Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Буслы прыляцелі. Ці мерзнуць птушкі ў Беларусі халоднай вясной


З новай хваляй маразоў і сьнягоў у суседняй Украіне шмат пішуць пра буслоў, якія пакутуюць ад холаду. У сацсетках актыўна распаўсюджваюць фатаграфіі птушак у сьнезе з заклікамі ратаваць іх, распачаўся нават флэшмоб #рятуемо_лелек. А як выглядае сытуацыя для пералётных птушак у Беларусі, дзе таксама па начах трываюць маразы? Ці трэба «ратаваць буслоў»?

Пра гэта Свабода запыталася ў спэцыяліста ў прыродаахоўных пытаньнях з арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Максіма Нямчынава.

«Для буслоў цяперашні час — гэта самы раньні тэрмін прылёту, — распавядае спэцыяліст. — Агулам жа птушкі пачалі прылятаць у Беларусь яшчэ ў лютым. На поўдні краіны сытуацыя з надвор’ем для буслоў больш-менш прымальная. Шмат паведамленьняў у межах кампаніі «Жывая вясна» пра іншых птушак, якія вяртаюцца ў Беларусь, сьведчаць пра тое, што на захадзе і поўдні краіны ўжо ў поўным разгары вясна».

Калі птушкі могуць не ляцець у вырай — яны не ляцяць

Паводле Максіма Нямчынава, некаторыя буслы застаюцца ў Беларусі. Адзін з такіх чацьвёрты год пасьпяхова зімуе ў менскіх Шабанах.

​«Але кожную зіму знаходзяцца людзі, якія лічаць, што гэтая птушка ў нейкім дрэнным становішчы і трэба яе ратаваць».

Спэцыяліст тлумачыць, што калі пералётная птушка знаходзіць такія спрыяльныя ўмовы, што можа не пералятаць, яна застаецца.

«Часам гэта робіцца масава, як, напрыклад, з гракамі: была пералётная птушка — а стала зімаваць ці адлятае недалёка».

Аднак тое, што прыкормленыя чалавекам буслы застаюцца на зіму, для птушак ня вельмі добра, кажа Нямчынаў.

Лішні клопат можа і нашкодзіць

  • Калі бусел зімаваў у Беларусі — гэта значыць, ён мае крыніцы ежы ці нехта яго падкормлівае.
  • Пералётныя птушкі не паляцяць туды, дзе ім яшчэ няма чаго есьці.

​«Калі яны падчас сваёй міграцыі бачаць, што ўваходзяць у халодны атмасфэрны фронт, на нейкую засьнежаную тэрыторыю, яны маюць магчымасьць крыху адступіць на захад ці на поўдзень, паўднёвы захад, каб зноўку апынуцца там, дзе яны могуць харчавацца. Таму адмыслова арганізоўваць іх прыкормліваньне на дадзеным этапе няма падстаў»

  • Птушкам можна толькі нашкодзіць, калі іх прыкарміць, а потым гэтае прыкормліваньне спыніць.
  • Птушак нельга карміць хлебам. Для розных відаў птушак — свая ежа.

«У хлебе вельмі шмат вугляводаў і няма іншых харчовых рэчываў, якія патрэбныя птушкам. Птушка можа наесьціся хлебам, але гэта не забясьпечвае ёй усе патрэбы арганізму, а ў маладых птушак гэта можа нават выклікаць такія непажаданыя наступствы, як рахіт і іншыя праблемы».

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Калі птушкам патрэбная дапамога

  • Калі прыкормленую птушку ўзімку зь нейкіх прычынаў перасталі карміць.
  • Калі сярод вясны вернецца сьнег і маразы — тады многія птушкі, што вярнуліся з выраю, сапраўды могуць застацца бязь ежы.

«Тут варта расчысьціць участкі ад сьнегу, калі гэта аднаразовы сьнегапад, каб птушкі маглі знайсьці сабе ежу, ці нават падкарміць іх».

Чым падкарміць бусла

«Калі хочаце падкарміць бусла — самы просты варыянт, напэўна, гэта нейкая рыба. Сырая, можна нават з крамы. Бусел можа нават прызвычаіцца да гэтага падкорму, але імкнуцца да гэтага ня трэба», — кажа Максім Нямчынаў.

«Жывая вясна» — пералётныя птушкі на онлайн-мапе. Сачы і ты

1 сакавіка «Ахова птушак Бацькаўшчыны» распачала чарговы сэзон міжнароднай кампаніі «Жывая вясна», у якой Беларусь бярэ ўдзел кожны год. У межах кампаніі людзі ў розных краінах сьвету назіраюць за прылётам птушак.

У Беларусі «вестунамі» «Жывой вясны» абраныя пяць птушак, якіх адносна лёгка пазнаць:

Кожнае назіраньне заносіцца на адмысловую онлайн-мапу падарожжаў птушак з поўдня на Радзіму.

Кампанія «Жывая вясна» пачалася ў 2006 годзе. Летась у больш як 700 падзеях кампаніі паўдзельнічалі больш за 150 тысяч чалавек з Эўропы, Цэнтральнай Азіі і Афрыкі.

Дзякуючы актыўнаму ўдзелу Беларусь апынулася на 3 месцы сярод 55 краін-удзельніц.

У сьвеце ўпершыню ўганаравалі беларускіх абаронцаў дзікай прыроды. Хто яны?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG