Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будаўніцтва на былых могілках у Гомлі: бакі пайшлі на замірэньне


Пазоўнікі і адказьнікі выказалі гатовасьць да замірэньня

Эканамічны суд Гомельскай вобласьці адклаў разгляд пазову таварыстваў з дадатковай адказнасьцю «Аграбудпрам» і «УКБ-Дронга» да архітэктара Сяргея Ляпіна за артыкул «На скандальнай будоўлі на вуліцы Сожаўскай знойдзены косьці, але забудоўнік іх не заўважае».

Артыкул быў зьмешчаны 15 траўня на рэгіянальным сайце «Сильные новости» і, на думку пазоўнікаў, прыніжае іх гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю. Тым ня менш пазоўнікі пагадзіліся на прапанову судзьдзі Ірыны Хамэрман пайсьці на міравое пагадненьне.

Ня супраць былі і адказьнікі — уладальнік сайту «Сильные новости», дырэктар «Цэнтру рэгіянальнага разьвіцьця ГДФ» Пётар Кузьняцоў і аўтар артыкула, архітэктар Сяргей Ляпін.

Забудоўнікі патрабавалі, у прыватнасьці, прызнаць неадпаведнымі рэчаіснасьці выразы ў публікацыі «Гамельчукоў абурыла тое, што шматкватэрны дом плянуецца пабудаваць на месцы старых габрэйскіх могілак», «На будоўлі на вуліцы Сожаўскай знойдзены косьці, але забудоўнік іх не заўважае», «Усе прыведзеныя факты сьведчаць пра некампэтэнтнасьць дасьледаваньня прадстаўнікамі забудоўніка і габрэйскай абшчыны будаўнічага ўчастку, дзе, паводле пляну 1913 году, месьціліся габрэйскія могілкі».

Судом вызначаны час на замірэньне — да 14 ліпеня. Калі да згаданай даты бакі ня прыйдуць да пагадненьня, суд адновіць разгляд справы.

Заяўлена таксама хадайніцтва аб адмене вызначэньня судзьдзі Ірыны Хамэрман пра абмежаваньне доступу на сайце да артыкула «На скандальнай будоўлі на вуліцы Сожаўскай знойдзены косьці, але забудоўнік іх не заўважае» як меры забесьпячэньня пазову.

«Прадметам пазову зьяўляецца артыкул, справа не разгледжаная, а судзьдзя ўжо прыняла бок пазоўніка праз вынесенае вызначэньне», — сказаў аўтар артыкула, архітэктар Сяргей Ляпін.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG