Супрацоўнік аддзелу расьсьледаваньняў Фонду барацьбы з карупцыяй Георгій Албураў падаў у суд на прэм’ер-міністра Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева за тое, што той заблякаваў яго ў «Твітэры».
Пра гэта паведамляе сайт апазыцыянэра Аляксея Навальнага, заснавальніка згаданага фонду. Апанэнты Крамля абвясьцілі вайну карупцыянэрам, кіраўніку ўраду ў тым ліку.
На думку юрыстаў фонду, мікраблог Дзьмітрыя Мядзьведзева зьяўляецца афіцыйнай крыніцай інфармацыі, паколькі спасылка на яго пазначаная на сайце ўраду Расеі.
У ФБК лічаць, што Мядзьведзеў парушыў прынцып галоснасьці працы Кабінэту міністраў, пазбавіўшы Албурава магчымасьці чытаць ягоны «Твітэр». У базе дадзеных Прэсьненскага суду Масквы пазоў пакуль не зарэгістраваны.
У сакавіку Фонд барацьбы з карупцыяй апублікаваў расьсьледаваньне аб нерухомасьці, якой нібыта валодае Дзьмітрый Мядзьведзеў. Прэм’ер-міністар раней забаніў у сваім мікраблогу заснавальніка фонду Аляксея Навальнага і супрацоўніка аддзелу расьсьледаваньняў Георгія Албурава. Публікацыі ФБК Мядзьведзеў назваў «хлусьлівымі прадуктамі палітычных прайдзісьветаў».