Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У першую беларускамоўную клясу ў Гомлі аддалі дзяцей 20 сем’яў


Беларускія палічкі ў 1 «А» клясе гомельскай гімназія №36

Дваццаць першаклясьнікаў гарадзкой гімназіі № 36 імя Івана Мележа будуць ратаваць імідж беларускамоўнай адукацыі ў паўмільённым Гомлі. Гэта пры тым, што ўсяго ў горадзе з пачаткам верасьня за парты сядуць каля 50 тысяч школьнікаў.

Кляса, дзе хочацца вучыцца

Завуч пачатковых клясаў гімназіі № 36 Тацяна Гарбачова паказвае першую «А» клясу, дзе 20 дзяцей будуць навучацца па-беларуску. Мяккія зялёна-бэжавыя колеры партаў, сьветлыя падлога й сьцены, з густам падабраныя жалюзі. Сучасная дошка з дадатковым падсьвятленьнем, азбука, куток «Інфармацыйны весьнік», палічкі з кніжкамі пра Радзіму, Гомель, родную мову, цацкі, зробленыя дзецьмі. Ёсьць тут нават свая «Гульнятэка».

Завуч Тацяна Гарбачова з настаўніцай першаклясьнікаў Кацярынай Казловай
Завуч Тацяна Гарбачова з настаўніцай першаклясьнікаў Кацярынай Казловай

Гаспадыня беларускай клясы — сёлетняя выпускніца Гомельскага пэдагагічнага каледжу імя Выгоцкага Кацярына Казлова:

«Сама я з Чачэрскага раёну. Рада, што разьмеркавалі ў мележаўскую гімназію. Літаральна ўчора сустракаліся з бацькамі, чые дзеці будуць навучацца па-беларуску. Па-добраму ўразіла шчырае зацікаўленьне бацькоў у беларускамоўным навучаньні сваіх дзяцей».

Завуч Тацяна Гарбачова кажа, што апошнім часам павялічваецца колькасьць абітурыентаў, якія здаюць цэнтралізаванае тэставаньне па беларускай мове. Аднак «стобальнікаў» сярод іх ня так і шмат.

«Калі была сустрэча з бацькамі першаклясьнікаў, заўважыла, што асобныя зь іх крыху апасаюцца за тое, ці добра будуць засвойваць шасьцігодкі вучэбны матэрыял. Маўляў, дома мала практыкі, беларускамоўнае асяродзьдзе ў горадзе звужанае. Дык я ім прыводжу прыклад з папярэдняй беларускай клясы, дзе навучалася 26 дзяцей. Ніхто зь іх не адстаў, усе гуртам перайшлі ў другую клясу — і працягнуць навучаньне па-беларуску. У нас у гімназіі і выхаваўчая праца вядзецца на беларускай мове. Будзем неўзабаве вырашаць, каб вярнуцца да практыкі беларускамоўнага навучаньня і пасьля пачатковай школы — у 5–11 клясах».

Этнаграфічны музэй гімназіі "Беларуская хата" — дыплямант шматлікіх конкурсаў
Этнаграфічны музэй гімназіі "Беларуская хата" — дыплямант шматлікіх конкурсаў

«Не рызыкую выпраўляць дачку за пяць кілямэтраў»

Заявы ў мележаўскую гімназію пра навучаньне сваіх дзяцей на беларускай мове могуць падаваць бацькі зь любога кутка гораду. Але спыняе вялікая адлегласьць — далёка ня ўсе маюць магчымасьць вазіць дзяцей уранку за пяць ці нават дзесяць кілямэтраў у гімназію № 36, што на вуліцы Братоў Лізюковых. А іншыя школы беларускамоўных клясаў ня маюць.

«У верасьні мая дачка Маргарыта ідзе ў першы кляс, — кажа гамяльчанка Антаніна Каржавіна. — Мы зь ёй наведвалі заняткі, якія ладзіць для малалеткаў гарадзкая арганізацыя Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Але аддаць дачку ў гімназію № 36 я не магу — не рызыкую выпраўляць за пяць кілямэтраў ад дому, бо жывём мы ў мікрараёне „Гомсельмаш“. Мне, канечне, балюча, што побач няма магчымасьці навучаць дачку на беларускай мове — мове тытульнай нацыі».

Напрыканцы мінулага навучальнага году ў рэгіёне налічвалася 537 агульнаадукацыйных школ, у тым ліку беларускамоўных — 239. Усяго ў школах вобласьці навучалася 150 тысяч дзяцей, зь якіх толькі 18,3 тысячы — па-беларуску. Іншымі словамі, у 8 зь лішкам разоў меней, чым на расейскай мове.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG