Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будаўніцтва жылога дома на былых габрэйскіх могілках у Гомлі абярнулася судамі


Эканамічны суд Гомельскай вобласьці

29 жніўня калегія Гомельскага эканамічнага суду пад старшынствам Аляксандара Лісоўскага прызнала архітэктара Сяргея Ляпіна вінаватым у распаўсюдзе зьвестак, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці і прыніжаюць гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю таварыства «УКБ-Дронга» як забудоўніка.

Прэтэнзіі ТДА «Аграбудпрам» да аўтара публікацыі адхіленыя.
Ляпін абавязаны абвергнуць распаўсюджаныя зьвесткі і сплаціць за «УКБ-Дронга» судовыя выдаткі.

Падставай для судовага разбору стаў артыкул «На скандальнай будоўлі на вуліцы Сожаўскай знойдзены косьці, але забудоўнік іх не заўважае». Артыкул быў зьмешчаны 15 траўня на рэгіянальным сайце «Сильные новости» і, на думку пазоўнікаў, прынізіў іх гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю.

У залі суду
У залі суду

Першапачаткова пазваным называўся і заснавальнік сайту Пётра Кузьняцоў, які на прапанову судзьдзі Ірыны Хамэрман пагадзіўся на міравое пагадненьне. Ляпін таксама быў ня супраць. Аднак выпрацаваны сумесны тэкст пагадненьня пазоўніка і заснавальніка сайту не задаволіў архітэктара Ляпіна як аўтара артыкулу і ён адмовіўся падпісваць «міравую». Таму эканамічны суд калегіяльна разгледзеў пазоў па сутнасьці, дзе пазваным выступаў толькі Сяргей Ляпін.

Марыя Ляпіна-Булавінская і Леанід Судаленка
Марыя Ляпіна-Булавінская і Леанід Судаленка

У якасьці прадстаўнікоў Ляпіна суд дапусьціў ягоную жонку, гісторыка Марыю Ляпіну-Булавінскую, і юрыста Беларускай асацыяцыі журналістаў Леаніда Судаленку (Ляпін сёлета прыняты ў сябры БАЖ).

Пазоўнікі на падставе рашэньня Гомельскага гарвыканкаму атрымалі зямельны ўчастак пад будаўніцтва 18-кватэрнага дому па вуліцы Сожскай, 5. Гісторыкі з гэтай прычыны пачалі біць трывогу: на тым месцы ў ХIХ стагодзьдзі разьмяшчаліся габрэйскія могілкі, яно патрабуе дасьледаваньня археолягаў, бо могілкі зьяўляюцца археалягічным аб’ектам. Патрэбны раскопкі, як таго патрабуе беларускае заканадаўства, у прыватнасьці Кодэкс аб культуры.

Пра гэта пісаў на сайце «Сильные новости» гісторык Яўген Малікаў. Апублікаваў артыкул наконт гэтага і архітэктар Ляпін.

Сяргей Ляпін
Сяргей Ляпін

Пазыцыя забудоўнікаў

Пазоўцы — «Аграбудпрам» і «УКБ-Дронга» — палічылі, што менавіта ў публікацыі Ляпіна ёсьць выразы, якія абражаюць іх гонар і годнасьць як забудоўнікаў.

У пазове яны прасілі суд прызнаць неадпаведнымі рэчаіснасьці выразы ў публікацыі: «На будоўлі на вуліцы Сожаўскай знойдзены косьці, але забудоўнік іх не заўважае», «Гамельчукоў абурыла тое, што шматкватэрны дом плянуецца пабудаваць на месцы старых габрэйскіх могілак», «Усе прыведзеныя факты сьведчаць пра некампэтэнтнасьць дасьледаваньня прадстаўнікамі забудоўніка і габрэйскай суполкі будаўнічага ўчастку, дзе, паводле пляну 1913 году, месьціліся габрэйскія могілкі».

Аспрэчваўся сам факт наяўнасьці на месцы забудовы старых габрэйскіх могілак. Прадстаўнікі ТДА «Аграбудпрам» Дзьмітры Зайцаў і «УКБ-Дронга» Юры Канюкоў даводзілі суду: маўляў, інфармацыя пра існаваньне могілак носіць меркаваны характар, доказамі не пацьверджана. Нават калі могілкі былі, але «скасаваныя» яшчэ ў 1885 годзе, то іх наагул маглі перанесьці. Больш за тое, забудоўнікі з удзелам прадстаўнікоў гарвыканкаму, габрэйскай рэлігійнай суполкі «Бэйт Якаў» і гарадзкіх СМІ рабілі «шурфаваньне грунту з мэтай вызначэньня магчымых межаў пахаваньняў» і парэшткаў не знайшлі. А косьці, знойдзеныя архітэктарам Ляпіным, паводле высновы судмэдэкспэртызы, «чалавеку не належаць».

Меркаваньні экспэртаў

Высьвятленьнем гістарычных доказаў пра існаваньне габрэйскіх могілак на так званым паўночным мысе па-над Сожам займалася і калегія Эканамічнага суду — патрабавала ад гісторыка Яўгена Малікава, які выступаў у судзе як спэцыяліст, спасылак на пісьмовыя крыніцы, бо эскізнай мапы 1913 году з пазначанымі могілкамі падалося мала.

Суд на сваю ініцыятыву запрасіў на паседжаньне і дапытаў супрацоўніка палацава-паркавага ансамблю, гісторыка Юрыя Панкова, які рыхтаваў гістарычную даведку пра колішні раён «Сьвісток», і таксама ўказаў на існаваньне старых габрэйскіх могілак на цяперашняй тэрыторыі пабудовы жылога дому. Панкоў дадаў, што могілкі на паўночным мысе пазначалі на мапе ў 1918 годзе і немцы, якія на той час акупавалі Гомель. На паўднёвым мысе, дзе цяпер знаходзіцца футбольны стадыён і тэнісныя корты, яшчэ ў 2008 годзе будаўнікі выкопвалі надмагільныя пліты і чалавечыя парэшткі.

Якаў Гутман
Якаў Гутман

Дапытаны ў судзе у якасьці сьведкі прэзыдэнт Усясьветнай асацыяцыі беларускіх габрэяў Якаў Гутман перакананы: «Могілкі на Сожаўскай ня толькі былі — яны ёсьць». І капаць, паводле яго, трэба не на паўтара, а на 3-4 мэтры, паколькі падчас грамадзянскай забудовы рэльеф мыса зьмяняўся. Гутман спрабаваў праз суд аспрэчыць рашэньне Гомельскага гарвыканкаму на выдзяленьне ўчастка пад будаўніцтва жылога дома, але атрымаў адмову на той падставе, што «ня мае права падаваць такі пазоў, калі ён ня можа разглядацца ў судах з прычыны яго непадведамаснасьці». Нягледзячы на такі зыход, Гутман перакананы: калі парушаецца заканадаўства, яго наступствы ўрэшце абавязкова «б’юць па тых, хто яго парушае».

Пазыцыя пазваных

Пазваны Сяргей Ляпін і яго прадстаўніца, жонка Марыя, даказалі, што забудоўнікі ведалі пра існаваньне закрытых могілак на вуліцы Сожаўскай яшчэ да пачатку будаўніцтва і мусілі ініцыяваць археалягічнае дасьледаваньне ўчастка з запрашэньнем профільных спэцыялістаў, пра што і гаварылася ў артыкуле.

Пацьверджаньнем таго, што пазоўнікі былі ў курсе, зьяўляецца атрыманая з Інстытуту гісторыі НАН Беларусі службовая перапіска з дырэктарам ТДА «Аграбудпрам» Аляксандарам Боханавым. Дырэктар інстытуту Вячаслаў Даніловіч на запыт Боханава паведамляў сёлета ў красавіку:

«Картаграфічны матэрыял (пляны Гомлі 1799-га,1830-га, 1838 гг.) сьведчаць пра тое, што ў раёне будаўніцтва 18-павярховага жылога дому па вул. Сожаўскай, 5 у Гомлі знаходзіліся габрэйскія могілкі. Яны былі „скасаваныя“ ў 1885 годзе і, відавочна, пахаваньні пасьля гэтага часу не вяліся. Могілкі пазначаныя на плянах 1910 і 1913 гадоў».

З Інстытуту гісторыі таксама паведамлялася: грамадзянская забудова на месцы былых габрэйскіх могілак стала ажыцьцяўляцца ў 1920-30 гады, што адлюстравана на аэрафотаздымках гораду летам 1941 году. Памяць пра могілкі паступова стала страчвацца, і толькі ўспаміны старажылаў пра земляныя работы канца ХХ — пачатку ХХI стагодзьдзя, якія суправаджаліся знаходкамі чалавечых парэшткаў і надмагільных плітаў, да гэтага часу сьведчаць пра наяўнасьць некранутых участкаў былых габрэйскіх могілак.

Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Леанід Судаленка прасіў суд адмовіць у задавальненьні пазову ТДА «Аграбудпрам», паколькі таварыства ня згадваецца ў артыкуле Сяргея Ляпіна, а інфармацыя ў дачыненьні забудоўніка «УКС-Дронга» мае характар асабістай думкі аўтара, за што адказнасьць не прадугледжана ніякім заканадаўствам.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG