Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ад сёньняшняга дня ў мяне ўзьнікла апатыя», — дырэктар «Белрэканструкцыі» камэнтуе сытуацыю з будоўляй каля Курапатаў


Сяргей Несьцераў, фота realt.by
Сяргей Несьцераў, фота realt.by

Дырэктар генпадрадчыка — Таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Белрэканструкцыя» — Сяргей Несьцераў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды пракамэнтаваў сытуацыю вакол будаўніцтва ля Курапацкага ўрочышча:

— Я не даю камэнтароў па цяперашняй сытуацыі. Ёсьць сытуацыя па дакумэнтах. Мы — інвэстар, мы атрымалі дакумэнты ва ўстаноўленым парадку. Інсынуацыі пра хабар і гэтак далей зьяўляюцца агаворам. Правакацыя фашыстоўскіх элемэнтаў, Туровіча, які толькі выйшаў з турмы, адседзеў за пэдафілію, нават язык не паварочваецца казаць пра лідэраў, якія там бяруць удзел у гэтых налётах. Вы ж пісалі пра іх з такім задорам. Вам жа гэта было так цікава. Таму я кажу — вашых герояў.

Несьцераў кажа, што яго фірма — звычайны інвэстар, які набыў участак на аўкцыёне:

— Мы прайшлі ўсе стадыі ўзгадненьня, на законных падставах выканалі праекты, прайшлі ўсе стадыі праектаваньня і ўзгадненьня. У тым ліку грамадзкія абмеркаваньні. Нармальныя СМІ зрабілі прафэсійна, патэлефанавалі ў Міністэрства архітэктуры, Міністэрства культуры, Камітэт архітэктуры і атрымалі патрэбныя тлумачэньні. Мы як інвэстары выканалі ўсе нашы задачы. Мы атрымалі дазвол і пачалі будаўніцтва. І сутыкнуліся з супрацьдзеяньнем абсалютна хуліганскіх элемэнтаў, якія маюць крымінальнае мінулае і робяць гэта дзеля нейкага намеру. Пра мясцовых грамадзянаў гаворкі няма. Усе ўжо забыліся пра грамадзянаў. Сёньняшнія камэнтары і артыкулы пра грамадзянаў ня кажуць, а больш кажуць пра косткі, якіх там няма. Кажуць пра Курапаты, якія ў іншым месцы. На картах, якія публікуюць многія журналісты, нават няправільна адзначаюць месца. Вось такі нэгатыў разьдзімаецца невядома чаму.

— Заўтра вы зьбіраецеся прыпыніць будаўніцтва?

— Я не камэнтую, што я зьбіраюся заўтра рабіць. Нікому даваць справаздачу не зьбіраюся.

— То бок вы зьбіраецеся давесьці будаўніцтва да канца?

— Я не камэнтую, што я зьбіраюся. Ад сёньняшняга дня ў мяне ўзьнікла апатыя. Я ўбачыў твар апазыцыі і твар разьдзімальнікаў. І тыя 120 чалавек, якія працуюць у нашай арганізацыі, простых людзей, якіх вы ня лічыце за грамадзян, неяк іначай паглядзелі на сытуацыю. Калі сталі выпадкова ўдзельнікамі...

— Гэта вы загадалі будаўнікам, каб яны выштурхоўвалі пратэстоўцаў?

— Я не даю загады, у кожнага ёсьць грамадзянская пазыцыя. Апроч пазыцыі ў Туровіча і тых, хто зь ім, ёсьць пазыцыя маіх калегаў па працы. Або вы думаеце, што пазыцыя можа быць толькі ў 50–60 людзей, якія атрымліваюць заробкі за мяжой?

— Але гэтыя людзі ахоўваюць народны мэмарыял.

— Дык няхай ахоўваюць мэмарыял.

— Там была «дарога сьмерці»...

— У Менску мяне вадзілі па дарогах сьмерці, калі людзей расстрэльвалі. У дасьледаваньні Зянона Пазьняка напісана: там людзей прывозілі і ў ямах расстрэльвалі... Дзякуй, што вы знайшлі сілы патэлефанаваць нарэшце.

— Там могуць быць парэшткі рэпрэсаваных...

— Дзе пацьвярджэньне? Гэта падман. Чаму вы верыце ім і ўпіваецеся гэтымі паказальнымі валяньнямі ў гразі, якія робяць вашы людзі? Яны зь сякерамі ў колькасьці 30 чалавек накідваюцца на будаўнікоў, крышаць усё сякерамі пры міліцыі, якая бязьдзейнічае. Вы лічыце, гэта нармальна? Вам патрэбен Майдан? Я ня ўдзельнік гэтага, я інвэстар, я плачу падаткі. За гэтыя падаткі тут людзі атрымліваюць пэўны сацыяльны пакет з нашых падаткаў. Мы адно з найлепшых прадпрыемстваў РБ па абʼёме падаткаў, якія выплачваюцца.

— Вы падавалі заяву ў міліцыю на пратэстоўцаў?

— Канечне, падавалі. За нанясеньне шкоды, ёсьць артыкул Крымінальнага кодэксу. Было шмат зваротаў, зьвязаных з артыкуламі Адміністрацыйнага кодэксу.

— Чаму вы ўзяліся за будаўніцтва? Вы ж ведалі, што там і раней былі пратэсты?

— У гэтым месцы пратэстаў не было. Ну і што, што былі ў іншых? Давайце гаварыць пра наша месца. Я валодаю вось гэтым участкам. У гэтым месцы знаходзяцца тры кабэлі 10 кілявольт, там вадавод на глыбіні пяць мэтраў пяцісотага дыямэтру, кабэльная каналізацыя, там вялікая колькасьць сетак. Там на глыбіню шэсьць мэтраў усё перарыта поўнасьцю. Няма нават ніякага роднага грунту.

— А пры якіх умовах вы спыніце будаўніцтва?

— Я не зьбіраюся камэнтаваць ніякія падзеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG