Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гомельская правда» падала ў суд за здымак газэты над сьметніцай


Абласная афіцыйная газэта «Гомельская праўда» падала ў суд на мясцовага ўрбаніста і архітэктара Сяргея Ляпіна, а таксама інтэрнэт-партал «Сильные новости». Выданьне патрабуе зьняпраўдзіць здымак, на якім Сяргей Ляпін трымае «Гомельскую праўду» над сьметніцай. Заяўнікі лічаць, што такім чынам Ляпін і інтэрнэт-партал параўноўваюць «друкаванае выданьне са сьмецьцем». Адсюль і выснова: «Дэманстрацыя свайго нэгатыўнага стаўленьня да газэты „Гомельская праўда“ ганьбіць яе гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю».

«Я ня ведаю, як зьняпраўдзіць здымак, — кажа архітэктар Ляпін. — Сказаць, што я выцягнуў газэту са сьметніцы? Дык такога не было. Я на здымку такі, як ёсьць, без фаташопу. І сьметніца сапраўды гомельская, тыповая — яна лягічны канцавы пункт, па сутнасьці, любой газэты. Здымак быў зроблены пасьля таго, як «Гомельская праўда» абвінаваціла мяне, што я ў сваіх публікацыях пра рэканструкцыю вуліц і будаўніцтва шматпавярховіка на былых габрэйскіх могілках толькі «ляпаю».

Апроч зьняпраўджаньня здымка, афіцыйная газэта патрабуе ад архітэктара сплаціць выдаткі па суду.

Заява «Гомельскай праўды» паступіла ў суд Чыгуначнага раёну, калі там яшчэ не разгледжаны пазоў самога Сяргея Ляпіна да гэтай жа газэты.

За апошнія паўгода за подпісам Рамана Старавойтава, і ня толькі яго, у «Гомельскай праўдзе» было надрукавана некалькі матэрыялаў, у якіх абʼектам зьдзеклівай і абразьлівай крытыкі выступаў архітэктар Сяргей Ляпін. Назвы публікацый кажуць самі за сябе: «Абы ляпнуць», «Будаўнічыя абʼекты Гомля пад прыцэлам інтэрнэт-правакатараў. Чаго карціць „ляпіным“?», «Хто і навошта падкінуў косьці на будпляцоўку па вуліцы Сожаўскай у Гомлі?» Найбольш ярлыкоў і абразьлівых маніпуляцыяў з прозьвішчам архітэктара Ляпіна ўтрымлівае карэспандэнцыя «Ляпнул раз, ляпнул два... Всё неймётся», надрукаваная ў газэце 20 траўня. Архітэктар абвінавачваецца ў хлусьні, правакацыях і нават «парушэньні нацыянальнай бясьпекі».

Працяг суду ў справе пазову Ляпіна да «Гомельскай праўды» і яе карэспандэнта прызначаны на 5 ліпеня. Дата ж разгляду грамадзянскага пазову газэты да архітэктара пакуль ня вызначана.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG