Гэтых шасьцёх чалавек забілі 4–5 сакавіка 2022 году падчас расейскай акупацыі ў раёне Яблунскай вуліцы ў горадзе Бучы за 30 кілямэтраў на захад ад Кіева.
Радыё Свабода дэталёва дасьледавала абставіны расправы зь мясцовымі ўдзельнікамі тэрытарыяльнай абароны Андрэем Мацьвійчуком і Віталём Карпенкам, а таксама забойстваў чатырох цывільных жыхароў Бучы: Ігара Гарадзецкага, Дзьмітрыя Канавалава, Валерыя Кізілава і Ўладзіміра Рубайлы.
Да забойстваў гэтых бучанцаў, паводле расьсьледаваньня Радыё Свабода, могуць быць датычныя асобныя расейскія вайскоўцы, якія ў сакавіку 2022 году ўваходзілі ў склад 234-га дэсантна-штурмавога палку 76-й дывізіі паветрана-дэсантных войскаў РФ з Пскова:
- выведнік-снайпэр выведнага ўзводу сяржант Арцём Дзяменцьеў,
- начальнік выведнага ўзводу лейтэнант Арцём Тарэеў,
- камандзір аддзяленьня 5-й роты сяржант Уладзімір Барзуноў,
- камандзір 5-й роты капітан Яўгеній Плюсьнін.
З фактамі і доказамі імавернай датычнасьці гэтых расейскіх вайскоўцаў да расстрэлаў можна азнаёміцца ў трэцяй частцы фільму-расьсьледаваньня пра масавыя забойствы ў Бучы карэспандэнта Радыё Свабода Дзьмітрыя Джулая. Фільм «Буча. Яблунская» можна паглядзець на ютуб-канале Радыё Свабода.
У гэтым расьсьледаваньні Радыё Свабода пахвілінна рэканструюе тры дні сакавіка 2022 году на Яблунскай вуліцы, калі адбываліся расстрэлы мірнага насельніцтва ў Бучы войскам Расейскай Фэдэрацыі.
Для стварэньня гэтага расьсьледаваньня аўтар праекту
- сабраў дзясяткі гадзін з камэраў назіраньня ў Бучы;
- атрымаў фота і відэа з тэлефонаў відавочцаў акупацыі гораду;
- адшукаў дакумэнты і атрымаў сакрэтныя сьпісы расейскіх падразьдзелаў, якія акупавалі Бучу;
- ідэнтыфікаваў некалькі соцень расейскіх вайскоўцаў, якія дзейнічалі ў Бучы, і дасьледаваў іх сацыяльныя сеткі;
- дэталёва прасачыў за расейскімі вайскоўцамі з разнастайных камэраў назіраньня ў момант расстрэлаў цывільных і пакараньняў мясцовых самаабаронцаў.
Журналісту Радыё Свабода таксама ўдалося асабіста паразмаўляць з адным зь фігурантаў расьсьледаваньня — сяржантам расейскай арміі Ўладзімірам Барзуновым — і атрымаць ад яго пацьверджаньне таго, што войска РФ забівала цывільных у Бучы.
Іншыя пскоўскія дэсантнікі, фігуранты расьсьледаваньня Арцём Дзяменцьеў, Валянцін Лагода, Арцём Тарэеў і Яўгеній Плюсьнін, не адказалі на запыт Радыё Свабода адносна камэнтароў.
Таксама ў фільме ўпершыню паказалі невядомыя кадры з камэраў назіраньня, на якіх зафіксаваныя расстрэлы цывільных, учыненыя расейскім войскам, і сьведчаньні родных загінулых ды відавочцаў забойстваў на Яблунскай вуліцы.
«Буча. Яблунская» — трэцяя частка расьсьледаваньня Радыё Свабода пра масавыя забойствы ў Бучы. Папярэдняя частка фільму «Буча. Забойства самаабаронцы Пабягая» ў траўні 2025 году атрымала ў ЗША залатую ўзнагароду тэлекінапрэміі New York Festivals 2025 у намінацыі «Правы чалавека». А першая частка пра забойства палкоўніка СБУ Аляксея Целіжэнкі стала падставай для ўкраінскіх ахоўных органаў абвясьціць падазрэньне расейскаму афіцэру, які быў адным зь фігурантаў расьсьледаваньня.
Паводле інфармацыі архіўнага аддзелу Бучанскай гарадзкой рады, за пэрыяд расейскай акупацыі сярод жыхароў Бучы і ваколіц загінулі 554 цывільныя.
- 43 целы застаюцца неапазнанымі,
- 38 цывільных бучанцаў лічацца зьніклымі бязь вестак,
- прынамсі 33 мужчыны дагэтуль у палоне,
- 1 захоплены цывільны загінуў у расейскай няволі.
Расея адмаўляе датычнасьць сваіх войскаў да масавых забойстваў цывільных у Бучы. Міністэрства абароны РФ заявіла, што за час знаходжаньня расейскіх войскаў у гэтым горадзе «ніводзін мясцовы жыхар не пацярпеў ад якіх-кольвек гвалтоўных дзеяньняў», а прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін назваў масавыя расстрэлы ў Бучы «фэйкам» і «правакацыяй».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.