Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Ізраіля наведаў у Гомлі будоўлю на былых габрэйскіх могілках


Тлумачэньні гомельскіх чыноўнікаў амбасадару

Амбасадар Ізраіля ў Беларусі Алан Шогам наведаў сёньня ў Гомлі на вуліцы Сожаўскай будаўнічую пляцоўку 18-павярховага жылога дома, дзе, паводле гісторыкаў, былі габрэйскія могілкі.​

Месца пахаваньня — сьвятое

«Я магу сказаць, што ў Ізраілі, калі будаваўся галоўны міжнародны аэрапорт, таксама былі выяўлены чалавечыя парэшткі. І будоўля, наколькі я памятаю, была спыненая амаль на два гады. Нам такія інцыдэнты, на жаль, добра знаёмыя. Для нас месца пахаваньня — сьвятое. Зразумець гэтае месца археалягічна, тэалягічна дапамагаюць публічныя дыскусіі, якія ладзяцца адразу пасьля іх выяўленьня. Таму нас гэта не палохае», — сказаў амбасадар.

Нязьведаны мыс

Тут паўстане 18-павярховы жылы дом
Тут паўстане 18-павярховы жылы дом

Дазвол будаваць жылы гмах на Сожаўскай выдаў Гомельскі гарвыканкам. Спрэчкі вакол гэтай будоўлі не сьціхаюць ад пачатку студзеня. Справа дайшла ўжо да судоў — ёсьць тыя, хто лічыць сябе пакрыўджаным і абражаным.

Гарадзкія ўлады, заказчык будоўлі — ТДА «Аграбудпрам», мясцовыя афіцыйныя мэдыі — на адным баку. На іншым — гісторыкі, незалежныя журналісты і неабыякавыя гараджане. Яны кажуць, што месца будаўніцтва — так званы паўночны мыс па-над Сожам — гэта археалягічны аб’ект, як і ўсе могілкі. І перш чым распачынаць будоўлю, гарадзкія ўлады мусілі ініцыяваць археалягічныя раскопкі.

Гэтага патрабуе і беларускі Кодэкс аб культуры. Дый прэцэдэнт ужо быў: на паўднёвым мысе, дзе ў 2008 годзе будавалі футбольны стадыён і тэнісныя корты, выкопвалі зь зямлі чалавечыя парэшткі і габрэйскія надмагільныя помнікі.

Гомельскія чыноўнікі тлумачылі спадару Шогаму, што, маўляў, толькі на мапе гораду 1913 году ў раёне цяперашняй будоўлі пазначаныя габрэйскія могілкі. А на пачатку ХХ стагодзьдзя гэтае месца было забудавана. У прыватнасьці, тут быў вядомы гамельчукам шпіталь воднікаў, а пасьля герыятрычная лякарня.

Дырэктар ТДА «Аграбудпрам» Аляксандар Баханко, заказчык будоўлі, казаў амбасадару, што тут расло шмат дрэваў і ён падлеткам хаваўся пад імі ад бацькоў, каб пакурыць. І дадаў, што ў чатырохмэтровым катлаване, вырытым пад фундамэнт, пахаваньняў ня выяўлена.

Ліст з Інстытуту гісторыі

Прысутныя на сустрэчы прэзыдэнт Усясьветнай асацыяцыі беларускіх габрэяў Якаў Гутман, а таксама гісторык Марыя Ляпіна-Булавінская зьвярнулі ўвагу спадара Шогама на ліст дырэктара Інстытуту гісторыі НАН Беларусі Вячаслава Даніловіча, які адказаў на запыт заказчыка будоўлі:

«Картаграфічны матэрыял (пляны Гомля 1799, 1830, 1838 гадоў) сьведчыць пра тое, што ў раёне будаўніцтва 18-павярховага жылога дома па вуліцы Сожаўскай, 5 у Гомлі знаходзіліся габрэйскія могілкі. Яны былі „скасаваныя“ ў 1885 годзе і, відавочна, пахаваньні пасьля гэтага часу не вяліся. Могілкі пазначаныя на плянах 1910 і 1913 гадоў».

Паведамлялася таксама, што грамадзянская забудова на месцы былых габрэйскіх могілак пачала ажыцьцяўляцца ў 1920–30 гады, яна адлюстравана на аэрафотаздымках, датаваных летам 1941 году. Памяць пра могілкі паступова стала страчвацца, і толькі ўспаміны старажылаў пра земляныя работы канца ХХ — пачатку ХХI стагодзьдзя да гэтага часу «сьведчаць пра наяўнасьць некранутых участкаў былых габрэйскіх могілак».

Няпростае суседзтва

Спадара Шогама зацікавіла адсутнасьць пахаваньняў у катлаване, вырытым пад фундамэнт. Якаў Гутман патлумачыў, што забудоўшчык зрабіў на пляцоўцы толькі тры раскопы экскаватарам, а паўнавартасны археалягічны пошук не праводзіўся.

«Ня варта спыняць будоўлю, — сказаў амбасадар, — калі знойдзены фрагмэнт косткі. Гэтага недастаткова. Спыняць трэба, калі выяўлена пахавальнае месца. У Ізраілі ёсьць розныя меркаваньні. Адны лічаць: калі было пахаваньне і знаходзяцца парэшткі, яно застаецца сьвятым. Іншыя (і ня вернікі таксама) перакананыя: калі месца было сьвятым і пасьля стала сьвецкім — шпіталь быў ці нешта іншае — то ранейшы статус яму вярнуць ужо нельга, калі знаходзяцца толькі нейкія фрагмэнты. Разумею ўзьніклае непаразуменьне: будаўнікі шукалі пахаваньні, іншыя — фрагмэнты. Калі рабінат і габрэйская абшчына кажуць, што дастаткова таго, што знойдзена, то для мяне як прадстаўніка дзяржавы іх рашэньня таксама дастаткова».

Амбасадар не выключае, што на будоўлі і ёсьць нейкія фрагмэнты чалавечых парэшткаў. І калі іх правяраць, то варта дамовіцца, якім чынам гэта рабіць. Тут ужо патрэбныя сапраўдныя археалягічныя раскопкі.

Ізраільскі дыплямат пацікавіўся, ці зьбіраецца габрэйская абшчына ўсталёўваць нейкі памятны знак пра тое, што пры вуліцы Сожаўскай былі габрэйскія могілкі. Атрымаўшы адказ, што будучыя навасёлы могуць успрыняць гэта адмоўна, амбасадар Алан Шогам заўважыў:

«Разумею, што ня кожны хоча штодня сутыкацца ці бачыць з вакна такі знак з надпісам пра могілкі. Я ведаю такіх людзей, яны нізавошта ў жыцьці ня купяць кватэру і за сто мэтраў ад могілак. Але ведаю і іншых (як ні дзіўна, у тым ліку мая жонка), якія лічаць, што жыць побач з могілкамі — гэта сьвятое суседзтва».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG