Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці законная будоўля ў Курапатах? Чыноўнікі даказваюць, што так, архітэктар дэманструе, што не

абноўлена

Абноўлена: Дададзены здымак арыгінальнай мапы зонаў мэмарыльнага комплексу «Курапаты» 2004 году, знойдзены архітэктарам Ільлём Яцэвічам

Ля мэмарыяльнага комплексу «Курапаты», дзе былі расстраляныя і пахаваныя дзясяткі, калі ня сотні тысяч ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, трэці дзень трывае «варта» праціўнікаў будоўлі офіснага цэнтру.

Забудоўнік лічыць, што будаваць на тэрыторыі мэмарыяльнага комплексу законна, бо яна «ўжо не ахоўная тэрыторыя», а абаронцы Курапатаў з гэтым нязгодныя. Пасьля перамоваў актывістаў у Менгарвыканкаме будаўніцтва, магчыма, вырашаць прыпыняць на некалькі дзён.

Чыноўнікі: «Усё законна!»

Інфармагенцтва Менгарвыканкаму «Менск-навіны» апублікавала тлумачэньні чыноўнікаў пра будоўлю ў Курапатах.

Адміністрацыя Савецкага раёну Менску тлумачыць, што зямельны ўчастак плошчай 0,32 га быў перададзены ААТ «КІПрэканструкцыя» ў выніку аўкцыёну, які прайшоў 26 чэрвеня 2013 году.

Маладафронтаўцы абвясьцілі вахту абароны Курапатаў. Фотагалерэя:

Дырэктар генпадрадчыка, ААТ «Белрэканструкцыя», Сяргей Несьцераў заяўляе, што ў акце выбару зямельнага ўчастку і ў пашпарце аб’екта не было ніякіх абмежаваньняў у сувязі з ахоўнымі зонамі Курапатаў, на праект было атрыманае станоўчае заключэньне дзяржаўнай экспэртызы. Ён сьцьвярджае, што калі б у час будоўлі Зялёнага Лугу і правядзеньня інжынэрных сетак у раёне будоўлі знайшлі пахаваньні, то «натуральна, гэта стала б вядома».

Побач з Курапатамі пачалі будаваць офісны цэнтар. Фотагалерэя:

Галоўны архітэктар распрацоўшчыка пашпарта аб’екта, дзяржаўнага УП «Менскграда», Вольга Сьцепанковіч таксама заяўляе, што на замову Менгарвыканкаму яшчэ ў 2012-2013 годзе займалася падборам пляцовак для «інвэстыцыйнага засваеньня», і на той момант, як сьцьвярджае яна, нарматывы не патрабавалі праекту дэталёвага пляну (ПДП), калі на тэрыторыі зьяўляліся новыя інвэстыцыйныя ўчасткі з горадабудаўнічымі пашпартамі — такая норма зьявілася пазьней. А схемы ўчасткаў «звычайна выстаўляліся ў раённых адміністрацыях гораду» дзеля інфармаваньня грамадзкасьці.

«Калі зьявіўся пратакол абмеркаваньня [ПДП] і стала ясна, што па новым аб’екце на Мірашнічэнкі заўваг ад жыхароў не паступіла, забудоўніку далі дазвол на будаўніцтва. Ніякіх парушэньняў заканадаўства ў гэтым выпадку няма», — піша інфармагенцтва Менгарвыканкаму.

Таксама пра законнасьць будоўлі заяўляў БелТА старшыня адміністрацыі Савецкага раёну Менску Юры Трушчанка.

Гісторык: «Юрыдычных перашкодаў няма, але ёсьць маральныя»

Выданьне «Минск-новости» спасылаецца на кандыдата гістарычных навук Ігара Кузьняцова: ёсьць ахоўная зона Курапатаў, дзе будаваць нельга, таксама існуе зона рэгуляваньня, дзе будаваць можна пры пэўных умовах і пры наяўнасьці дазволу. Калі аб’ект не трапляе ў гэтыя зоны, дастаткова рашэньня мясцовага ці гарадзкога выканкаму.

Як сьцьвярджае «Минск-новости», рашэньні ёсьць ад дзяржаўнай экспэртызы (30 верасьня 2014 году), Менгарвыканкаму (20 студзеня 2017 году) і Дэпартамэнту кантролю і нагляду за будаўніцтвам па Менску (13 лютага 2017 году).

Сінім колерам пазначаная тэрыторыя, на якой вядзецца будоўля-2017. На схеме зонаў аховы гісторыка-культурнай каштоўнасьці ў Курапатах 2004 году та была зона аховы каштоўнасьці, а на схеме-2014 там ніякай зоны няма
Сінім колерам пазначаная тэрыторыя, на якой вядзецца будоўля-2017. На схеме зонаў аховы гісторыка-культурнай каштоўнасьці ў Курапатах 2004 году та была зона аховы каштоўнасьці, а на схеме-2014 там ніякай зоны няма

Кузьняцоў пацьвярджае Свабодзе, што паводле апошняй вэрсіі межаў зонаў аховы Курапатаў, зацьверджанай у 2014 годзе, будоўля-2017 не трапляе ні ў ахоўную зону, ні ў зону рэгуляванай забудовы. Таму фармальна нормы будаўніцтва там «такія ж, як у простым полі», асаблівых дадатковых дакумэнтаў і дазволаў ня трэба.

Ігар Кузьняцоў у Курапатах
Ігар Кузьняцоў у Курапатах

«Але ў любым разе археолягі мусілі правесьці навуковыя дасьледаваньні на гэтай тэрыторыі, — працягвае Кузьняцоў. — А там дзіцячы лепет ідзе, што раней там пракладалі кабэль, таму там нічога ня можа быць, або там закапанае старое сьмецьце ад будаўніцтва дамоў».

На думку Кузьняцова, на сёньня юрыдычных перашкодаў для будоўлі няма: «Зрабілі ўсё гэтак жа, як было з „Бульбаш-холам“ — заканадаўча падагналі і выдалі ўчастак». Застаецца маральны фактар, кажа ён: калі там не было археалягічных раскопак, «ня выключана, што там могуць быць косткі ахвяраў рэпрэсіяў».

Шэсьце ў Курапатах на Дзяды, 2012 год
Шэсьце ў Курапатах на Дзяды, 2012 год

Да таго ж, адзначае Кузьняцоў, ахоўныя зоны вакол нераўнаважныя: недзе за ахоўнай зонай ідзе зона рэгуляванай забудовы, недзе — зона аховы ляндшафту, а недзе (як на месцы будоўлі-2017) ахоўная зона пераходзіць адразу ў «звычайную» зямлю, якая не ахоўваецца.

Архітэктар: «Сачыце за рукамі!»

У сваім блогу архітэктар Ільля Яцэвіч падрабязна разглядае архіўныя дакумэнты і прыходзіць да высновы, што будоўля ў Курапатах незаконная.

Ён прыводзіць здымак з пастановы Міністэрства культуры ад 2004 году «Аб зонах аховы матэрыяльнай нерухомай гісторыка-культурнай каштоўнасьці «Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 30–40-х гадоў ХХ стагодзьдзя ва ўрочышчы Курапаты», дзе месца будаўніцтва трапляе ў ахоўную зону каштоўнасьці, дзе забараняецца будаўніцтва любых аб’ектаў. Але тая пастанова страціла сілу.

«Сачыце за рукамі», — піша Яцэвіч. Паводле прыведзеных ім зьвестак і дакумэнтаў, храналёгія падзеяў такая:

2012 год: будаўніцтва «Бульбаш-холу» парушае межы ахоўнай зоны Курапатаў.

2013, чэрвень: Менгарвыканкам праводзіць аўкцыён па продажы ўчастку зямлі каля дома № 49. Участак знаходзіцца ў ахоўнай зоне паводле згаданай вышэй пастановы.

2013, 27 лістапада: навукова-мэтадычная рада пры Мінкульце прымае рашэньне аб скарачэньні межаў ахоўнай зоны — пасьля продажу зямлі пад будоўлю-2017. Тая ж рада адсоўвае межы зонаў так, каб «Бульбаш-хол» не парушаў межы ахоўнай зоны і трапляў цалкам у рэгуляваную зону, дзе будаваць можна (ахоўную зону скарацілі са 100 да 50 мэтраў у адпаведным боку) . Рашэньне носіць рэкамэндацыйны характар, але не скасоўвае пастановы Мінкульту.

2014, 30 верасьня: дзяржаўная экспэртыза дае станоўчае заключэньне па праекце будоўлі-2017.

2014, 1 сьнежня: згаданая пастанова скасаваная Мінкультам, вызначаная новая, якая «адразае» кавалак ахоўнай зоны, дзе вядзецца будоўля-2017, і карэктуе межы пад «Бульбаш-хол».

2016, кастрычнік-лістапад: праходзіць грамадзкае абмеркаваньне ПДП забудовы раёну Зялёны Луг — праз тры гады пасьля продажу зямлі пад будоўлю-2017. Плян накіраваны на дапрацоўку і дагэтуль не зацьверджаны.

2017, 20 студзеня: Менгарвыканкам зацьвярджае пералік зямельных участкаў для прадастаўленьня па выніках аўкцыёнаў, у тым ліку ўчастку пад будоўлю-2017.

2017, 16-17 лютага: пачынаецца будоўля-2017.

«Бульбаш-хол» каля Курапатаў
«Бульбаш-хол» каля Курапатаў

Таксама архітэктар зьвяртае ўвагу на тое, што распрацоўку ахоўных зонаў праводзіла не дзяржаўнае «Менскграда», а індывідуальны прадпрымальнік Вадзім Гліньнік, які мог знаходзіцца пад ціскам інвэстара, калі карэктаваў ахоўныя зоны.

Яцэвіч па выніках аналізу дакумэнтаў сьцьвярджае, што на момант правядзеньня аўкцыёну ўчастак пад будоўлю-2017 быў у ахоўнай зоне, дзе забароненае будаўніцтва, і не было зацьверджанага ПДП, дзе было б пазначана прызначэньне ўчастку, а скарачэньне ахоўнай зоны не падмацаванае археалягічнымі работамі. Вывядзеньне ўчастку з ахоўнай зоны і распрацоўка ПДП пасьля аўкцыёну ня можа ўзаконіць ягоных вынікаў, кажа ён ён.

Будаўнітва «Бульбаш-холу» ля Курапатаў, 2012 год
Будаўнітва «Бульбаш-холу» ля Курапатаў, 2012 год

Дапаўненьне. Акрамя згаданых Яцэвічам фактаў, іншыя парушэньні адзначаюць экспэрты ў матэрыяле Naviny.by.

Каардынатар кампаніі «Генплян — для менчукоў» Дзяніс Корбусеў заўважае, што грамадзкае абмеркаваньне будоўлі мела прайсьці да 30 верасьня 2014 году, калі былі атрыманыя вынікі дзяржаўнай экспэртызы (у незалежнасьці ад наяўнасьці ці адсутнасьці ПДП), але не было праведзенае тады.

Каардынатар прававой службы экалягічнага таварыства «Зялёная сетка» Марына Дубіна дадае, што тэрмін дзеяньня выдадзенай у 2014 годзе экспэртызы скончыўся ў верасьні 2016 году. Экспэртыза дзейная на тэрмін будаўніцтва плюс год, а мяркуючы па тым, што будоўля, якая пачалася 16-17 лютага, паводле пашпарту мае завершыцца да 28 лютага 2018 году, тэрмін будаўніцтва — год. Значыць, робіць выснову Дубіна, экспэртыза была дзейная два гады, і перастала быць дзейнай на момант пачатку будаўніцтва. А зьвестак пра працяг тэрміну дзеяньня экспэртызы (ці правядзеньня новай) няма.

А абмеркаваньні ПДП, кажа Корбусеў, праводзіліся са шматлікімі парушэньнямі: адміністрацыя не паведаміла пра іх жыхарам належным чынам, улады не далі адказаў на ўсе пытаньні і заўвагі жыхароў, таму праект і быў напраўлены на дапрацоўку. На момант публікацыі ПДП яшчэ нават не накіравалі на экспэртызы.

Кампанія «Генплян — для менчукоў» накіравала гарадзкім уладам ліст з просьбай прыпыніць будоўлю да выпраўленьня парушэньняў і правесьці новыя слуханьні ПДП.

«Экспэрты ў абарону Курапатаў»: «Вядзем чатыры суды»

Сябра грамадзкай ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў», гісторык і журналіст Марат Гаравы распавядаў Свабодзе, што «Экспэрты» ўжо некалькі гадоў вядуць суды, змагаючыся за тое, каб закон у дачыненьні да ахоўнай зоны Курапатаў выконваўся.

Чальцы аргкамітэту конкурсу па мэмарыялізацыі Курапатаў і лідэры грамадзкай ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў». Курапаты, 15 верасьня 2016 году
Чальцы аргкамітэту конкурсу па мэмарыялізацыі Курапатаў і лідэры грамадзкай ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў». Курапаты, 15 верасьня 2016 году

Пакуль усе суды безвыніковыя, і таму актывісты плянуюць зьвяртацца ў міжнародныя структуры. Суды ідуць супраць Генэральнай пракуратуры, Міністэрства культуры і пэрсанальна супраць Ігара Чарняўскага, які ўзначальваў у Міністэрстве навукова-мэтадычную раду аховы гісторыка-культурнай спадчыны і быў адказны за ахоўныя зоны Курапатаў, а таксама супраць Менгарвыканкаму, які забараніў правесьці пікет у абарону Курапатаў каля «Бульбаш-холу» і «Экспабелу».

Ён пацьвярджае, што тэрыторыя будоўлі-2017 да 2014 году ўваходзіла ў ахоўную зону, там было забаронена ўсялякае будаўніцтва. Пры новым будаўніцтве дакладна парушаная старая ахоўная зона, заяўляе ён, але будоўля можа не парушаць новых межаў — тут патрэбен аналіз геадэзістаў, праектантаў і архітэктараў.

Марат Гаравы
Марат Гаравы

«Гэтае звужэньне — наступства палітыкі Міністэрства культуры ў дачыненьні да Курапатаў, — кажа Гаравы. — Гэта палітыка саступак. Замест таго, каб бараніць Курапаты, як гэта прапаноўвала грамадзкасьць у пачатку 2000-х гадоў, і вызначыць там згодна зь міжнародным стандартам для помнікаў такога ўзроўню ахоўную зону шырынёй 300 мэтраў, Міністэрства культуры ўжо некалькі разоў крэсьліла вызначаную ахоўную зону, звужала яе дзеля выгады забудоўнікаў. А пасьля Міністэрства культуры ўвогуле зрабіла схему ахоўнай зоны „часоваю“.

Гэта нябачаны выпадак у гісторыі беларускай аховы помнікаў — „часовая ахоўная зона“ для помніка, пагатоў для такога, як Курапаты. Такім чынам трымалі „часовую“ схему на працягу дзесяцігодзьдзя, а пасьля прынялі, але з улікам інтарэсаў забудоўнікаў — „Бульбаш-холу“, пасёлку „Сонечны“ і ўрэшце таго, які цяпер пачаў будаваць бізнэс-цэнтар. Я лічу, што ў нармальнай цывілізаванай прававой дзяржаве гэтае Міністэрства культуры вельмі моцна пацярпела б з праўнага гледзішча за такія дзеяньні».

Сутычка з будаўнікамі ў Курапатах, 22 лютага 2017 году
Сутычка з будаўнікамі ў Курапатах, 22 лютага 2017 году

Абарона Курапатаў. 20 лютага 2017 году
Абарона Курапатаў. 20 лютага 2017 году

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG