Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дым і кроў: лягер у Курапатах спрабавалі разбурыць з крыкамі «Слава России!» і «Белая раса!»


Пасьля нападу
Пасьля нападу

Трэцяя ноч у намётавым лягеры на поўначы Менску пачалася для абаронцаў Курапатаў спакойна, а скончылася нападам невядомых у масках. Свабода сачыла за падзеямі ад позьняга вечара да шостай гадзіны ранку.

«Тэрмінова прыяжджайце сюды, нас разганяюць», — паведаміў карэспандэнтцы Свабоды адзін з актывістаў, якія нясуць кругласутачную вахту ў Курапатах.

Прыкладна а 4-й гадзіне на лягер абаронцаў Курапатаў напала група зь 15 невядомых у масках і з драўлянымі бітамі. На той момант у лягеры знаходзілася каля дзясятка чалавек.

Алесь Кіркевіч
Алесь Кіркевіч

— Нас прыехаў падтрымаць бард Андрэй Мельнікаў, ён якраз сьпяваў і граў на гітары, калі з-за рага раптоўна зьявілася купка людзей у чорным. Яны падбеглі да намёта, разбурылі яго, сарвалі бела-чырвона-белыя сьцягі, перакулілі бочку з агнём, некаторых хлопцаў пабілі і зьбеглі ў бок лесу. Усё працягвалася ня больш за хвіліну. У руках кожны трымаў па завостранай палцы, імі ж і наносілі ўдары, — расказаў Свабодзе адзін з абаронцаў лягеру Алесь Кіркевіч. Яго ўдарылі бітай па галаве ў вобласьці скроні.

Пасьля нападу. У цэнтры — Зьміцер Дашкевіч
Пасьля нападу. У цэнтры — Зьміцер Дашкевіч

Як сьведчаць актывісты, нападнікі выкрыквалі «Попались, суки!», а таксама «Белая раса!» і «Слава России!».

Гаворыць маладафронтавец Арцём Леўчанка:

— Мінулай ноччу тут дзяжурыла міліцэйская машына, увесь час за намі назіраў супрацоўнік міліцыі, але за некалькі гадзінаў да нападу ён зьнік. Зьехала і машына. Мы думаем, гэтая гвалтоўная акцыя была папярэдне ўзгодненая з праваахоўнікамі. Здаецца, знарок чакалі, пакуль адсюль зьедуць журналісты.

Напад адбыўся неўзабаве пасьля таго, як карэспандэнты Свабоды пакінулі лягер абаронцаў Курапатаў. Вярнуўшыся, мы пабачылі наступствы рэйду: раскіданыя ў гразі рэчы, пашматаныя торбы зь ежай, на тварах — кроў.

«Гэта наш міні-майдан»

Пратэст Маладога фронту супраць будаўніцтва ў Курапатах бізнэс-цэнтру стартаваў тры дні таму з ініцыятывы Зьмітра Дашкевіча.

Маладафронтаўцы абвясьцілі вахту абароны Курапатаў. Фотагалерэя:

Чатыры чалавекі паставілі намёт у цэнтры будаўнічай пляцоўкі. Яны ламалі мэталічную агароджу, тузаліся з рабочымі, сварыліся з прарабам, але не сыходзілі. Адначасова ў Менску быў створаны аргакамітэт, які накіраваў калектыўныя звароты ў Менгарвыканкам і Генэральную пракуратуру. 22 лютага палітыкі Павал Севярынец і Аляксей Янукевіч дамагліся асабістага прыёму ў намесьніка старшыні Менгарвыканкму Віктара Лапціна.

Па выніках перамоваў улады вырашылі на адзін дзень прыпыніць будаўнічыя работы ў былой ахоўнай зоне Курапатаў. Аднак мэта абаронцаў застаецца ранейшай: канчаткова спыніць узьвядзеньне бізнэс-цэнтру ля месца расстрэлу ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

Калі маладафронтаўцаў выціснулі з пляцоўкі, яны зноў паставілі намёт пад самым плотам, за якім вядзецца будаўніцтва. Цяпер тут бочка для вогнішча, каб грэцца ўначы, шмат ежы і цёплых рэчаў, прынесеных неабыякавымі грамадзянамі. Замест чатырох чалавек Курапаты абараняюць ужо больш за два дзясяткі валянтэраў. Палітыкі, журналісты і проста жыхары суседніх дамоў бесьперапынна падносяць гарачую каву, гарбату, печыва і розныя прысмакі. У бочцы гараць дровы, шызы дым плыве па-над дваром. Хтосьці ўключыў на тэлефоне песьню «Воіны сьвятла». Бард Андрэй Мельнікаў будуе імправізаваную сцэну на ўзгорку: хоча запрасіць у Курапаты вядомых музыкаў і зладзіць памятны канцэрт. А бела-чырвона-белы сьцяг лунае над сьцяной, што аддзяляе двор ад МКАДу. Такім карэспандэнтка Свабоды ўбачыла лягер абаронцаў позьнім вечарам 22 лютага.

Начная варта ў Курапатах
Начная варта ў Курапатах

«Гэта наш міні-майдан!», — жартуюць актывісты.

— Каб вы ўбачылі нас у дзьве папярэднія ночы, то не пазналі б! Ногі ад стомы запляталіся, холадна, голадна — стаім утрох беспрытульна. А сёньня зусім іншая справа: весела, атмасфэра такая цёплая, сяброўская! — падзяліўся ўражаньнем Арцём Леўчанка.

20-гадовы хлопец нясе вахту ўжо другую ноч запар, выглядае стомленым, але натхнёным.

— Мы нават пасьпелі наладзіць графік: да восьмай раніцы дзяжуру я, а пасьля мяне замяняе Зьміцер Дашкевіч, — дадае Арцём.

«Калі заўтра нас пазбавяць працы, далучымся да пратэстоўцаў»

Пакуль «міні-майдан» у разгары, у «бытоўках» за высокай зялёнай агароджай знаходзяцца да паўсотні рабочых, аднак трапіць туды нам не дазволілі.

Адказны за будаўніцтва прараб выходзіць з пляцоўкі пакурыць ды паглядзець, што адбываецца. 47-гадовы Сяргей удзень тузаецца з абуранымі актывістамі, а бліжэй да ночы спакойна зь імі гутарыць.

Будаўнікі ў Курапатах, 20 лютага 2017 году
Будаўнікі ў Курапатах, 20 лютага 2017 году

Сяргей падзяліўся са Свабодай поглядам на абарону Курапатаў:

— Ну вось яны пратэстуюць, паламалі нам плот, сварацца... Я ж разумею іх! Я бачу гэты іхны сьцяг і ведаю: хлопцы змагаюцца супраць Бацькі. Дык і я Бацьку зусім не шаную, бо цісьне на просты народ з усіх бакоў. Дапусьцім, мэр вырашыць закрыць будоўлю, а што рабіць маіх хлопцам? Усе страцяць працу? У такім выпадку заўтра далучымся да пратэстаў, будзе на 45 удзельнікаў больш! — эмацыйна выказваецца мужчына.

Ён лічыць, што ў Курапатах некага «расстрэльвалі фашысты» і ўпэўнены, што бізнэс-цэнтар будзе пабудаваны ў гэтым месцы:

— Яшчэ ніводнай косткі ў зямлі не знайшлі. Можа, катлаван пачнём капаць, тады ўбачым штосьці...

***

Раней на актывістаў склалі сумарна 6 адміністрацыйных пратаколаў. Дырэктар забудоўніка не камэнтуе магчымага прыпыненьня будаўніцтва, але сьцьвярджае, што магчымасьць пахаваньняў рэпрэсаваных на пляцоўцы — гэта падман, а актывісты «зь сякерамі ў колькасьці 30 чалавек накідваюцца на будаўнікоў, крышаць усё сякерамі пры міліцыі».

Дзяржаўныя чыноўнікі тым часам даказваюць, што будаўніцтва законнае. «Экспэрты ў абарону Курапатаў» ужо некалькі гадоў вядуць безвыніковыя суды і зьбіраюцца зьвяртацца ў міжнародныя структуры, а ў храналёгіі падзеяў беларусы знаходзяць неадпаведнасьці.

Ці законная будоўля ў Курапатах? Чыноўнікі даказваюць, што так, архітэктар дэманструе, што не

Гэта ня першы раз, калі Курапаты бароняць ад будаўнікоў. Больш за пятнаццаць гадоў таму моладзевыя актывісты выступілі супраць пабудовы кальцавой дарогі праз урочышча Курапаты. Кругласутачнае дзяжурства ва ўрочышчы доўжылася больш за восем месяцаў — ад 24 верасьня 2001 году да 2 чэрвеня 2002 году. Кругласутачная вахта памяцідоўжылася 250 дзён. Усе гэтыя дні Радыё Свабода штодня асьвятляла падзеі ва ўрочышчы. Вынікам гэтага стала кніга аднаго рэпартажу «Дарога праз Курапаты» (PDF).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG