Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2016-ы ўвойдзе ў гісторыю як год перагляду сацыяльнага кантракту, год зьніжэньня якасьці жыцьця


Што адбывалася ў мінулым годзе ў сацыяльнай сфэры Беларусі, чаму беларускія грамадзяне сталі адчуваць сябе менш абароненымі? Чаму беларускія ўлады так і не пайшлі ў 2016-ым на эканамічныя рэформы і які прагноз можна даць на наступны год? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды — вынікі году» адказваюць эканамісты Зьміцер Крук і Барыс Жаліба. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Павялічылася альбо паменшылася сацыяльная абароненасьць беларускіх грамадзянаў у 2016 годзе? Ці наблізілася краіна да стандартаў сацыяльнай дзяржавы, якая абвешчаная ўладамі?

Крук: На мой погляд, адказ даволі відавочны. Мяркую, ніхто ня будзе аспрэчваць, што за мінулы год сацыяльныя стандарты істотна зьнізіліся. Рэальныя заробкі па выніках году скараціліся даволі істотна, колькасьць беспрацоўных узрасла, іншыя сацыяльныя стандарты таксама пагоршыліся. Можна падсумаваць, што гэты год увойдзе ў гісторыю як даволі істотны перагляд сацыяльнага кантракту, год зьніжэньня якасьці жыцьця.

Зьміцер Крук
Зьміцер Крук

Цыганкоў: Гэты працэс зьніжэньня сацыяльных стандартаў ішоў аб’ектыўна, дзякуючы эканамічнаму крызісу, ці ўлады тут сваёй палітыкай таксама «прыклалі руку», сьвядома дапускаючы скарачэньне сацыяльных дабротаў?

Жаліба: Канешне, галоўную ролю адыграў эканамічны крызіс, у які мы ўсё глыбей пагружаемся. ВУП падае на 3 працэнты, даходы насельніцтва на 7 працэнтаў, сярэдні заробак, які калісьці быў амаль 600 даляраў, цяпер не дацягвае і да 400 даляраў. Іншыя паказчыкі таксама сьведчаць пра адступленьне ад тых сацыяльных нормаў, якія панавалі раней.

Раней дзьве траціны крэдытаў на жыльлё былі ільготныя, за кошт бюджэту, цяпер гэтая доля кардынальна паменшылася. Потым — падвышэньне пэнсійнага ўзросту, рост платы за ЖКГ і транспарт. Час абраны вельмі няўдала, бо даходы насельніцтва падаюць. Працяг дзеяньня дэкрэту аб дармаедах, у той час, калі колькасьць звольненых за год на 90 тысяч перавысіла колькасьць працаўладкаваных. Адмова Міністэрства працы падвысіць дапамогу па беспрацоўі — шмат яшчэ чаго можна пералічваць.

Цыганкоў: Паказальна, што паводле афіцыйнай статыстыкі, багатыя (умоўна багатыя, вядома, паводле беларускіх мерак) сталі багацейшымі, а бедныя бяднейшымі. Ці гэта адбылося дзякуючы крызісу, ці гэта стала новай тэндэнцыяй, якую падтрымлівае ўлада?

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Крук: Узровень няроўнасьці ў Беларусі пакуль яшчэ застаецца даволі нізкім. Калі і мае месца нейкае яго падвышэньне, то ў параўнаньні з суседзямі ў Беларусі ён застаецца нізкім. Што тычыцца палітыкі ўладаў, то тут няма, на мой погляд, нейкай выразнай пазыцыі. З аднаго боку, у іх ёсьць доўгатэрміновая мэта забясьпечваць даволі высокі паказчык роўнасьці. А зь іншага боку, разуменьне, што нейкімі штучнымі мэтадамі гэта не заўсёды варта рабіць.

Яшчэ ў 2014 годзе была пастанова, калі заробкі на дзяржаўных прадпрыемствах наўпрост зьвязалі з прадукцыйнасьцю працы. Гэта ў значнай ступені і прывяло да павелічэньня няроўнасьці заробкаў. Але пакуль рана казаць пра зьмену статусу Беларусі як краіны з высокім узроўнем сацыяльнай роўнасьці.

Цыганкоў: Разуменьне неабходнасьці рэформаў ёсьць цяпер ня толькі ў незалежных эканамістаў, але і ў многіх дзяржаўных чыноўнікаў. Але ў 2016-ым рэформы ўсё ж не праводзіліся. Чаму? Ці ўлада палічыла, што нэгатыўныя наступствы перавысяць пазытыўныя, ці ўлада проста прыродна ня здольная да радыкальных пераменаў у эканоміцы?

Жаліба: Цяперашнія ўлады працуюць у сыстэме аўтарытарнай, каманднай эканомікі. У нас хапае здольных адмыслоўцаў, маладых чыноўнікаў у розных міністэрствах, але ім не даюць разгарнуцца.

Барыс Жаліба
Барыс Жаліба

Якія рэформы патрэбныя? Трэба зьмяніць сыстэму кіраваньня прадпрыемствамі, зрабіць іх самастойнымі, зьменшыць ролю дзяржавы, заняцца прыватызацыяй, спрыяць інвэстыцыям. Але нічога такога структурнага ня робіцца. Паводле выказваньняў кіраўніка дзяржавы, такія крокі могуць закрануць палітычныя ўстоі той дзяржаўнай сыстэмы, якая ўсталявалася ў Беларусі.

А што робіцца? Тое, што патрабуюць крэдыторы, і што можна зрабіць за кошт насельніцтва. Падвысіць плату за жыльлёва-камунальныя паслугі, транспарт, павялічыць пэнсійны ўзрост (хаця гэтага крэдыторы нават не патрабавалі).

Цыганкоў: Зьміцер, чаму не было рэформаў у 2016? І ваш прагноз на наступны год у гэтым аспэкце.

Крук: Наконт «чаму не было рэформаў» — я згодны з тым, што казаў спадар Жаліба. Першае, ёсьць палітычнае непрыманьне гэтых рэформаў. Другое, у эканамічным пляне сытуацыя зайшла настолькі далёка, што яе рэфармаваньне можа прывесьці да нейкіх падзеяў, якія ня будуць кантралявацца і якія цяжка спрагназаваць. Таму ёсьць боязь гэтых рэформаў, ня толькі сацыяльныя наступствы, але і страх перад хаосам, які нібыта можа наступіць.

Я б не казаў, што ва ўлады няма разуменьня таго, што Беларусь знаходзіцца ў сыстэмным крызісе. Але ёсьць разуменьне, што тыя шляхі, пра якія кажуць незалежныя эканамісты і міжнародныя структуры, — яны цяжкія. Што яны не дадуць хуткага росту, што мы ня зможам хутка вярнуцца да высокага ўзроўню дабрабыту — і гэта сапраўды так...

Таму ёсьць прага да нейкага цуду, замежнапалітычнага паляпшэньня. Тут прыходзяць аналёгіі з 2002 годам: тады рост спыніўся, але здарыўся цуд — пайшлі ўверх кошты на нафту, і Беларусь эканамічна выйграла на гэтым. Мне здаецца, цяпер улады чакаюць чагосьці падобнага.

Нельга сказаць, што ніякіх рэформаў не адбываецца. Гэта нейкія паўзучыя зьмены, якія ўжо нельга абмінуць. Штосьці пачалі рабіць з праблемнымі актывамі ў банкаўскай сыстэме, пачалі банкруціць некаторыя прадпрыемствы. Таму я лічу, што марудныя зьмены будуць адбывацца, але яны ня створаць крытычную масу.

Жаліба: Прагноз на наступны год у мяне нэгатыўны. Няма крыніцаў таго, каб наша эканоміка выйшла на плюс. У лепшым разе рэцэсія пяройдзе ў стагнацыю, у нулявы рост. Мне падаецца, улады сапраўды занялі пазыцыю чаканьня — можа, падымецца цана на нафту, ажыве расейскі рынак, і адкрыецца для беларускай прадукцыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG