Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курапаты: актывісты аднавілі лягер пасьля нападу, будзе заява ў міліцыю


Каля 3-й гадзіны ночы на 23 лютага на актывістаў, якія трымаюць вахту пратэсту на будоўлі ля мэмарыяльнага комплексу «Курапаты», паўтара дзясятка невядомых у масках учынілі напад на актывістаў з завостранымі драўлянымі палкамі, выкрыквалі «Слава Расеі!» і «Белая раса!».

Але актывісты аднавілі лягер на раніцу, кажа Свабодзе Павал Вінаградаў — адзін з тых, хто правёў мінулую ноч у Курапатах. Замест зламанага намёта ставяць наступны (і можа зьявіцца другі намёт), замест скрадзеных сьцягоў выставілі новыя. На раніцу ля будаўнічай пляцоўкі дзяжураць сем актывістаў, прыехалі старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч.

Алесь Кіркевіч, які больш за ўсіх пацярпеў ад нападу, зьехаў дамоў. Яго ўдарылі драўлянай бітай па скроні, з галавы ішла кроў. У іншых няма сур’ёзных пашкоджаньняў. Юрась Лукашэвіч паехаў у міліцыю пісаць заяву.

Алесь Кіркевіч, якога нападнікі ўдарылі драўлянай бітай па скроні
Алесь Кіркевіч, якога нападнікі ўдарылі драўлянай бітай па скроні

На пляцоўцы зьявіліся будаўнікі, але яны не вядуць работ. Паводле Вінаградава, міліцыя на месцы здарэньня цяпер не дзяжурыць: міліцыянт, які быў на пляцоўцы ўночы, некуды адышоў за гадзіну ці дзьве да нападу, пасьля бойкі міліцыя прыехала, апытала актывістаў і зьехала.

На 18:00 23 лютага быў анансаваны вялікі сход мясцовых жыхароў супраць будоўлі.

Вінаградаў кажа, праз напад скасоўваць сход ня стануць:

«Калі адбылася такая сытуацыя, значыць, трэба працягваць, гэта відавочна. У людзей была задача напужаць, а калі была такая задача, значыць, трэба выходзіць яшчэ раз».

Раней на актывістаў склалі сумарна 6 адміністрацыйных пратаколаў. Дырэктар забудоўніка не камэнтуе магчымага прыпыненьня будаўніцтва, але сьцьвярджае, што магчымасьць пахаваньняў рэпрэсаваных на пляцоўцы — гэта падман, а актывісты «зь сякерамі ў колькасьці 30 чалавек накідваюцца на будаўнікоў, крышаць усё сякерамі пры міліцыі».

Дзяржаўныя чыноўнікі тым часам даказваюць, што будаўніцтва законнае. «Экспэрты ў абарону Курапатаў» ужо некалькі гадоў вядуць безвыніковыя суды і зьбіраюцца зьвяртацца ў міжнародныя структуры, а ў храналёгіі падзеяў беларусы знаходзяць неадпаведнасьці.

Ці законная будоўля ў Курапатах? Чыноўнікі даказваюць, што так, архітэктар дэманструе, што не

Гэта ня першы раз, калі Курапаты бароняць ад будаўнікоў. Больш за пятнаццаць гадоў таму моладзевыя актывісты выступілі супраць пабудовы кальцавой дарогі праз урочышча Курапаты. Кругласутачнае дзяжурства ва ўрочышчы доўжылася больш за восем месяцаў — ад 24 верасьня 2001 году да 2 чэрвеня 2002 году. Кругласутачная вахта памяці доўжылася 250 дзён. Усе гэтыя дні Радыё Свабода штодня асьвятляла падзеі ва ўрочышчы. Вынікам гэтага стала кніга аднаго рэпартажу «Дарога праз Курапаты» (PDF).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG