Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абаронцы Курапатаў зьвярнуліся ў міліцыю наконт начнога нападу на іх — міліцыя склала пратаколы на іх саміх


Абарона Курапатаў. 20 лютага 2017 году

Пасьля начнога нападу невядомых у масках на лягер пад будоўляй ля мэмарыяльнага комплексу «Курапаты» тры актывіста паехалі ў міліцыю пісаць заяву аб зьбіваньні.

Як кажа Свабодзе кіраўнік «Моладзі БНФ» Юрась Лукашэвіч, міліцыя прапанавала завесьці толькі адміністрацыйную, а не крымінальную справу. На саміх актывістаў склалі пратаколы за «парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў». Заяву Лукашэвіча аб зьбіваньні прынялі, толькі праз гадзіну — спачатку прымаць не хацелі, прапаноўвалі даваць паказаньні на відэакамэру.

Самога Лукашэвіча адпусьцілі, бо ён кепска сябе пачуваў — магчыма, праз чэрапна-мазгавую траўму. Ён кажа, што ня ведае, у які момант атрымаў траўму, не адчуў удару.

Двух іншых актывістаў пасьля складаньня на іх пратаколаў адпусьцілі, але тыя засталіся пісаць свае ўласныя заявы аб зьбіваньні.

***

У ноч на 23 лютага на лягер абаронцаў Курапатаў напала група зь 15 невядомых у масках і з драўлянымі бітамі. З крыкамі «Белая раса!» і «Слава Расеі!» тыя разбурылі лягер актывістаў і паранілі аднаго зь іх — Алеся Кіркевіча ўдарылі драўлянай бітай па скроні. Раней на саміх актывістаў склалі сумарна 6 адміністрацыйных пратаколаў.

Дырэктар забудоўніка не камэнтуе магчымага прыпыненьня будаўніцтва, але сьцьвярджае, што магчымасьць пахаваньняў рэпрэсаваных на пляцоўцы — гэта падман, а актывісты «зь сякерамі ў колькасьці 30 чалавек накідваюцца на будаўнікоў, крышаць усё сякерамі пры міліцыі».

Дзяржаўныя чыноўнікі тым часам даказваюць, што будаўніцтва законнае. «Экспэрты ў абарону Курапатаў» ужо некалькі гадоў вядуць безвыніковыя суды і зьбіраюцца зьвяртацца ў міжнародныя структуры, а ў храналёгіі падзеяў беларусы знаходзяць неадпаведнасьці.

Ці законная будоўля ў Курапатах? Чыноўнікі даказваюць, што так, архітэктар дэманструе, што не

Гэта ня першы раз, калі Курапаты бароняць ад будаўнікоў. Больш за пятнаццаць гадоў таму моладзевыя актывісты выступілі супраць пабудовы кальцавой дарогі праз урочышча Курапаты. Кругласутачнае дзяжурства ва ўрочышчы доўжылася больш за восем месяцаў — ад 24 верасьня 2001 году да 2 чэрвеня 2002 году. Кругласутачная вахта памяці доўжылася 250 дзён. Усе гэтыя дні Радыё Свабода штодня асьвятляла падзеі ва ўрочышчы. Вынікам гэтага стала кніга аднаго рэпартажу «Дарога праз Курапаты» (PDF).

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG