Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі будаўнікі судзяцца з сайтам «Сильные новости» і ягоным аўтарам


Архітэктар Сяргей Ляпін (справа) ў судзе, судзіцца з газэтай «Гомельская праўда»

Гомельскія забудоўнікі вуліцы Сожаўскай падалі ў суд на сайт «Сильные новости» і архітэктара Сяргея Ляпіна.

Забудоўнікі шматкватэрнага дома па вуліцы Сожаўскай у Гомлі — таварыства з дадатковай адказнасьцю «Аграбудпрам» і таварыства з абмежаванай адказнасьцю «УКБ-Дронга» — патрабуюць ад уладальніка сайту «Сильные новости», установы «Цэнтар рэгіянальнага разьвіцьця ГДФ», і яго аўтара архітэктара Сяргея Ляпіна выбачыцца за артыкул «На скандальнай будоўлі на вуліцы Сожаўскай знойдзены косьці, але забудоўнік іх не заўважае».

Пазоўнікі пішуць у заяве ў эканамічны суд, што зьвесткі ў артыкуле пра наяўнасьць «россыпу касьцявых парэшткаў» на дне вялікага будаўнічага катлавану і сьцьвярджэньне пра некампэтэнтнaе дасьледаваньне будаўнічага ўчастку не адпавядаюць рэчаіснасьці, прыніжаюць дзелавую рэпутацыю.

Паводле пляну гораду 1913 году, на вуліцы Сожаўскай, дзе цяпер распачынаецца будаўніцтва шматпавярховіка, была адна з дзьвюх частак габрэйскіх могілак, таму архітэктар Ляпін і пісаў у артыкуле пра неабходнасьць археалягічнага дасьледаваньня гэтай тэрыторыі. Праз сваю пазыцыю зьведаў нападкі ў мясцовых СМІ, найперш у газэце «Гомельская праўда».

У судзе Чыгуначнага раёну разглядаецца ягоны пазоў на абарону гонару й годнасьці.

Цяпер забудоўнікі падалі ў эканамічны суд на самога архітэктара. Апроч выбачэньняў, патрабуюць спыніць доступ на сайце «Сильные новости» да вышэйзгаданага артыкулу і кампэнсаваць пазоўнікам дзяржаўны збор у памеры 460 рублёў. Пасяджэньне эканамічнага суду прызначана на 6 ліпеня.

XS
SM
MD
LG