Лінкі ўнівэрсальнага доступу

#БНР100 у Беларусі і сьвеце. ЖЫВЫ БЛОГ

25 сакавіка беларусы адзначаюць 100-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Канцэрты, мітынгі і вечарыны пройдуць у дзясятках гарадоў, па ўсёй Беларусі і па абодва бакі Атлянтычнага акіяну. Свабода вядзе жывую трансьляцыю беларускіх падзеяў.


Коратка

25 сакавіка беларусы адзначаюць 100-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Канцэрты, мітынгі і вечарыны праходзяць у дзясятках гарадоў, па ўсёй Беларусі і па абодва бакі Атлянтычнага акіяну. Цэнтральны канцэрт пачаўся на Траецкай гары ля менскага Опэрнага тэатру а 13-й — бясплатны і санкцыянаваны. Паплечнікі Міколы Статкевіча падавалі заяўку на шэсьце па цэнтры сталіцы — яго забаранілі, пачаліся прэвэнтыўныя затрыманьні. Свабода вядзе жывую трансьляцыю беларускіх падзеяў.

Жывая відэатрансьляцыя зь Менска, Горадні, Прагі і іншых гарадоў пачнецца аб 11:45.

Прэвэнтыўныя затрыманьні пачаліся пасьля забароны ўсіх шэсьцяў у Менску, працягваюцца 25 сакавіка.

Зранку ў Мар’інай Горцы быў затрыманы Славамір Адамовіч, які плянаваў ехаць у Менск для ўдзелу ў святкаваньні юбілею БНР.

Падрыхтоўка да #БНР100:

У цэнтар Менску зьяжджаюцца аўтазакі — карэспандэнт Свабоды бачыў чатыры за хвіліну на праспэкце Незалежнасьці.

Журналістка, якая супрацоўнічае зь «Белсатам», ня можа выехаць з дому.

Пад Магілёвам ля вёскі Сумарокава затрымалі 11 чалавек, якія ехалі ў Менск на канцэрт. Іхную машыну спынілі міліцыянты і заявілі, што ёю перавозяцца наркотыкі. Як паведамляюць затрыманыя з імі абыходзяцца зьняважліва. Вязуць трыма машынамі ў магілёўскі раённы аддзел міліцыі.

Жыхары Віцебску, якія выправіліся сьвяткаваць у Менск, паведамляюць у сетках пра перапісваньне асабістых зьвестак у ранішнім цягніку. Міліцыя перапісвала зьвесткі моладзі зь бел-чырвона-белай сымболікай на віцебскім вакзале, і кантралявала выхад з цягніка на менскім.

Мікола Статкевіч затрыманы ля свайго дома ў Менску?

Гэта сьцьвярджае ў Telegram-канале «Тунеядцы Беларуси» сусед палітыка. Тэлефоны Міколы Статкевіча і ягонай жонкі Марыны Адамовіч не адказваюць.

Мікола Статкевіч быў ініцыятарам правядзеньня шэсьця 25 сакавіка ў Менску. Заяўку ягоных паплечнікаў адхілілі, шасьцёрых затрымалі напярэдадні.

Цяпер у Беларусі працягваюцца прэвэнтыўныя затрыманьні. Пры гэтым канцэрт у Менску і шэраг імпрэзаў дазволеныя практычна па ўсёй Беларусі.

Аўтазакі па-ранейшаму сьцягваюць у цэнтар Менску — раней улады адхілілі заяўку на шэсьце ад плошчы Якуба Коласа, хоць дазволілі канцэрт ля Опэрнага тэатру і шэраг імпрэзаў у дзясятках гарадоў.

Плошча Якуба Коласа
Плошча Якуба Коласа

Вуліца Красная, каля плошчы Якуба Коласа
Вуліца Красная, каля плошчы Якуба Коласа

У Слоніме затрыманы актывіст, які зьбіраўся ехаць у Менск на сьвяты

Івана Бедку затрымалі побач з ягоным домам. Аб гэтым ён паведаміў Свабодзе праз тэлефон. Паводле Бедкі, ён выйшаў з дому і накіроўваўся на маршрутку з тым, каб ехаць у Менск на сьвяткаваньні 100-годдзя БНР.

«Мяне вядуць у міліцыю, ніякіх прычынаў затрыманьня ніхто не патлумачыў», — пасьпеў праз тэлефон сказаць Бедка.

Слонімскі актывіст Алесь Масюк, які чакаў маршрутку на прыпынку са сваімі сябрамі, паведаміў Свабодзе, што за імі відавочна таксама сочаць міліцыянты.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла з Прагі:

Праваабаронцы «Вясны» ацанілі тое, як улады паводзілі сябе падчас мітынгу-канцэрту КХП БНФ 24 сакавіка ў Менску. З пазытыўнага: мерапрыемства насіла мірны характар, акцыя была дазволеная, праваахоўнікі не перашкаджалі.

Але ёсьць заўвагі: сам той факт, што патрэбныя дазволы на такія акцыі, што іх могуць адвольна забараніць, гэта «непрапарцыйнае абмежаваньне права на мірныя сходы». Акцыю пільнавалі «людзі ў цывільным», якіх немагчыма было ідэнтыфікаваць, яны не рэагавалі на канфліктныя сытуацыі.

Самае цікавае: «Супрацоўнікі камунальных службаў паказальна прыбіралі бліжэйшую парковачную пляцоўку, калі на самім месцы правядзеньня сьнег прыбіралі арганізатары».

Важна: не «бэнээр»!

Беларуская Народная Рэспубліка — БЭ-ЭН-ЭР. На заходніх мовах прыметнік „народная“ найлепш перадаваць як «дэмакратычная». Такі фармат назваў — звычайна «выбухны зычны + Э» і «Э + невыбухны зычны» — стварылі яшчэ рымляне.

Пра тое, чаму рэспубліка была «Народная» і чаму за сваю францускую яны ня мусяць выбачацца, расказвае Вінцук Вячорка.

Актывіст Беларускага нацыянальнага кангрэсу з Віцебску Ўладзімер Кійко паведамляе, што заблякаваны людзьмі ў цывільным у сваёй кватэры. Ля пад'езда стаіць машына УАЗ.

Напярэдадні ён зьвяртаўся да мясцовых уладаў па дазвол на сьвяточную акцыю — на шэсьце па пешаходнай вуліцы Суворава ад помніка князю Альгерду да помніка пісьменьніку-земляку Ўладзімеру Караткевічу. Акцыя была забаронена.

Жывая відэатрансьляцыя Свабоды зь Менску, Горадні, Прагі і іншых гарадоў

На плошчы Якуба Коласа ў Менску першыя затрыманьні, каля 10 чалавек

Праваахоўнікі затрымалі тых, хто спрабаваў пранесьці на плошчу бел-чырвона-белыя сьцягі, «для высьвятленьня асобы». Падобна, затрымліваюць таксама выпадковых мінакоў.

Міліцыянт папрасіў журналістаў не працаваць там, дзе ідуць затрыманьні.

Паплечнікі Міколы Статкевіча падавалі заяўку на шэсьце з плошчы, улады забаранілі мерапрыемства.

Тры аўтазака на мяжы плошчы Якуба Коласа, Менск
Тры аўтазака на мяжы плошчы Якуба Коласа, Менск

«А вы патриотка? Пройдёмте»

Гэта сказаў міліцыянт падчас затрыманьня жанчыны на плошчы Якуба Коласа.

Хапун на Коласа

На менскай плошчы Якуба Коласа каля 100 чалавек (колькі зь іх актывістаў, а колькі журналістаў і «людзей у цывільным», сказаць цяжка). Праходзяць затрыманьні актывістаў і мінакоў — пакуль затрымалі «для праверкі дакумэнтаў» каля 20 чалавек.

На Якуба Коласа ў Менску затрымана каля 30 чалавек

Затрыманьні адбываюцца адвольна, але не брутальна.

Тым часам затрыманыя таксама супрацоўнікі «Белсату» Андрусь Козел, Ігар Ільяш і Кацярына Бахвалава.

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG