Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таварыства аховы помнікаў зьвярнулася ў КДБ наконт будоўлі ў Курапатах


КДБ Беларусі, ілюстрацыйнае фота

Старшыня рэспубліканскай рады Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч апублікаваў на Facebook тэкст звароту таварыства ў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі наконт будоўлі ля мэмарыяльнага комплексу «Курапаты», прызнанага дзяржавай гісторыка-культурнай каштоўнасьцю. Таксама Таварыства накіравала падобны зварот у Галоўбудэкспэртызу.

«А куды яшчэ зьвяртацца? Тут канкрэтныя парушэньні, якія павінны разглядаць канкрэтныя дзяржустановы, — кажа Астаповіч Свабодзе. — У Галоўэкспэртызу — бо мне здаецца, што парушаныя працэдуры праектаваньня і выдачы заключэньня на праектную дакумэнтацыю, а ў КДБ — таму што я лічу, што ёсьць усе прыкметы карупцыйнай схемы. У Генпракуратуру не дасылаў, бо яна цяпер абмежаваная ў сваіх функцыях, а КДБ мае ўпраўленьне ў барацьбе з карупцыяй, гэта непасрэдна іх абавязак».

Паводле таварыства, праектная дакумэнтацыя будоўлі распрацоўвалася без дазволу Міністэрства культуры, не праходзіла ў ім узгадненьне, а сама будоўля распачалася без дазволу міністэрства, што ёсьць парушэньнем закону «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» ў той форме, у якой ён быў дзейны да 3 лютага 2017 году. Цяпер жа будоўля парушае шэраг пунктаў у артыкулах 105, 109, 110, 115 Кодэксу аб культуры.

Зямельны ўчастак выдаваўся пад будаўніцтва праз аўкцыён у 2013 годзе, калі ўваходзіў у межы ахоўнай зоны Курапатаў; дзяржаўная экспэртыза праекту прайшла без дазволу Міністэрства культуры (участак вывелі з ахоўнай зоны пазьней, у сьнежні 2014 году, ужо пасьля экспэртызы, што прайшла ў верасьні). У час экспэртызы праект ня быў прадугледжаны горадабудаўнічай дакумэнтацыяй, адсутнічаў праект дэталёвага плянаваньня тэрыторыі, таму праект будоўлі мусіў выносіцца на грамадзкае абмеркаваньне.

Названыя дзеяньні, піша Таварыства аховы помнікаў у КДБ, маюць прыкметы ўмяшаньня службовай асобы з выкарыстаньнем службовых паўнамоцтваў у дзейнасьць іншых дзяржаўных органаў, наданьня неправамернай перавагі інтарэсам бізнэсоўцаў, што ёсьць парушэньнем закону «Аб барацьбе з карупцыяй». Таксама прыкметы парушэньня гэтага закону мае выключэньне з зонаў аховы часткі комплексу «Курапаты» пасьля аўкцыёну ўчастку. Таварыства просіць правесьці праверку дзеяньняў службовых асобаў і ініцыяваць прыцягненьне вінаватых да адказнасьці.

Ці законная будоўля ў Курапатах? Чыноўнікі даказваюць, што так, архітэктар дэманструе, што не

XS
SM
MD
LG