Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як працуюць «баявыя бабкі Пуціна»


Сябра «Атрадаў Пуціна» ў час пагрому штаба Навальнага ў Краснадары.

Расейскіх пэнсіянэрак матывуюць змагацца з апазыцыяй. Шырока распаўсюдзіўся відэазапіс таго, як 4 чэрвеня людзі (пераважна сталага веку і жаночага полу), якія называлі сябе «Атрадамі Пуціна», напалі на штаб апазыцыянэра Аляксея Навальнага ў Краснадары. Паліцыя напад не спыняла.

Адкуль яны ўзяліся, аналізуе тэлеканал «Настоящее время».

Раней на штабы Навальнага нападалі «казакі» або маладзёны ў спартовых касьцюмах. Прапуцінскія актывісткі сталага веку раней былі актыўныя хутчэй на мітынгах (дзе іх у Расеі называлі проста «бабкі»).

Апазыцыйныя актывісты сьцьвярджаюць, што «Атрады Пуціна» цяпер спрабуюць справакаваць іх на адказную агрэсію, і шкадуюць, што жанчыны «памыляюцца» і што імі «маніпулююць».

«Атрады Пуціна» сабраў вакол сябе бізнэсовец Марат Дынаеў. У Краснадары ён яшчэ ў 2000-х арганізаваў фонд «Сацыяльная справядлівасьць», адной з мэтаў якога называлася «клясавая барацьба з кравапіўцамі ад улады». Спачатку «бабкі» выступалі за самаго Дынаева, якога называлі «кармільцам», потым супраць краснадарскага губэрнатара Аляксея Ткачова, потым за яго.

Яны сталі шырока вядомымі ў 2013 годзе, калі яны рушылі маршам на Крэмль. Тады апазыцыянэр Аляксей Навальны балятаваўся на мэра Масквы, а «бабкі» прасілі «ніколі не сыходзіць» Ўладзімера Пуціна (прэзыдэнта — ня мэра Масквы).

Ці стаіць нехта за «бабкамі» Дынаева, невядома: адны кажуць, што мясцовыя ўлады, іншыя — што проста грошы. Але памяшканьне фонду «Сацыяльная справядлівасьць» знаходзіцца ў муніцыпальнай уласнасьці, а фонд за яго ня плоціць.

Дынаеў у камэнтары «Настоящему времени» заявіў, што «бабкі» — толькі адзін з «Атрадаў Пуціна», яшчэ два складаюцца з маладзёнаў.

Ён кажа, што «бабкі» настроеныя самі супраць Навальнага, што «атрады» ўтрымліваюцца на ўласныя грошы і што для іх «Пуцін — гэта як бы Расея». У дзеяньнях «бабак» ён нічога незаконнага ня бачыць.

Паводле словаў Дынаева, яго атрады — ня тыя ж «бабкі», якія бралі ўдзел у захопе адміністрацыйных будынкаў на Данбасе ў 2014 годзе.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG