Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нацыянальны ўнівэрсітэт у XXI стагодзьдзі»: навуковая грамадзкасьць абмяркоўвае стварэньне беларускамоўнай ВНУ


Канфэрэнцыя «Нацыянальны ўнівэрсытэт у XXI стагодзьдзі: місія і выклікі»

У Менску распачалася двухдзённая канфэрэнцыя «Нацыянальны ўнівэрсытэт у XXI стагодзьдзі: місія і выклікі». Форум арганізаваны Таварыствам беларускай мовы і аргкамітэтам унівэрсытэту «Альбарутэнія».

Удзел у канфэрэнцыі бяруць беларускія навукоўцы, палітычныя і грамадзкія дзеячы. Старшыня ТБМ і дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім расказала:

Алена Анісім
Алена Анісім

«Мая задача ў Палаце прадстаўнікоў — пашырэньне беларускай мовы ў адукацыі і юрыдычна-прававой прасторы. У Таварыстве беларускай мовы — стварэньне Беларускага ўнівэрсытэту і пашырэньне прасторы беларускай мовы ў грамадзтве. Каб затым стварыць хаця б адзін беларускамоўны тэлеканал вяшчаньня — 24 гадзіны на дзень.

Гэтая канфэрэнцыя — агляд усяго інтэлектоўнага патэнцыялу, зацікаўленага ў стварэньні ВНУ зь беларускай мовай навучаньня».

Старшыня аргкамітэту ў стварэньні ўнівэрсытэту «Альбарутэнія» Алег Трусаў заявіў:

Алег Трусаў (зьлева)
Алег Трусаў (зьлева)

«У Беларусі дзесяць прыватных унівэрсытэтаў, але ніводны ня мае беларускай мовы ў навучаньні. Не апраўдаў спадзяваньні і ЭГУ — „русский мир“ пачуваецца там вельмі добра.

Але аптымізм у стварэньні беларускага ўнівэрсытэту ёсьць: мы частка Балёнскага працэсу з пэрспэктывай міжнароднай падтрымкі, маем дзяржаўную рэгістрацыю „Альбарутэніі“ і мусім атрымаць ліцэнзію. Але для гэтага неабходна, каб прафэсура і дактарат склалі 30% ад усяго выкладчыцкага складу ВНУ».

Сябра аргкамітэту «Альбарутэнія», дырэктар беларускага ліцэю Уладзімер Колас дадаў:

Уладзімер Колас
Уладзімер Колас

«Мы маем дастатковы акадэмічны выкладчыцкі патэнцыял і разуменьне неабходнасьці завяршальнага этапу стварэньня беларускай нацыі. І гэтае разуменьне ёсьць ня толькі ў сяродку „нефармальнай грамадзкасьці“, але і сярод „праўладных элітаў“: патрэбны Беларусі ўнівэрсытэт з нацыянальнай мовай навучаньня: беларусы яго заслужылі, яго вартыя».

Чаму не Беларусь, а «Альбарутэнія»?

Назва «Альбарутэнія», як кажуць у аргкамітэце, прыкрывае абмежаваньні, абумоўленыя дзяржавай: «нацыянальны» і «дзяржаўны» забаронена выкарыстоўваць адвольна. Гэтая ж назва — сьведчаньне прыналежнасьці Беларусі да ўсясьветнай адукацыйна-культурнай прасторы.

Ці неабходны нацыянальны ўнівэрсытэт у 21 стагодзьдзі? У аргкамітэце перакананыя, што неабходны. Толькі чатыры дзяржавы ў сьвеце ня маюць унівэрсытэта з нацыянальнай мовай адукацыі: Кіпр, Мальта, Ірляндыя і Беларусь. У сусьветнай адукацыйнай прасторы ангельская мова пашырае свой уплыў, расейская мова — страчвае. Беларуская мова — візытоўка «Альбарутэніі».

Акадэмічны профіль «Альбарутэніі», паводле аргкамітэту, такі:

  • Дасьледаваньне гісторыка-культурнай спадчыны.
  • Міжнароднае краіназнаўства.
  • Журналістыка электронных мэдыяў, літаратурная праца.
  • Інфарматыка.
  • Урбаністыка.
  • Бізнэс-мэнэджмэнт.

Канфэрэнцыя «Нацыянальны ўнівэрсытэт у 21 стагодзьдзі» працягвае працу. Завершыцца працай у сэкцыях і падвядзеньнем вынікаў у нядзелю, 26 лістапада.

«Канфэрэнцыя рыхтавалася толькі дзесяць дзён, а заля тут поўная і значная частка прысутных — прафэсары і дактары навук, — кажа Трусаў. — Сярэдняя адукацыя ў Беларусі абвалілася, на чарзе — вышэйшая. Як стаяць чэргі ў ліцэй Якуба Коласа, так будуць стаяць чэргі ў беларускі ўнівэрсытэт».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG