Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мадура ня пусьціць вэнэсуэльскую апазыцыю на выбары


Нікалас Мадура (у цэнтры) танчыць на мерапрыемстве ягоных прыхільнікаў у Каракасе

Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікалас Мадура запатрабаваў не дапускаць да прэзыдэнцкіх выбараў апазыцыйныя партыі, што вырашылі байкатаваць муніцыпальныя выбары, перадае BBC.

Асноўныя апазыцыйныя партыі — «Дэмакратычнае дзеяньне», «Народная воля» і «Справядлівасьць перадусім» — вырашылі байкатаваць муніцыпальныя выбары, што прайшлі ў нядзелю, 10 сьнежня. Як перадае The Wall Street Journal, на выбарах дамінуюць праўладныя кандыдаты: па словах Мадуры, прадстаўнікі кіроўнай «Адзінай сацыялістычнай партыі» перамаглі на больш як 300 з 335 акругаў пры яўцы ў 47% (яўка рэкордна нізкая за апошнія шэсьць год, але назіральнікі кажуць, што і гэтыя лічбы завышаныя).

«Партыі, што не ўзялі ўдзел у сёньняшнім галасаваньні і заклікалі да байкоту выбараў, ня могуць больш у іх удзельнічаць, гэта крытэр Нацыянальнага ўстаноўчага сходу, і я як кіраўнік дзяржавы яго падтрымліваю», — заявіў Мадура са спасылкай на скліканую ім альтэрнатыву парлямэнту, стварэньне якой апазыцыя называла дзяржаўным пераваротам.

Апазыцыя вырашыла байкатаваць цяперашнія выбары пасьля таго, як у канцы кастрычніка на выбарах губэрнатараў перамаглі 18 прадстаўнікоў партыі ўлады і толькі 5 апазыцыянэраў — такія вынікі апазыцыя адмовілася прызнаваць.

Паводле BBC, заява Мадуры скіраваная на тое, каб падзяліць апазыцыю. Папулярнасьць самаго Мадуры падае на тле ўсё горшага эканамічнага крызісу (вэнэсуэльцы галадаюць, краіне пагражае дэфолт), але яму часткова ўдаецца змагацца з апазыцыяй: адных ён садзіць за краты, другім замінае балятавацца. Цяпер апазыцыя яшчэ і пад пагрозай адхіленьня ад прэзыдэнцкіх выбараў.

У Беларусі неўзабаве — 18 лютага — маюць адбыцца мясцовыя выбары. Беларуская апазыцыя не зьбіраецца іх байкатаваць, але ўдзельнічаюць ня самым масавым чынам (так, Правацэнтрысцкая кааліцыя плянуе 100 пераможных кампаніяў на 18 111 акругаў). Ці шмат апазыцыйных кандыдатаў зарэгіструюць на гэтыя выбары, невядома. Але ў тэрытарыяльныя выбаркамы ўключылі мінімум апазыцыянэраў і шмат чыноўнікаў — чыноўнікі і дырэктарат складаюць большасьць у абласных і раённых выбарчых камісіях.

XS
SM
MD
LG