае рашэньне?

— У нас было пасяджэньне эканамічнай камісіі, мы закраналі і гэтае пытаньне. Ганна казала, што зварот да Лукашэнкі ўжо адпраўлены. АГП ініцыявала збор подпісаў, было сабрана ад 200 да 400, да кожнага з дэпутатаў ад Магілёва, каб яны таксама ўключыліся ў гэтую агульную кампанію і выказаліся адносна гэтага дэкрэту. На вялікі жаль, па Магілёву падтрымкі няма. Хоць калі мы былі ў Магілёве разам з Ганнай, сустракаліся зь людзьмі, многія гаварылі пра гэты дэкрэт, што гэтая праблема ставіць у кут людзей. Таму сказаць за ўсіх дэпутатаў не магу, але, мяркуючы па тых зваротах да дэпутатаў, якія зрабіла Магілёўская абласная арганізацыя АГП, і пра гэта гаварыла Ганна, яны на гэта ніяк станоўча не адрэагавалі. А што да астатніх, то я думаю, што сымпатыі павінны быць. Бо калі дэпутаты хоць крышку ходзяць у народ, яны ня могуць ня ведаць, што ў пераважнай бальшыні людзей адмоўнае стаўленьне да гэтага дэкрэту. Але паглядзім на рэакцыю, якая будзе ад Лукашэнкі.

Паводле Лябедзькі, Ганна Канапацкая перадала свой зварот, аформлены на блянку дэпутата, да кіраўніка краіны праз сакратарыят Палаты прадстаўнікоў:

— Раней і Лукашэнка казаў, што трэба карэктаваць дэкрэт. Але самай лепшай яго карэкціроўкай была б адмена. Больш за тое, мы гэта якраз сёньня абмяркоўвалі, будзе зроблена спроба легітымацыі гэтага дэкрэту праз закон. Я думаю, што празь нейкі час, і гэта стаць на парадку дня Палаты, дэпутатам давядзецца больш рэльефна выказаць сваё стаўленьне да гэтай праблемы, — сказаў Анатоль Лябедзька.

Адказ дэпутатцы Ганьне Канапацкай Аляксандар Лукашэнка мусіць даць цягам 30 дзён.

— Нейкая рэфлексія павінна быць. Але ў звароце выкладзены аргумэнты, чаму ёсьць патрэба дэкрэт адмяніць. І гэта ня проста нейкі піяр, а там ёсьць матываваны падыход, аргумэнтацыя, чаму гэта не спрацавала.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG