Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьбіты невядомымі Алесь Кіркевіч: Супроць абаронцаў Курапатаў ужываюць гібрыдныя мэтады


Алесь Кіркевіч

Падчас начнога нападу невядомых на намёт абаронцаў Курапатаў сярод іншых пацярпеў валянтэр Алесь Кіркевіч.

Пра свой фізычны стан Алесь Кіркевіч сказаў Свабодзе:

— Ужо лепш. Ударылі палкай па галаве, расьсеклі скуру над скроньню. Невядомы біў паўтарамэтровым кіем, трымаў кій дзьвюма рукамі, таму ўдар быў моцны. Была кроў, але абышлося без страсеньня мозгу. Гэта ў маім жыцьці ня першая траўма галавы, таму ведаю. Цяпер каардынацыя рухаў нармальная, таму, як кажуць, пакуль жаніцца — загаіцца. Крыху адаспаўся, адпачыў і цяпер зноў зьбіраюся ў Курапаты. Там а 18-й будзе сустрэча мясцовых жыхароў, а потым нанач застануся як журналіст. У нас журналіст — як бацюшка ў вайну: і зброі ў рукі не бярэ, але і ўбаку стаяць ня будзе. Таму, калі ня будзе якіх форс-мажораў, дык застануся. Бо, як разумею, зноў будзе начная вахта.

— Ці будзеце падаваць заяву ў міліцыю на нападнікаў?

— Асабіста я не зьбіраюся. У міліцыю пісаць заяву на міліцыю — гэта сьмешна. Ніводнага разу, наколькі я ведаю, ніхто не дамогся ў гэтай справе посьпеху, дык навошта губляць час? Але калі хто напіша, дык магу выступіць сьведкам.

— Чаму вы мяркуеце, што вас ударыў пераапрануты міліцыянт?

— Насамрэч цяжка сказаць, ніхто ж дакладна ня ведае. Ніхто з нападнікаў не прадстаўляўся, але ў любым выпадку дзеяньні тых людзей былі ўзгодненыя зь міліцыянтамі, на што паказвае цэлы шэраг фактаў. Што перад гэтым зьніклі «ціхары», якія ўвесь час назіралі за вахтай. Што ніхто ня выйшаў з будоўлі, хоць там былі ахоўнікі. У тым ліку і будаўнікі, якіх там заўсёды некалькі чалавек з прычыны напружанай сытуацыі. Там генэратар працаваў, было дастаткова людзей, але ніхто чамусьці ня выйшаў. І яшчэ тое, што гэта адбылося акурат перад сходам жыхароў, які прызначаны на сёньня. Таксама невыпадкова — каб людзей напужаць, каб ня лезьлі, што можа быць дрэнна.

— Паводле дырэктара фірмы-інвэстара «Белрэканструкцыя» Сяргея Несьцерава, абаронцы Курапатаў нібыта сякерамі зламалі плот вакол будоўлі. Вы такія факты бачылі?

— Асабіста я ня бачыў, каб хто сякерай ламаў плот. Магчыма, у будаўнікоў ёсьць такія факты, але я ня бачыў. Але фактам ёсьць тое, што будаўнікі падчас гэтага супрацьстаяньня вельмі часта выконвалі не свае функцыі, а функцыі міліцыі. Ёсьць і здымкі, і відэа, як яны ўжывалі гвалт адносна актывістаў. Ім гэтак у твар і казалі, што калі нешта не падабаецца, хай выклікаюць міліцыю. А будаўнікі паціскалі плячыма і казалі, што вось яна, міліцыя, тут — ды паказвалі на «ціхара», які здымаў на відэа. Таму і на будаўнікоў можна заводзіць справу, калі паводле закону. Неадназначная сытуацыя, бо гэта першы прыклад, калі ў нас улады працуюць такімі «гібрыднымі» мэтадамі. Не наўпрост, калі міліцыя прыяжджае, усіх забірае на суткі ці дае штрафы, а выкарыстоўваюць супроць актывістаў нейкіх іншых людзей: будаўнікоў альбо гэтых незразумелых людзей, якія ўначы напалі.

— Як бы вы пракамэнтавалі пазыцыю дырэктара «Белрэканструкцыі», які заявіў, што фірма не парушае закону, а што гэта робяць апазыцыянэры?

Калі забудоўшчыкі, інвэстары будуць ведаць, што з такімі будоўлямі ўзьнікнуць праблемы, дык ня будуць зьвязвацца, бо сабе даражэй

— Найперш хай бы прыехаў да абаронцаў на размову, хай бы прапанаваў нейкі «круглы стол», каб абмеркаваць праблемы, пашукаць кампрамісу. Адносна таго, што яны нічога не парушылі і будуюць на законных падставах, дык, наколькі мне вядома, у арэнду ўчастак быў здадзены яшчэ да таго, як яго выключылі з ахоўнай зоны. То бок як можна было яго законна аддаваць, калі ён у ахоўнай зоне? Гэта незразумела, адсюль і размовы пра карупцыю. Пры тым, што ёсьць вакол шмат вольных участкаў, якія ў ахоўную зону не ўваходзяць, дык чаму ня там будавацца? Выходзіць гэтак: спачатку кальцавую дарогу правялі па касьцях, потым пабудавалі «Бульбаш-хол», цяпер вось гэтая будоўля. І ня факт, што на гэтым спыняцца. Будуць зноў уразаць Курапаты ў адным месцы, потым у іншым. Таму гэта вельмі дрэнны прэцэдэнт. А калі забудоўшчыкі, інвэстары будуць ведаць, што з такімі будоўлямі ўзьнікнуць праблемы, дык ня будуць зьвязвацца, бо сабе даражэй. Тады, магчыма, Курапаты і застануцца, бо хто ведае, якія ў іх яшчэ ёсьць пляны.

— А як вы камэнтуеце пазыцыю простых будаўнікоў? Яны кажуць, што ім таксама трэба працаваць.

— Гэта пазыцыя такая, якая прадыктаваная страўнікам. Будаўнікі самі казалі, што нехта зь іх украінец, нехта расеец, там няшмат этнічных беларусаў, і зразумела, што ім проста не баліць за гэтае месца. А некаторыя з будаўнікоў казалі, што «мы ж ня супраць вас, хлопцы», але ў іх жа такая праца, плацяць, а калі ня будуць плаціць, дык, можа, «мы і на ваш бок станем». Але пакуль — вось гэтак, як ёсьць.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG