Паліцыя Ўкраіны раскрыла забойствы 72 мірных жыхароў Бучы ў 2022 годзе

Мэмарыял загінулым жыхарам Бучы.
Мэмарыял загінулым жыхарам Бучы.

Украінская паліцыя заявіла аб раскрыцьці 72 забойстваў мірных жыхароў салдатамі расейскай арміі ў прыгарадзе Кіева Бучы вясной 2022 году. Пра гэта агенцтву «Укрінфарм» паведаміў прадстаўнік нацыянальнай паліцыі Дзьмітрый Шаўчук.

Таксама раскрыты больш за 35 эпізодаў жорсткага абыходжаньня зь мірнымі жыхарамі — ад катаваньняў да згвалтаваньняў.

Па словах Шаўчука, большасьць асоб, якіх сьледзтва лічыць вінаватымі — вайскоўцы 234-га дэсантна-штурмавага палка 76-й дэсантна-штурмавой дывізіі расейскай арміі. Усяго ідэнтыфікавана каля дзьвюх з паловай тысяч расейскіх вайскоўцаў, якія дысьлякаваліся тады ў Бучы. Украінскія праваахоўнікі працуюць над прыцягненьнем да адказнасьці як непасрэдных вінаватых у злачынствах, так і іх камандзіраў.

У цяперашняй крымінальнай вытворчасьці дасьледуюцца акалічнасьці сьмерці 358 грамадзянскіх асоб. Працягваюцца судовыя экспэртызы. Да гэтага часу не ўдалося ідэнтыфікаваць 13 цел жыхароў Бучы: яны былі спалены.

31 сакавіка споўнілася тры гады з дня вызваленьня Бучы ўкраінскімі войскамі. У панядзелак прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і яго жонка Алена Зяленская ўшанавалі памяць украінцаў, забітых расейцамі ў гэтым горадзе. У памятнай цырымоніі таксама ўдзельнічалі старшыні парлямэнтаў 22 краін Эўропы, якія прыехалі ў Кіеў. Па афіцыйных дадзеных, расейская акупацыя Бучы доўжылася 33 дні — з 27 лютага па 31 сакавіка 2022 году. За гэты час у горадзе загінуў 561 мірны жыхар, у тым ліку 12 дзяцей.

Горад Буча знаходзіцца прыкладна за 30 кілямэтраў ад Кіева. Пасьля адступленьня расейскіх войскаў у горадзе былі знойдзеныя шматлікія трупы мірных жыхароў. Відавочцы паведамлялі пра масавыя пакараньні сьмерцю, якія рабілі расейскія вайскоўцы, а таксама пра выпадкі катаваньняў, фізычнага і сэксуалізаванага гвалту, і масавае марадзёрства.

Расейскі бок заяўляў аб недатычнасьці сваёй арміі да злачынстваў супраць мірных жыхароў і абвінаваціў Кіеў у інсцэніроўцы. За сумнеў у вэрсіі Мінабароны расейцы падвяргаюцца крымінальнаму перасьледу па артыкулах аб «фэйках» і «дыскрэдытацыі расейскай арміі».



​
XS
SM
MD
LG