Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сьвеце ўпершыню ўганаравалі беларускіх абаронцаў дзікай прыроды. Хто яны?


Ілюстрацыйнае фота

Глябальная прыродаахоўная асацыяцыя BirdLife International упершыню вызначыла найлепшых абаронцаў дзікай прыроды ў Беларусі. Свабода даведалася, хто гэтыя людзі і за што іх уганаравалі.

BirdLife International уганаравала трох беларусаў званьнем «Абаронца дзікай прыроды» (Natureʼs Hero) за «выключныя ўчынкі ў прыродаахоўнай дзейнасьці». Адбылося гэта паводле прапановы грамадзкай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны», якая ўваходзіць у згаданую асацыяцыю на правах калектыўнага сябра.

Спыніць дэградацыю экасыстэмаў — Мікалай Варабей

Пасьля сканчэньня біяфаку Белдзяржунівэрсытэту Мікалай Варабей працаваў біёлягам у Рэспубліканскім ляндшафтным заказьніку «Выганашчанскае». Частка яго забалочанай тэрыторыі надзвычай важная і для захаваньня папуляцыі птушак. Малады спэцыяліст адразу далучыўся да валянтэраў — захавальнікаў дзікай прыроды.

У сьнежні 2010 году Мікалай перапыняў браканьерства ў заказьніку і атрымаў цяжкае агнястрэльнае раненьне ў ногі. На шчасьце, выжыў. Але на працу пакуль не вярнуўся з прычыны фізычных абмежаваньняў.

Мікалай Варабей у шпіталі пасьля раньненя браканьерам, 2011 год
Мікалай Варабей у шпіталі пасьля раньненя браканьерам, 2011 год

Прыроды, аднак, Мікалай не адцураўся — стаў больш займацца фатаграфіяй, каб зафіксаваць дзівосны сьвет дзікай прыроды ў шматлікіх праявах. Заснаваў свой сайт — nickvorobey.com.

«Адчуваньне, вядома, прыемнае: абаронца дзікай прыроды. Аднак я не лічу сябе вялікім героем, які нешта зрабіў такое значнае, каб прырода лепей сябе пачувала. Ідзе дэградацыя экасыстэмаў», — кажа Мікалай Свабодзе.

Нягледзячы на высілкі людзей, якія заклапочаныя станам прыроды, абаронца канстатуе зьмяншэньне яе разнастайнасьці, відавога складу. Крыху лепшая, па ягоных словах, сытуацыя для птушак і дзікіх жывёлін у заказьніках, але ж і там тэрыторыі не запаведныя.

Беларускія лясы ўсё больш ператвараюцца ў лесапасадкі. З палёў прыбіраюць усё, што да іх не належыць. Зьнікаюць зялёныя выспачкі, дзе птушкі маглі хавацца, рабіць гнёзды, даваць патомства.

Палеткі засяваюцца монакультурамі, апрацоўваюцца гербіцыдамі. Распачалася трэцяя хваля мэліярацыі. Усё гэта, на думку Мікалая, нэгатыўна адбіваецца на біяразнастайнасьці.

Затрымаць замежных браканьераў — Міхаіл Ярмоліч

Міхаіл Ярмоліч — старшы дзяржаўны інспэктар Тураўскай міжраённай інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету пры прэзыдэнце Беларусі.

«Мне няма чаго камэнтаваць, бо я на дзяржаўнай службе», — даволі стрымана рэагуе ён на незвычайную ўзнагароду.

Вядома, аднак, што летась увесну Міхаіл асабіста затрымліваў замежных браканьераў. Тыя ўчынілі ў Жыткавіцкім раёне ў пойме Прыпяці масавае паляваньне на самак крыжанкі, а таксама на сьвіцьваў — від качак пад аховай. Адбывалася гэта ў пэрыяд размнажэньня птушак. Штраф у памеры 75 тысяч эўра астудзіў паляўнічыя памкненьні замежнікаў.

Уратаваць драпежных птушак — Уладзімер Іваноўскі

Уладзімер Іваноўскі. Фота — «Зялёны партал Віцебшчыны»
Уладзімер Іваноўскі. Фота — «Зялёны партал Віцебшчыны»

Кандыдат біялягічных навук, дацэнт катэдры экалёгіі і аховы прыроды Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Машэрава Ўладзімер Іваноўскі стаў першым навукоўцам, хто ўсурʼёз заняўся вывучэньнем і аховай драпежных птушак у Беларускім Паазерʼі. Беркуты, скопы, зьмеяеды, арланы-белахвосты, падорлікі, сокалы — усе яны абʼекты клопату Ўладзімера Іваноўскага.

Арнітоляг усталёўвае на высокіх дрэвах плятформы для гнездаваньня гэтых рэдкіх птушак. Нават звычайнае старое вядро, запоўненае крыху больш як напалову ігліцай ды шышкамі, у дасьведчанага адмыслоўца становіцца «домам» для сокала-дзербніка. У ягоных скрынях ахвотна «прапісваюцца» совы, калі ім няма дзе пасяліцца ў гэтай мясцовасьці.

Навуковец стараецца глядзець на прыроду вачыма той птушкі, якой ён мае дапамагчы. А на дрэвы ён забіраецца з дапамогай «кіпцяў», якія сканструяваў сам.

На Віцебшчыне згадваюць, што Ўладзімер Іваноўскі спрычыніўся да арганізацыі шэрагу рэгіянальных конкурсаў — «Сокал», «Чырвоная кніга», «Беркут», падчас якіх студэнты і школьнікі выяўлялі і бралі пад ахову месцы знаходжаньня рэдкіх жывёлін і расьлін.

71-гадовы кандыдат біялягічных навук зь Віцебску цягам трох кадэнцый ачольваў ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны», ён сябра Міжнароднага арніталягічнага камітэту, удзельнік арніталягічных канфэрэнцый у Польшчы, Нямеччыне, Гішпаніі, Фінляндыі, Швэцыі.

Першыя, але не апошнія

Цяперашні дырэктар «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Аляксандар Вінчэўскі заўважае ў размове са Свабодай, што ў Беларусі ёсьць нямала абаронцаў дзікай прыроды.

«І каб іх адзначыць, паказаць іншым, наколькі важная іх дзейнасьць, а заадно і павялічыць грамаду шчырых абаронцаў прыроды, мы й вылучылі трох згаданых асобаў. Іх будуць ведаць у Беларусі і далёка за яе межамі. Ад сёлета будзем рабіць гэта кожны год», — сказаў Вінчэўскі.

Дапамога «прылятае» з Брытаніі

BirdLife International была заснаваная ў Лёндане ў 1922 годзе. Гэта ўсясьветнае партнэрства прыродаахоўчых грамадзкіх структураў, якія займаюцца пытаньнямі абароны птушак і захаваньня асяродзьдзя іх пражываньня, падтрыманьня біялягічнай разнастайнасьці. Паводле статуту, у кожнай краіне ў асацыяцыі можа быць толькі адзін партнэр. Усяго іх звыш 120. У Беларусі гэта «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

Дзесяць гадоў таму BirdLife International запусьціла маштабную кампанію ратаваньня відаў птушак, якія зьнікаюць. Кошт праекту склаў каля 40 мільёнаў даляраў.

«Гэта лес мой і маіх дзяцей». Вяскоўцы спрабуюць абараніць лес ад высечкі

XS
SM
MD
LG