Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайна за ваўкоў. Чаму паляўнічыя ня могуць дамовіцца з навукоўцамі, што рабіць з ваўкамі


Воўк ў Белавескай пушчы, архіў ГА "Ахова птушак Бацькаўшчыны"

Да апошняга часу ў Беларусі было чатыры месцы, дзе паляваньне на ваўка было забаронена ці абмежавана. Але неўзабаве можа пачацца адстрэл у Палескім радыяцыйна-экалягічным запаведніку і Белавескай пушчы. Каму замінае воўк і чаму навукоўцы настойваюць, што вынішчэньне драпежніка трэба спыніць — у гэтым разьбіралася Свабода.

У Заходняй Эўропе ваўкоў цалкам вынішчылі

Амаль ва ўсёй Эўропе воўк мае статус рэдкага віду і ахоўваецца. У Вялікай Брытаніі, Нідэрляндах, Бэльгіі, Даніі і іншых заходнеэўрапейскіх краінах ён увогуле вынішчаны. У Беларусі, наадварот, ваўкоў адносна шмат. Апошнія дзесяць год на штогадовых зімовых падліках рэгіструюць каля 1500 ваўкоў па ўсёй краіне.

Воўк у Белавескай пушчы, архіў ГА "Ахова птушак Бацькаўшчыны"
Воўк у Белавескай пушчы, архіў ГА "Ахова птушак Бацькаўшчыны"

Правілы паляваньня вызначаюць ваўка ў Беларусі як непажаданы від. Гэта значыць, што адстрэл драпежніка дазволены ў неабмежаванай колькасьці ў любы час году. Да 2017 году было толькі чатыры месцы, дзе паляваньне на ваўка было забаронена ці абмежавана. Гэта Бярэзінскі біясфэрны запаведнік, Налібоцкая пушча, Белавеская пушча і Палескі радыяцыйна-экалягічны запаведнік. А ва ўсіх астатніх мясьцінах — нацыянальных парках, запаведніках, заказьніках, асаблівых ахоўных прыродных тэрыторыях (ААПТ) — паляўнічыя забіваюць ваўкоў неабмежавана.

У апошнія гады паляўнічыя пачалі скардзіцца, што воўк усё больш шкодзіць іхным гаспадаркам. Ахвярамі ваўкоў становяцца высакародныя алені, ласі і казулі. На гэтых самых жывёлаў прыяжджаюць паляваць беларускія і замежныя турысты. За паляваньне яны плацяць грошы. Таму кіраўнікі лясных гаспадарак лічаць, што ваўкі пазбаўляюць іх патэнцыйных грошай. І егеры заахвочваюць паляўнічых адстрэльваць ваўкоў.

Ваўкі на фотапастцы ў Белавескай пушчы, архіў ГА "Ахова птушак Бацькаўшчыны"
Ваўкі на фотапастцы ў Белавескай пушчы, архіў ГА "Ахова птушак Бацькаўшчыны"

Яшчэ адна падстава вынішчаць ваўкоў — напады на свойскую жывёлу і фэрмы. Паляўнічыя кажуць, што сёлета такіх нападаў было каля сотні. Рассаднікам ваўкоў называюць Палескі запаведнік. Цяпер у Міністэрства прыроды рэгулярна прыходзяць запыты, каб адстраляць там ваўкоў.

Навукоўцы, у сваю чаргу, даводзяць, што ваўкі акурат падтрымліваюць экасыстэму лясоў — забіваюць слабых і хворых жывёлаў. Таксама яны не даюць аленям аб’ядаць маладыя парасткі і падрост, а тым самым паскараюць натуральнае аднаўленьне лесу.

Якія аргумэнты прыводзяць, каб ваўкоў вынішчаць

Паляўнічыя падлічылі, якую шкоду наносяць ім драпежнікі. На круглым стале па праблемах ваўка Аляксандар Малажаўскі, намесьнік старшыні «Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў», заявіў, што адзін воўк зьядае ў год дзьве тоны мяса дзікіх капытных жывёлаў.

Аляксандар Малажаўскі, намесьнік старшыні «Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў» на крулым стале па праблеме ваўка ў Беларусі
Аляксандар Малажаўскі, намесьнік старшыні «Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў» на крулым стале па праблеме ваўка ў Беларусі

Яўген Вастокаў, навуковы супрацоўнік навукова-практычнага цэнтру па біярэсурсах НАН Беларусі, вызначыў грашовую шкоду ад ваўкоў. Зь ягоных разьлікаў выходзіць, што драпежнік аб’ядае лясную гаспадарку на 2,9 тысячы эўра штогод.

Вастокаў упэўнены, што колькасьць драпежніка ў краіне перавышаная ў разы. Замест 1,5 тысячы ваўкоў у Беларусі, на думку навукоўца, павінна жыць 200 асобінаў.

«Я прапаную цэнтральную частку (Беларусі. — РС) цалкам, колькі магчыма, вычышчаць, — кажа Вастокаў. — Пэрыфэрыя з запаведнымі зонамі і нацпаркі застаюцца. Але там павінна быць лагоднае рэгуляваньне».

Таксама навуковец прыгадаў, што за царскім часам ваўкі ў Беларусі кралі сотнямі дзяцей. Ён нават выказаў думку, што хлопчыка, які згубіўся ў Белавескай пушчы, маглі панесьці ваўкі.

«Гэта вельмі сур’ёзны драпежнік, — кажа Вастокаў. — Калі мы будзем два гады абмяркоўваць, ён ізноў возьме ўсё ў свае рукі».

Забіты ў Ружанскай пушчы воўк, архіў ГА "Ахова птушак Бацькаўшчыны"
Забіты ў Ружанскай пушчы воўк, архіў ГА "Ахова птушак Бацькаўшчыны"

Паляўнічыя кажуць, што ваўкі апошнім часам сталі ўсё часьцей нападаць на фэрмы і свойскую жывёлу. Аляксандар Малажаўскі прывёў статыстыку, што за 2017 год было каля сотні нападаў ваўкоў на буйную рагатую жывёлу і авечак. Найбольш такіх выпадкаў паляўнічыя адзначылі на Гомельшчыне — 56.

Для сувымернасьці мы падлічылі адсотак шкоды, які нанёс воўк сельскай гаспадарцы. Па дадзеных Белстату, у 2016 годзе ў Беларусі было 4,3 мільёна галоў буйной рагатай жывёлы. Такім чынам, шкода ад ваўка склала 0,0013%.

Якія аргумэнты прыводзяць, каб ваўкоў захаваць


Калі ваўкоў у Беларусі сапраўды так шмат, навошта абмяжоўваць паляваньне на іх і дадаткова ахоўваць? Навукоўцы сьцьвярджаюць, што сучасная мэтодыка падліку недасканалая, і ваўкоў у Беларусі ня так шмат. Пра гэта кажа Валер Дамброўскі, вядучы навуковы супрацоўнік Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка. Ён падлічваў ваўкоў па сьлядах і фатапастках. І вызначыў, што ў запаведніку можа пражываць ня больш за шэсьць зграяў ваўкоў, а агульная колькасьць жывёлаў не перавышае 80–100 асобінаў. Аднак афіцыйна колькасьць ваўкоў тут ацанілі ў 190.

Валер Дамброўскі, вядучы навуковы супрацоўнік Палескага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка
Валер Дамброўскі, вядучы навуковы супрацоўнік Палескага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка

Дамброўскі вызначыў, што ваўкі не выходзяць за тэрыторыю Палескага запаведніка, бо тут ім хапае ежы. Людзі адсюль даўно адселеныя, у закінутых лясах, дзе чалавек не вядзе ніякай гаспадаркі, багата дзікіх жывёлаў. Нашмат больш, чым у суседніх з запаведнікам лясах.

Навуковец мяркуе, што ваўкоў у найбольшай колькасьці адстрэльваюць вакол Палескага запаведніка, бо тут багата жывёлы, і таму сюды могуць прыходзіць ваўкі зь іншых мясьцін.

Таксама ён папярэджвае, што адстрэл ваўкоў у запаведніку можа прывесьці да таго, што яны будуць выходзіць да людзей. Калі паляўнічыя разьбіваюць зграю, узьнікае шмат ваўкоў-адзіночак, якія разыходзяцца па вялікай тэрыторыі ў пошуках ежы.

Воўк на фотапастцы, Белавеская пушча, Архі ГА Ахова птушак Бацькаўшчыны
Воўк на фотапастцы, Белавеская пушча, Архі ГА Ахова птушак Бацькаўшчыны

У школе дзецям закладваюць тэзу пра тое, што ваўкі — санітары лесу. Але навукоўцы мусяць наноў даводзіць паляўнічым, што ваўкі дапамагаюць лясам. Польскія дасьледчыкі падлічылі, што за год адзін воўк зьядае 42 капытныя жывёлы. Палова зь іх — хворыя маладыя асобіны, або старыя, якія ўсё адно загінулі б.

У 2015 годзе ў Белавескай пушчы быў уведзены мараторый на адстрэл ваўкоў. Але цяпер яго могуць адмяніць. Егеры пераймаюцца, што воўчыя зграі зьменшаць колькасьць аленяў.

Насамрэч пушча сёньня перанаселеная аленямі, так што лесу цяжка аднаўляцца натуральным чынам. А ваўкі спрыяюць таму, каб лес аднаўляўся хутчэй. Калі ў лесе ёсьць ваўкі, іншыя жывёліны ня могуць харчавацца, не падымаючы галавы. Яны вымушаныя ўвесь час азірацца. Такім чынам яны менш шкодзяць парасткам і падросту. Лес, дзе часта зьяўляецца воўк, аднаўляецца да 20% хутчэй.

Палескі радыяцыйна-экалягічны запаведнік - ідэальнае месца для дзікіх жывёлаў
Палескі радыяцыйна-экалягічны запаведнік - ідэальнае месца для дзікіх жывёлаў

«Алені проста вытоптваюць Белавескую пушчу», — кажа Мікалай Чэркас, кандыдат біялягічных навук, які працуе ў Белавескай пушчы.

Але ваўкі ядуць ня толькі буйных капытных. У іхнім рацыёне ёсьць таксама лісы і янотападобныя сабакі. Калі ў Заходняй Эўропе паменела ваўкоў, там распладзіліся лісы. Цяпер яны ядуць многіх птушак. Напрыклад, празь ліс пацярпелі краншнэпы і вераценьнікі. Раней гэта былі паляўнічыя віды. Цяпер яны трапілі ў Міжнародную Чырвоную кнігу.

«Мы не даб’емся, каб воўк жывіўся карой і сенам»


Такім чынам навукоўцы і паляўнічыя маюць абсалютна рознае ўяўленьне пра будучыню ваўкоў у Беларусі. Паляўнічыя хочуць максымальна вынішчыць драпежнікаў, каб тыя ня елі аленяў і ласёў — паляўнічыя віды. Навукоўцы ж дамагаюцца, каб паляваньне абмежавалі хаця б у нацыянальных парках, запаведніках і на асаблівых ахоўных тэрыторыях.

«Нацпарк створаны, каб захоўваць натуральныя ўмовы», — кажа Віктар Фянчук, каардынатар праграмаў Франкфурцкага заалягічнага таварыства. Ён працуе ў Белавескай пушчы.

Віктар Фянчук
Віктар Фянчук

Яго падтрымлівае Аляксандар Вінчэўскі, дырэктар ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Ён кажа, што хаця б ААПТ павінны быць экспэрымэнтальнымі пляцоўкамі, дзе можна назіраць за разьвіцьцём папуляцыі ваўка.

Такіх спрэчак можна было б пазьбегнуць, калі б у Беларусі быў Плян кіраваньня ваўком. Новую рэдакцыю гэтага дакумэнту ня могуць прыняць ужо некалькі гадоў. А таму адстрэл ваўкоў фактычна нічым не абмежаваны. Дзейнічаюць Правілы паляваньня, дзе воўк вызначаны як непажаданы від.

Навукоўцы падкрэсьліваюць, што ня хочуць цалкам забараніць паляваньне на ваўкоў. Але ў краіне павінны быць вызначаныя месцы, дзе ён можа спакойна жыць.

«Мы не даб’емся, каб воўк харчаваўся карой і сенам, — кажа Ігар Качаноўскі, кіраўнік апякунскай рады фонду дапамогі дзікай прыродзе „Чырвоны Бор“. — Ён драпежнік. Нельга казаць, што воўк шкодзіць тым, што проста есьць».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG