Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як студэнты мянялі лёс Беларусі


Студэнцкае таварыства "Майстроўня" ў 1981 годзе

У Дзень студэнтаў Свабода прыгадвае студэнцкія арганізацыі, якія паўплывалі на лёс краіны і сьвету. Адны падрыхтавалі літаратараў і навукоўцаў усясьветнага значэньня, другія — беларускае нацыянальнае пытаньне, у трэцім сьпелі рэвалюцыянэры і вайскоўцы.

Таварыства філяматаў. Падрыхтавалі ўсясьветна вядомых навукоўцаў і літаратараў

Пас Дамейка, праўнучка Ігната Дамейкі каля помніка Адаму Міцкевічу ў Менску
Пас Дамейка, праўнучка Ігната Дамейкі каля помніка Адаму Міцкевічу ў Менску

Што рабілі:

У 1817 годзе студэнты Віленскага ўнівэрсытэту Адам Міцкевіч і Тамаш Зан заснавалі тайнае студэнцкае Таварыства філяматаў. За сем гадоў ад філяматаў адгалінаваліся некалькіх іншых студэнцкіх таварыстваў. У каляфілямацкія студэнцкія гурткі ўваходзіла больш за 200 чалавек. Арганізацыя мела філіі на землях былога Вялікага Княства Літоўскага.\

«Філяматы» перакладаецца з грэцкай мовы як «аматары навук». Сёньня цяжка паверыць, але сябры тайнае таварыства займаліся тым, што дадаткова вучыліся. Філяматы пашыралі адукацыю сярод сялянаў. Яны арганізоўвалі лянкастэрскія школы, дзе старэйшыя вучні вучылі малодшых.

Папулярнасьць і палітызаванасьць філяматаў палохалі ўлады. У 1823 годзе пачалося сьледзтва. Дзясяткі студэнтаў былі адлічаныя з унівэрсытэту, многіх адправілі ў высылку ў глыб Расеі.

Сьлед у гісторыі:

За мяжой былыя філяматы працягвалі займацца навукай. Ян Чачот стаў адным з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры; Адам Міцкевіч — клясыкам польскай літаратуры; Ігнат Дамейка — усясьветна вядомым вучоным-геолягам, нацыянальным героем Чылі; Юзэф Кавалеўскі — заснавальнікам манголазнаўства ў Расеі, рэктарам Казанскага ўнівэрсытэту.

«Гоман». Пачалі дыскусію пра дзяржаўнасьць Беларусі

У 19 стагодзьдзі Санкт-Пецярбург быў месцам, дзе пачынаўся беларускі студэнцкі рух
У 19 стагодзьдзі Санкт-Пецярбург быў месцам, дзе пачынаўся беларускі студэнцкі рух

Што рабілі:

Пасьля паўстаньня 1831 году царскія ўлады скасавалі Віленскі ўнівэрсытэт. Пасьля паўстаньня 1863-1864 гадоў у Беларусі закрылі апошнюю вышэйшую навучальную ўстанову — Горы-Горацкую земляробчую школу. ВНУ ў краіне не засталося, а таму ўвесь студэнцкі рух быў сканцэнтраваны за мяжой — у Санкт-Пецярбургу, Кіеве, Маскве, Варшаве.

У 1882 годзе беларускія студэнты выдаюць у Расеі «Лісты пра Беларусь». Аўтар, што хаваецца пад псэўданімам «Даніла Баравік», абгрунтоўвае, чаму варта вывучаць беларускі народ і «самабытнасьць беларускай вобласьці». У 1884 годзе выйшаў часопіс «Гоман». Беларускія народнікі ці не ўпершыню заявілі пра існаваньне самастойнай беларускай нацыі, пра жаданьне беларусаў дамагчыся палітычнай незалежнасьці. Падмурак «Гоману» складала Беларуская група «Народнай волі»: Хаім-Ізраэль Ратнэр, Аляксандар Марчанка, Станіслаў Манюшка-Буйніцкі.

Сьлед у гісторыі:

Народнікі «Гоману» пачалі дыскусію пра дзяржаўнасьць Беларусі. Раней нацыянальна-вызваленчы рух арыентаваўся на аднаўленьне Вялікага Княства Літоўскага, і часьцей за ўсё як часткі Рэчы Паспалітай.

«Круг беларускай народнай прасьветы». Стварылі першую беларускую партыю

Браты Луцкевічы і Аляксандар Уласаў
Браты Луцкевічы і Аляксандар Уласаў

Што рабілі:

У 1902 годзе беларускія студэнты сацыял-дэмакраты стварылі ў Санкт-Пецярбургу «Круг беларускай прасьветы і культуры». Вацлаў Іваноўскі, браты Іван і Антон Луцкевічы, Алаіза Пашкевіч, Франук Умястоўскі, Антон Неканда-Трэпка, Фелікс Стацкевіч, Алесь Бурбіс.

У арганізацыі былі дзьве групоўкі. «Культурнікаў» цікавіла навуковае вывучэньне Беларусі, яны распрацоўвалі нацыянальнае пытаньне, выдавалі кнігі на беларускай мове. Рэвалюцыянэры імкнуліся да стварэньня беларускай партыі, хацелі атрымаць аўтаномію Беларусі ў складзе Расеі. Менавіта вакол «Круга» гуртавалася беларуская студэнцкая моладзь Пецярбургу.

Сьлед у гісторыі:

З «Круга беларускай народнай асьветы» выйшла першая беларуская партыя — Беларуская сацыялістычная грамада. БСГ выдавала палітычныя брашуры і ўлёткі. Выхадзец «Круга» Вацлаў Іваноўскі заснаваў у 1906 годзе выдавецкую суполку «Загляне сонца і ў наша ваконца». За 8 гадоў працы там выдалі 38 кніг агульным накладам больш як 100 тысяч экзэмпляраў.


«Беларускі навукова-літаратурны гурток». Выхавалі аўтараў першай беларускай граматыкі і бел-чырвона-белага сьцяга

Браніслаў Тарашкевіч - аўтар "Беларускай граматыкі для школ"
Браніслаў Тарашкевіч - аўтар "Беларускай граматыкі для школ"

Што рабілі:

У 1912 годзе ў Імпэратарскім унівэрсытэце Санкт-Пецярбургу пачаў дзейнасьць Беларускі навукова-літаратурны гурток. Гэта была моцная арганізацыя. Студэнты гуртка ўнесьлі значны ўклад у разьвіцьцё беларускай мовы, літаратуры і культуры. Яны працавалі над эканамічным разьвіцьцём Беларусі, шукалі магчымасьць спыніць эміграцыю ў Паўночную Амэрыку. Сябры гуртка потым стварылі Пецярбурскае таварыства студэнтаў-беларусаў. Яны выдалі свой часопіс «Раніца», дапамаглі паставіць «Паўлінку» ў Санкт-Пецярбургу. Гэта была другая пастаноўка славутай п’есы на сцэне.

Сьлед у гісторыі:

Актыўныя студэнты «Беларускага гуртка» потым сталі вядомымі навукоўцамі і палітыкамі. Напрыклад, студэнт Браніслаў Тарашкевіч падрыхтаваў даклады «Фанэтычная транскрыпцыя беларускіх твораў» і «Разьвіцьцё беларускай нацыянальнай ідэі». Праз восем гадоў Тарашкевіч выдасьць «Беларускую граматыку для школ». Студэнт Клаўдзі Дуж-Душэўскі працаваў над дакладам «Вывучэньне старажытных гістарычных помнікаў і ахова даўніны». Потым ён стане аўтарам бел-чырвона-белага сьцягу.


«Папараць-кветка» ў Слуцку. Дапамаглі арганізаваць Слуцкі збройны чын

Крыж у памяць пра ўдзельнікаў Слуцкага Збройнага Чыну
Крыж у памяць пра ўдзельнікаў Слуцкага Збройнага Чыну

Што рабілі:

У 1917 годзе дзякуючы навучэнцам Слуцкай агульнай земскай гімназіі Сяргею Буслу і Янку Ракуцьку ўзьнікла культурна-асьветнае таварыства «Папараць-кветка». Арганізацыя прапагандавала беларускую мову, культуру і мастацтва. Пік дзейнасьці прыпаў на 1920 год, калі ў таварыства ўваходзілі больш за 300 чалавек, яно мела філіі ў васьмі вёсках і мястэчках Случчыны. Дзякуючы «Папараць-кветцы» адкрываліся беларускія чытальні, бюро для беспрацоўных. У 1920 годзе ў Слуцку правялі беларускія настаўніцкія курсы.

Сьлед у гісторыі:

Пасьля прыходу савецкай улады ў ліпені 1920 году актывісты «Папараць-кветкі» разам зь іншымі моладзевымі арганізацыямі склалі арганізацыйную аснову Слуцкага збройнага чыну, яны былі сярод утваральнікаў 1-й Слуцкай брыгады Войска БНР.


Беларускі студэнцкі саюз. Быў цэнтрам нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі

"Белая заля" Віленскага ўнівэрсытэту
"Белая заля" Віленскага ўнівэрсытэту

Што рабілі:

Яшчэ пры станаўленьні БССР грамадзкі сэктар тут быў цалкам зьнішчаны, незалежных арганізацый, у тым ліку студэнцкіх, тут не было. У той жа час у Віленскім унівэрсытэце імя Стэфана Баторыя ў 1920 годзе пачаў дзейнасьць Беларускі студэнцкі саюз (БСС), які меў дэвіз «Айчына і навука». З асьветніцкімі лекцыямі студэнты часта выяжджалі ў рэгіёны Заходняй Беларусі. Сярод знакавых постацяў, якія прайшлі праз БСС, былі Браніслаў Туронак, Юльян Саковіч, Станіслаў Станкевіч, Ігнат Гагалінскі.

Сьлед у гісторыі:

Арганізацыя была важным цэнтрам нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі, адкуль выходзілі лідэры беларускіх нацыянальных сілаў. Вакол Беларускага студэнцкага саюзу было з паўтузіна іншых беларускіх унівэрсытэцкіх гурткоў.​


Саюз беларускіх патрыётаў. Імкнуліся стварыць самастойную беларускую дзяржаву

Што рабілі:

Увосень 1945 году навучэнцы Глыбоцкага пэдагагічнага вучылішча Васіль Мядзелец і Антон Фурс, а таксама вучань глыбоцкай школы № 1 Алесь Юршэвіч стварылі «Саюз беларускіх патрыётаў», каб супрацьстаяць русіфікацыі. Праз кансьпірацыю ўся праца ў СБП вялася ў «пяцёрках» — групах зь пяці чалавек. Асноўнымі палажэньнямі праграмы СБП былі беларуская самастойнасьць, дзяржаўнасьць беларускай мовы, бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня. Увесну 1946 году СБП аб’яднаўся з патрыятычнай моладзевай суполкай «За Беларусь» у Паставах. У лютым 1947 году пачаліся арышты сяброў арганізацыі. Былі асуджаныя больш за 40 чалавек.

Сьлед у гісторыі:

СБП быў першай спробай беларускіх студэнтаў супрацьстаяць савецкаму рэжыму ў пасьляваенны час.​


«Група Разанава». Патрабаваньне студэнтаў філфаку БДУ навучаньня па-беларуску

Што рабілі:

Самым вядомым выступам студэнтаў у БССР быў калектыўны пісьмовы зварот студэнтаў філфаку БДУ. Некалькі сотняў падпісаліся пад патрабаваньнем, каб ва ўнівэрсытэце выкладалі на беларускай мове. Зварот накіравалі ў ЦК КПБ. Ініцыятарамі былі Алесь Разанаў, Віктар Ярац і Леў Барташ. Улады расцанілі зварот як нацыяналістычны, яго ініцыятараў выключылі з унівэрсытэту. Толькі дзякуючы Максіму Танку хлопцы прадоўжыі вучобу ў абласных інстытутах.

Сьлед у гісторыі:

У савецкі час у БССР не было незалежных студэнцкіх арганізацый. «Група Разанава» была адзінай масавай студэнцкай акцыяй ва ўмовах татальнага кантролю грамадзкага жыцьця.

«Беларуская сьпеўна-драматычная майстроўня». Адраджала народныя традыцыі ў савецкія часы

"Майстроўня", 1981 год.
"Майстроўня", 1981 год.

У 1979 годзе студэнты БДУ і Беларускага тэатральна-мастацкага інстытуту стварылі «Майстроўню». Гэта першая за доўгі час незалежная моладзевая арганізацыя. «Беларуская майстроўня» адраджала народную абраднасьць і сьвяты. Сьпеўна-фальклёрную дзейнасьць арганізацыя спалучала з культурна-асьветнай і палітычнай. Яны праводзілі сходы на тэмы, матэрыялаў для якіх у той час бракавала і якія часта не былі дазволеныя («Вітаўт Вялікі», «Іван Луцкевіч», «Беларуская Народная Рэспубліка»). У «Майстроўні» пашыраліся самвыдавецкія часопісы («Люстра Дзён») і копіі беларускіх несавецкіх выданьняў. У 1984 годзе «Майстроўня» правяла першую акцыю вулічнага пратэсту ў абарону нацыянальных каштоўнасьцяў — супраць зносу дому першай беларускай опэры ў Менску. Каля вытокаў «Майстроўні» былі вядомыя навукоўцы, палітыкі, творцы, журналісты, у тым ліку Вінцук і Арына Вячоркі, Сяргей Дубавец, Сяржук Сокалаў-Воюш, Ларыса Сімаковіч, Віктар Івашкевіч, Зьміцер Саўка.

Сьлед у гісторыі:

Пры «Майстроўні» пэўны час працавала Таварыства беларускай школы, якое агітавала за стварэньне беларускамоўных дзіцячых садкоў і школаў. Калі «Майстроўню» пазбавілі магчымасьці дзейнічаць, яе актывісты ў 1985 годзе стварылі «Талаку». Пераняўшы традыцыі «Майстроўні», «Талака» займалася таксама абаронай помнікаў гісторыі, ладзіла акцыі пратэсту (воднае ралі разам з латышамі супраць ГЭС на Дзьвіне, мітынг у абарону Верхняга гораду). Менавіта на аснове «Талакі», якая разраслася да тысячных памераў, сфармаваліся Канфэдэрацыя беларускіх (моладзевых) суполак (1987) і пазьней ЗБС.

Задзіночаньне беларускіх студэнтаў

Што рабілі:

Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў (ЗБС) стваралася http://zbsunion. by/history як антыкамуністычная моладзевая арганізацыя ў канцы 1980-х. ЗБС ладзіла кампаніі супраць абавязковага вывучэньня гісторыі камуністычнай партыі. У 1990-я гады ЗБС была ўплывовай арганізацыяй. Яна правяла канфэрэнцыю «Нацыянальная вышэйшая адукацыя ў Беларусі», выдавала слоўнікі і мэтадалягічную літаратуру для мэдыцынскага інстытуту, музычныя альбомы беларускіх гуртоў і бардаў. Пасьля забароны арганізацыі ў 2001 годзе працягвала дзейнічаць нелегальна. Была адноўленая ў 2016 годзе.

Сьлед у гісторыі:

ЗБС застаецца самай масавай і ўплывовай студэнцкай арганізацыяй у найноўшай гісторыі Беларусі. З ЗБС выйшлі адзін з заснавальнікаў Студэнцкага этнаграфічнага таварыства Аляксей Глушко, кандыдат у прэзыдэнты ў 2010 годзе Алесь Міхалевіч, экспэрт па бізнэс-адміністраваньні і дзяржаўным кіраваньні Крысьціна Вітушка, ілюстратарка Воля Кузьміч.

*Пры падрыхтоўцы матэрыялу выкарыстаная кнігі Ўладзімера Ляхоўскага «Ад гоманаўцаў да гайсакоў. Чыннасьць беларускіх моладзёвых арганізацый у 2-й палове ХІХ ст. — 1-й палове ХХ ст. (да 1939 г.)» і «Дэмакратычная апазыцыя Беларусі: 1956-1991. Пэрсанажы і кантэкст» Архіву найноўшай гісторыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG